25 снежня, серада. Сямейная ялінка

Нарэшце тата ўцягнуў у кватэру агромністую, пухнатую ялінку, якая зухавата павыстаўляла колкія галінкі ў бакі. Гектар залівіста забрахаў на незразумелы зялёны аб'ект, які палічыў захопнікам ягоных законных уладанняў. Ён нават наважыўся кінуцца на ворага, але пакалоў іголкамі маленькі чорны нос і, абурана буркочучы, рэціраваўся ў кухню. І адтуль, седзячы ў бабулі на тэпцях, назіраў, як мы з татам ладзім ялінку да падстаўкі.

— Гантэлі давай, — загадаў тата, і я кінулася выцягваць іх з­пад канапы, каб умацаваць нашу канструкцыю.

— Яна ў вас крыху налева нахіляецца, — прайшла міма са святочным посудам у руках матуля.

— Ды нармальна, — падміргнулі мы з татам адно аднаму і трохі пасунулі ялінку да шафы — так, на ўсялякі выпадак.

Тата скокнуў на крэсла, каб абрэзаць верхавінку, што падпірала столь, а я пачала распакоўваць мішуру і цацкі.

— З лямпачак? — па­змоніцку пытаецца тата.

— З лямпачак! — рапартую я, і мы пачынаем аперацыю па ўпрыгожванні.

— Праз дваццаць хвілін баба Шура прыйдзе, а ў мяне нічога не гатова! — зноўку пачуўся матульчын голас.

— Кідай усё і прыходзь да нас упрыгожваць! — клічам мы яе.

— Ага, кідайце ўсё і прыходзьце да мяне гатаваць! — перадражнівае нас мама.

— Дайце я таксама штосьці павешу, — далучылася да нас бабуля. — А то праўда, зараз баба Шура прыйдзе, а вы толькі пачалі.

Выхопліваючы з­пад носа ў таты з бабуляй самыя прыгожыя цацкі, я шпарка рухаюся паміж ялінкай і кардоннымі скрынкамі.

— Ну куды ты іх у самы глыб вешаеш?— дакарае бабуля і перавешвае за мной амаль кожны шарык.

— Так, Пятроўна, не парушайце святочны працэс! Няхай вешае, як хоча, — абараняе мяне тата.

Раптам зазвінеў дамафон. Мы ледзь не павыпускалі з рук цацкі. Гектар зноўку забрахаў. Бабуля пабегла адчыняць, а я і тата пачалі спехам накручваць на ялінку мішуру.

— Ну што ў вас? Ой, якія малайцы, прыгожа як! — ухваліла нас матуля, раптам з'явіўшыся ў гасцёўні. — А ваду вы налілі?

— Добры дзе­е­ень! — працягла павіталася, зазіраючы да нас, баба Шура. — О­о, якая ў вас ялінка…

Мы ўрачыста паглядзелі на яе, поўныя гонару за зробленую справу. Баба Шура падышла да ялінкі бліжэй і прынюхалася.

— Прыгожая. Толькі катамі смярдзіць, — пастанавіла яна і паважна прайшла да святочнага стала.

 

26 снежня, чацвер. Самотная ялінка

Зноў кідаецца па снезе са сваім брахасцікам.

Брахасцікам­-блыхасцікам.

Як можна ўвесь час мець такі аптымістычны выгляд?

Хаця, не дзіва: учора ж цягнулі дамоў ялінку. Святочны настрой, усё такое.

А ў яго дома няма ялінкі. І ўвогуле ў кватэры паўпуста. Дый ён адзін. Учорашняе свята ў ягонай сям'і не адзначаюць, а на Новы год нават да бацькоў не падасіся: яны едуць у рамантычную вандроўку ў цёплую краіну. Без яго. Бо якая яна будзе рамантычная, калі яны возьмуць свайго недарэчнага пераростка.

Хаця чаму недарэчнага? У прынцыпе, даволі­такі дарэчнага. Толькі незразумела, дзе і з кім святкаваць, што святкаваць, ды ці святкаваць увогуле…

Трэба адыходзіць ад акна і брацца за праект. На самой справе, яго ўжо даўно трэ было скончыць…

Немагчыма працаваць у такіх умовах. Ва ўсіх пачаліся святы, а ў яго дома пуста і змрочна.

У пакоі двое: ён і штатыў.

Вось з ім ён і будзе сустракаць Новы год…

Стоп.

Штатыў?

Дзесьці ў яго валяліся рознакаляровыя вялізныя аркушы. Ці ёсць там зялёны? Ёсць! Закруціць конусам вакол штатыва, заляпіць знутры скотчам — шыкоўна!

Не хапае цацак. Востра не хапае цацак. Дзе ўзяць цацкі? У краме… Паўгадзіны на метро туды­-назад. Паўгадзіны, каб выбраць… Нармальна.

Карацей, праект пачакае…

У цэнтры ўсё такое святочнае, людзі ўзрушаныя, радуюцца. Калі паспелі ўбраць горад? Ці гэта ён проста не зважаў? Трэба часцей азірацца па баках, а не сабе пад ногі ўглядацца.

Так, цацкі: белыя ці чырвоныя? Дзяўчына перад ім паспела забраць апошнія чырвоныя. Ну і халера на іх, возьме белыя.

О, а яны ўвогуле не белыя, а нейкія серабрыстыя.

А можа ўзяць яшчэ і лямпачкі? Адназначна!

Пакуль вярнуўся дамоў, на вуліцы сцямнела. Запаліў у хаце святло, папрыклейваў шарыкі і зорачкі да зялёнай паперы, накруціў лямпачкі, уключыў. Усё ззяе, пераліваецца. Прыгожа.

А калі выключыць верхняе святло? Яшчэ прыгажэй.

Атрымалася нават неяк па­-дызайнерску. Проста­-такі арт­-аб'ект. Глядзіце, зайздросце! Сфоткаць і ў Кантакт.

Цяпер і яго вокны прыемна зіхцяць у прыцемку.

А зараз можна і за праект.

Не, спачатку пад'есці.

27 снежня, пятніца. Сюрпрыз­-ялінка

«Ну, вось. Уладзік прыйдзе — а ў нас дома ўжо свята», — заўсміхалася сама сабе Каця, папраўляючы на маленечкай туйцы, якую яны разам куплялі, калі засяліліся ў гэтую кватэру, чырвоны банцік, што замяняў традыцыйную зорку. Не дарма яна ўчора пасля працы заскочыла ў ЦУМ па цацкі. Паспела забраць апошні чырвоны набор. А то гэтыя серабрыстыя былі нейкія халодныя, няўтульныя. Няхай яны застаюцца змрочным недарэкам, кшталту таго, што цэліў перахапіць яе здабычу… А чырвоненькія выглядаюць па­хатняму. І да банціка выдатна пасуюць.

«Нашая першая ялінка», — летуценна падумала Каця і нават засмяялася: якім ружова­-салодкім глупствам, пэўна, выглядаюць яе намаганні збоку. Ну, а што, і ружова­-салодкаму глупству ў побыце адведзенае важнае месца ў жыцці!

Добра, што сёння яна прыйшла крыху раней за Уладзіка і ўсё паспела. Хочацца ж сюрпрыз зрабіць. Насамрэч, яны дамовіліся, што не будуць ставіць ялінку. Дакладней, у яе дома ставілі кожны год, а Уладзік сказаў: «Ніякіх леташніх іголак у тэпцях». І праўда, няхай у іх дома ўсё будзе функцыянальна, па­сучаснаму. Але крышачку свята не перашкодзіць.

Каця схапіла туйку-­ялінку і, пратанчыўшы да кухні, паставіла яе на стол.

Утульненька. А зараз можна і за вячэру. Яна паставіла ваду на макароны і спрытна ўзялася за запраўку. Трэба і тут прыдумаць штосьці цікавае, надаць звычайнай страве трохі святочнасці. Пачараваўшы з прыправамі, яна пакаштавала, засталася цалкам задаволеная і праверыла гадзіннік — нешта Уладзік затрымліваецца.

Каця пачакала дзесяць хвілін. І яшчэ дзесяць хвілін. І, робячы зніжку на ўсялякі выпадак, яшчэ дзесяць. «Ну што такое, ужо даўно час закідваць макароны, а ён дзесьці бадзяецца»,— з рамантычнага плюшавага зайкі Каця пачала ператварацца ў злоснага шаблязубага зайца. Яна схапіла тэлефон і набрала Уладзікаў нумар.

— Ну, ты дзе? — патрабавальна спытала Каця, калі Уладзік узяў слухаўку.

— Хутка буду, — сцісла адказаў ён, чамусьці крэкчучы.

— Ты давай хутчэй, а то ў мяне запраўка стыне, — паскардзілася Каця.

— Ага, — зноўку крактануў Уладзік і адключыўся.

— «Ага» і ўсё?! — абурылася Каця на згаслы дысплэй.

«Што ён там робіць? — падазрона падумала яна. — І дзе ён ўвогуле?!» Каця выключыла канфорку пад рондалем. Шаблязубы заяц унутры яе пачаў выказваць розныя непрыемныя здагадкі. Прайшло яшчэ хвілін дваццаць, запраўка састыла канчаткова і, калі Каця ўжо збіралася зноўку тэлефанаваць Уладзіку, пазванілі ў дзверы.

— Ну, толькі зайдзі, — бурчала Каця, намагаючыся ключом зрабіць балюча замку.

Яна рэзкім рухам расчыніла дзверы і ажно ўскрыкнула ад нечаканасці.

На парозе стаяла бамбізная елка з рэдкімі маркотнымі галінамі, прыпарошанымі сняжком, а з­-за яе хітравата блішчэлі Уладзікавы вочы.

 

28 снежня, субота. Лёсавызначальная ялінка

Тані было моташна. А пасля жыццярадасных расповедаў Кацькі ў скайпе пра яе Уладзіка і дзве неда­ялінкі — асабліва.

Сёння выхадны. Каляды прайшлі няўдала, праз тры дні Новы год. У Тані ўжо пяць месяцаў і два з паловай тыдні як разбітае сэрца і ніякага шчасця ў жыцці. На вуліцы снег, але і ад яго радасці няма.

Не хочацца брацца за працу, якую яна не паспела зрабіць за мінулыя дні. Для гэтага трэба ўключаць камп'ютар, а там пільнуе Каця са сваімі размовамі.

Не ведаючы, як быць і адкуль узяць добры настрой, Таня вырашыла заплесці касу. Тоўстая русая каса яе не раздражняла, а нават нагадвала пра ўласную вартасць. Але каму гэтая вартасць патрэбная? Таня цяжка ўздыхнула.

Раптам забомкаў тэлефон. Цёця.

— Танюшык, прывітанкі! Слухай, тут нешта Патрыку блага, баюся яго аднаго пакідаць, не збегаеш да аптэкі?

— Так, збегаю, — задушаным голасам пагадзілася Таня, тым больш што бегчы было цераз дарогу і назад — цёця жыла ў суседнім пад'ездзе.

— А ты што без настрою?

— Ды не, цёця, табе падалося.

Таня купіла лекі для Патрыка, што заўжды маяўся жыватом, хоць гэтыненажэра і не надта ёй падабаўся. Выйшаўшы з цётчынага пад'езда, яна вырашыла прайсціся да Батанічнага саду, бо вяртацца ў агідную кватэру ёй зусім не хацелася.

Яна падышла да будачкі, каб набыць квіток. Кабеціна, што сядзела ўнутры, зірнула на яе бы на вар'ятку, а потым махнула рукой, прапускаючы Таню без квітка.

Яна бадзялася без мэты па самотных алейках, пакуль раптам не выйшла да вялізных блакітных елак. Тут Таня прыгадала, што яшчэ не паставіла ялінку. Яна зладзеявата азірнулася па баках, падцягнула шалік да самых вачэй, і пайшла да елак. Ухапілася за самую пульхную галінку і рашуча трэснула ёй.

— Ага! Хапай злачынца!— пачула яна вясёлыя маладыя галасы.

З ніадкуль выраслі два расчырванелыя міліцыянеры, падхапілі Таню пад пахі і павалаклі ў пастарунак. Там яны адабралі ў яе яловую галінку, назваўшы доказам злачынства, і пасадзілі дзяўчыну за краты, пакінуўшы яе ў паўнюткай цемры адну.

Таня ціха заплакала. Што ні рабі, нічога добрага не выходзіць. Зрабілася горача, і яна зняла куртку і шалік з шапкай, паклаўшы іх на лаву побач. Зноўку пачуліся галасы, мабыць хтосьці ішоў па яе?

— А чаго вы гірлянду не ўключаеце? — паміж кратаў яна ўбачыла, як малады высокі хлопец у міліцэйскай форме ўторкнуў у разетку шнур і на яго стале замігцела рознакаляровымі агеньчыкамі маленькая штучная ялінка.

— Дык а чаго дарма святло паліць, таварыш лейтэнант! — развёў рукамі дзяжурны. — Тут цётку злавілі, блакітныя яліны ў Батанічным псавала…

— Гэта я цётка?! — ледзяным тонам усклікнула Таня, склаўшы рукі на грудзях.

Таварыш лейтэнант павярнуўся на яе голас і ажно замёр. З­за кратаў на яго паглядала нясцерпна прыгожае вірлавокае Дзіва з доўгай касой, што залацілася на белым швэдры. Ён падышоў бліжэй і, узяўшыся за пруты, разгублена прамармытаў, расплываючыся ў дураслівай усмешцы:

— Снягурка. Сапраўдная.

Тані ён таксама падаўся даволі сімпатычным.

 

29 снежня, нядзеля. Суседская ялінка

— З надыходзячым, Адэлаіда Эдуардаўна! — суседскія хлопцы, якія неяк нечакана з дашкалятаў ператварыліся ў студэнтаў, цягнулі па лесвіцы ялінку.— Вы ўжо паставілі сваю?

— Ды навошта нам з Патрыкам?— сумна ўсміхнулася Адэлаіда Эдуардаўна. — Мы і так адсвяткуем.

— Як гэта навошта? — бадзёра выйшаў на лесвічную клетку яе сусед, майстар слясарных справаў Сцяпанавіч. — Свята ж хутка. Добры дзень, дарэчы.

— Добры. А вы паставілі?

— Ну, тут так выйшла, што мае ажно дзве выпадкова набылі. Я да іх учора якраз ездзіў, дык адну аддалі, я дадому і прывалок, — пачаў распавядаць рады суразмоўцу Сцяпанавіч. — Зараз вось не ведаю, чым упрыгожваць: цацкі ж усе аддаў сваім на новую кватэру.

— Святкаваць, пэўна, таксама да дзяцей паедзеце? — дзеля ветлівасці спытала Адэлаіда Эдуардаўна, зачыняючы века смеццеправода.

— Ой, не, — адмахнуўся сусед. — Я ўчора падаруначкі ўсе падарыў, з унукамі нагуляўся, цяпер ужо толькі ў наступным годзе паеду… Яны там плануюць гасцей, цэлая праграма ў іх там, а я стараваты для такіх спраў. Таму дома буду адзначаць. А вы як?

— І я дома, будзем з Патрыкам святкаваць удваіх, — накіравалася да сваіх дзвярэй Адэлаіда Эдуардаўна.

— І што, без ялінкі?

— Відаць, без, — гаротна ўздыхнула суседка, топчучыся на парозе. — Ну, добра, з надыходзячым вас!

Яна зачыніла дзверы і яшчэ раз уздыхнула. Навошта рэціравалася? Запрасіла б суседа на гарбату, тым больш што чалавек прыемны, хоць і звычайны майстар. Ой, вось спрадвечная гэтая фанабэрыстасць музычнага работніка, праз якую і засталася адна. Самой агідна. А ў яго затое ялінка на свята будзе.

Дарэчы, дзесьці ў яе заставаліся цацкі. Адэлаіда Эдуардаўна рашуча ўзяла крэсла і палезла ў антрасолі. Праўда, ёсць. Яна здзьмула са скрыні пыл. А ці варта? Яна трохі павагалася, але, сустрэўшы ў люстэрку ўласны позірк, сама сабе кіўнула і павярнулася да дзвярэй. Не паспела ўзяцца за ручку, як хтосьці пазваніў.

— Хто? — строга спытала Адэлаіда Эдуардаўна.

— Хм­гм, сусед ваш, — нясмела адказаў з­за дзвярэй Сцяпанавіч.

Яна адчыніла. Сцяпанавіч, у касцюме і пры гальштуку, трымаў у руках вядро з ялінкай.

— Я тут падумаў, няхай яна лепей у вас будзе, тым больш што…— сусед збянтэжана апусціў вочы долу і неяк па­хлапечы паружавеў.

— А я якраз збіралася вам цацкі прынесці! Праходзьце, праходзьце хутчэй! — узрадавана залапатала Адэлаіда Эдуардаўна. — Стаўце ялінку ў гасцёўні, а я зараз чайнік пастаўлю…

Сцяпанавіч паставіў ялінку каля фартэпіяна і сціпла прысеў на краёчак канапы, на якой па­гаспадарску разваліўся тоўсты шэры кот. Той адразу страпянуўся і наставіў на госця драпежныя жоўтыя вочы.

— Вось і я, — праспявала Адэлаіда Эдуардаўна, з'явіўшыся ў пакоі з падносікам у руках.

Расставіўшы перад Сцяпанавічам на маленечкім нізенькім століку пачастунак, яна падскочыла да ялінкі і адразу ж з ахканнем павярнулася да канапы.

— Ну, мярзотная ты жывёла! Калі паспеў?

Сцяпанавіч ледзь не вывярнуў на сябе гарачую гарбату.

— Гэта я не вам, — лагодна звярнулася да яго гаспадыня. — Гэта Патрык, падлюка, ялінку памеціў.

— А­а­а, — засмяяўся Сцяпанавіч. — Не, гэта не ён. Гэта зараз сорт ялінак такі. Аляксандра Іванаўна з трэцяга паверха ўсім распавядае, што яе дзеці такую паставілі. Бы катамі трохі пасмёрдывае. Выбачайце, што такая, — сусед раптам сумеўся і адставіў кубак.

— Калі б не вы, дык я б ніякай не мела, — пяшчотна паглядзела на яго Адэлаіда Эдуардаўна, дзівячыся, чаму яна раней не здагадалася запрасіць яго на гарбату.

30 снежня, панядзелак. Карпаратыўная ялінка

У гэты сонечны перадапошні дзень старога года праца ў іх офісе ішла жвава. Дзяўчаты ўзброіліся нажніцамі (хто звычайнымі для паперы, хто манікюрнымі) і выразалі з вялікіх аркушаў рознакаляровай паперы мініяцюрныя ялінкі.

— А чаму менавіта ялінкі? Мы ў школе сняжынкі выразалі,— сказала адна з супрацоўніц.

— Ну, ён сказаў, што ў нас будуць ялінкі, — адказала другая.

— Хм, дзівак, — паціснула плячыма трэцяя.

— У мяне ўжо пальцы баляць, — кінула нажніцы чацвёртая і адхіснулася на спінку стула.

— А адкуль узялася гэтая ідэя?— вырашыла ўдакладніць першая.

— Ай, — закаціла вочы другая. — Казаў, што ў яго сябар таксама неяк з паперы ялінку зрабіў. Той паказаў яму фотку, ну а нашаму дурненькаму спадабалася. Вось мы зараз будзем гэтак жа…

— А навошта тады шарыкі і лямпачкі? — спытала трэцяя дзяўчына.

— Каб я ведала, — пакруціла галавою другая.

— Што тут здзіўляцца? Узялі студэнта на падпрацоўку, — шматзначна кінула чацвёртая.

— Затое грошай шмат не просіць, — вызірнула з­за кампутара намесніца дырэктара, якая таксама была занятая вельмі адказнай справай: перапісвалася з шэфам, што па сумяшчальніцтве быў яе мужам і рабіў закупы на заўтра.

— Ну, нарэзалі мы гэтых ялінак, а цяпер што? — зноў спытала адна з дзяўчат.

— Давайце стэплерам сшыем і паразвешваем, — прапанавала другая.

— Так, давайце, — пагадзіліся астатнія і ўзяліся за новы этап работы.

— Дык а лямпачкі з шарыкамі?

— Лямпачкі на акно павесім, а шарыкі я дамоў забяру, — адгукнулася намесніца.

— Ну, вечна ўсё сабе цягне,— прашаптала адна дзяўчына другой. — Я б, мабыць, таксама забрала б.

— Угу, і я, — кіўнула тая.

— Вось таму іх і забяру я, бо вас чацвёра і вы не дамовіцеся, — не адрываючыся ад манітора, павучальна прамовіла намесніца.

— Хэлоў!— уваліўся ў офіс задаволены сабой студэнт­праграміст, якога яны дагэтуль абмяркоўвалі. — Дамы, купіў торцік і не толькі, як і загадвалі!

Ён зухавата скінуў куртку і паставіў трафеі на бліжэйшы стол.

— А чаго лямпачкі на акно павесілі? — пацікавіўся ён.

— Ну, а куды іх? — павярнуліся да яго дзяўчаты, кожная з дзясяткам крывых папяровых ялінак у руках.

— Бляха­муха! — выбухнуў ён. — Вы навошта паперу пашасталі?

— Ну, ты ж казаў, ялінкі будзем рабіць! — абурэннем на абурэнне адказалі дзяўчаты.

— У­у… — прагудзеў хлопец, не наважыўшыся ахарактаразаваць супрацоўніц пэўным тэрмінам.

Ён сарваў з акна лямпачкі і, падхапіўшы пад паху скрынку з шарыкамі, рушыў прэч з офіса. Дзяўчаты моўчкі стаялі, пазіраючы на дзверы, за якімі ён знік. Нават намесніца дырэктара ўзняла галаву. Праз некалькі імгненняў студэнт вярнуўся. Дзяўчаты заўсміхаліся яму, але ён толькі хмыкнуў, забраў шампанскае з тортам і сыйшоў канчаткова.

 

31 снежня, аўторак. Сяброўская ялінка

— Так, дзяўчаты на кухню, Макс за сервіроўку стала, ты, Моця, у нас спец па ялінках — таму давай, наперад. А я трохі пасяджу, мне ўчора на працы стрэсу хапіла, — Віталь паваліўся ў фатэль і схапіўся за гітару. — Такія дурніцы, вы не ўяўляеце…

— За тры дні ў вас, зразумела, не знайшлося часу ялінку ўпрыгожыць, — нават не зварухнуўся з месца Мацей, што стаяў, прытуліўшыся плячом да вушака.

— Не, — сур'ёзным тонам адказаў Віталь і, заплюшчыўшы вочы, узяўся бязладна рваць струны.

— Дай сюды, — кінуў на стол сурвэткі Макс і, выхапіўшы ў брата гітару, пачаў граць тое самае.

— Ялінка! — кінуў у паветра Віталь, соладка выцягваючыся ў фатэлі.

Мацей цокнуў языком і марудна паплёўся да растапыранага дрэва.

— А паставіць яе побач з разеткай нельга было.

— Слухай, ну, што ты ўвесь час бурчыш? Вазьмі падаўжальнік.

— Ну, дык дай падаўжальнік.

Віталь раздражнёна храпануў.

— Братачка! — клікнуў ён і, трохі пачакаўшы, сказаў:— Да дзяўчат схаваўся на кухні і не адгукаецца, халера. Калі паспеў? Зараз прынясу.

Віталь вярнуўся з суседняга пакоя і згрузіў усё на падлогу каля ялінкі:

— На табе падаўжальнік, і дадатковыя лямпачкі на, і яшчэ спец­прыз выключна для цябе: Дзеда Мароза трымай.

— Угу.

— Вось заўжды, стараешся­намагаешся, а табе ў падзяку «угу»,— паскардзіўся Віталь ватоваму дзеду і, пачуўшы, як звініць дамафон, падхапіўся: — О, апошняя мая Надзея йдзе.

Мяркуючы па тлуме ў вітальні, «надзея» прыйшла не адна, а з дзясяткам таварышаў.

— Ну­с, што вы прынеслі да святочнага стала, шаноўная? — жартаўліва­ўрачыста спытаў Віталь.

— Ха! Цэлы пакунак! — дзёрзка адказала шаноўная. — А ў вас там такія пенсіянеры смешныя з коцікам на павадку па двары шпацыруюць…

— У каго там цэлы пакунак? З пакункамі сюды! — з кухні закамандавалі дзяўчаты.

— Ну, а дзе ваш Кот Мацей? Будзе?— запыталася Надзейка, распакоўваючы клункі.

— У гасцёўні з ялінкай корпаецца,— адказаў Макс, жуючы адзін бутэрброд і трымаючы ў руцэ другі.

— Не хапаць з талерак нічога! — закрычалі дзяўчаты.

— Ідзі знаёмся, ён добры, — сказаў Віталь, падштурхоўваючы Надзейку ў плечы.

Тая і з цікаўнасцю, і з неахвотай пацягнулася ў змрочную гасцёўню, поўную рознакаляровых ценяў ад уключанай гірлянды. Каля ялінкі нехта рухаўся.

— Прывітанне! Любіш упрыгожваць ялінкі?

Мацей пачаў лавіць па ялінцы нятрапна павешаны шарык. Выратаваўшы цацку, ён запытальна паглядзеў на дзяўчыну.

— Надзея! — зрабіла яшчэ адну спробу пазнаёміцца яна.

— У якім сэнсе? — спытаў Мацей.

— Імя, — патлумачыла Надзейка.— Мяне так клічуць.

— А­а, — кіўнуў ён і, павесіўшы яшчэ адну цацку, дадаў: — Я цябе ведаю.

— Гэта не дзіўна, я цябе таксама ведаю. Завочна.

— Чаму завочна? Гэта ж у цябе такі брахасты мізэрны сабака?

— Чаго гэта ён мізэрны? — пакрыўдзілася Надзейка.

— Ну, не вялізны ж ён,— парыраваў Мацей. — І яшчэ вы дваццаць пятага ялінку ставілі.

— Адкуль ведаеш? — напружылася Надзейка.

— Я жыву ў доме насупраць.

— Ты што, сочыш за мною?

Нават у прыцемку было бачна, як Мацей пакутліва запунсавеў.

— Ды не, — сарамліва прамовіў ён. — У мяне стол каля акна стаіць, хочаш­не хочаш, а ўбачыш. Я адзін жыву, нудна, а вы так весяліліся, ажно зайздрасць узяла.

— Дык ты што, адзін? Зусім? — зазірнула яму ў твар Надзейка.

Мацей паціснуў плячыма і вырашыў, што нарэшце можна ўсміхнуцца.

— Давай дапамагу, — Надзейка падышла да ялінкі і таксама пачала развешваць цацкі. — Вось жа, трэба было ехаць праз увесь горад, каб пазнаёміцца з хлопцам са свайго двара. Проста нейкая калядна­навагодняя гісторыя!

***

Ксенія Шталянкова. Нар. у 1992 у Мінску. У 2012 г. надрукаваны яе першы раман «Адваротны бок люстра», напісаны ў 16 год. Дыпламантка прэміі «Літаратурны дэбют-2012» імя Максіма Багдановіча, фіналістка конкурсу маладых літаратараў «Экслібрыс» імя Янкі Маўра. Вучыцца ў ЕГУ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру