У гэтым аповедзе мне нічога і прыдумляць не трэба. Усё так і было.

Цёмнай марознай раніцай я з цяжкасцю ўлезла ў свой аўтобус №9.

У нас на працы такая завядзёнка — апошні дзень года трэба праводзіць як след. У ладным пакеце я валакла кантэйнеры з салатамі (так, так, з аліўе і селядцом пад «футрам»!), а яшчэ зверху, у празрыстай скрынцы, чакаў свайго трыумфу торт «Графскія руіны».

Ну во! Ледзь-ледзь выбралася з аўтобуса ля метро. Уздыхнула на поўныя грудзі — і…

Жах! Пакет у руцэ быў, а маёй дарагой, маёй каханай жаночай сумачкі — не было! Відаць, слізганула ўніз з рукі

(на руках жа тоўстыя футравыя рукавіцы!). Я стаяла засмучаная, развітваючыся з мілай сумачкай і ўсім яе каштоўным змесцівам. Але нядоўга. Кінулася да абочыны, замахала штосілы рукой. Прытармазіў легкавік.

— Злодзей тваю сумку даўно абчысціў і выкінуў, — сказаў малады кіроўца легкавушкі, і ўсё ж пачаў гонку за аўтобусам.

Мы дагналі яго на наступным прыпынку.

— Сумачку не знаходзілі?.. Колеру кавы з малаком… — кінулася я да кіроўцы.

— Твая?

— Мая!

— Пасажыры перадалі.

Я доўга махала аўтобусу і легкавушцы на развітанне.

На працы павохалi над маім здарэннем. Добра пасядзелі за святочным сталом і разышліся, каб сустрэцца ўжо ў новым, дай Бог, шчаслівейшым годзе.

І вось вяртаюся дамоў. Настрой — пераднавагодні. Раптам чорны безаблічны натоўп распаўся на людзей.

Я ўбачыла сімпатычную дзяўчыну і хлопца, якія стаяць абдымаюцца, каб зручней было чытаць пухлы канспект. Канец года — у студэнтаў час залікаў.

Маладая мама ледзь трымае цікаўнага малога за руку. На ёлку вязуць — Дзеда Мароза абяцалі.

Бабулька асцярожна ступае па ледзяной сцежцы…

А вось у вестыбюлі метро маленькі хлопчык, на ўсе вочы вывучае рэкламнае дзіва. Хлапчук чамусьці у дзяўчынчыных ботах — ружовых, з махрамі, дый на пару памераў большых. Яўна з вёскі прыехаў, у Мінску так, здаецца, ужо не носяць. Але чаму адзін?

…Цягнік метро падышоў да платформы. Што ж мяне спыніла? Міма прабеглі дзве дзяўчынкі, трымаючыся за рукі. І раптам — рэзка павярнуліся і сталі прабірацца праз натоўп назад. У старэйшай, гадоў дванаццаці — твар спалоханы, а малодшая — заліваецца слязьмі. Потым кінуліся ў бок пераходу. Я дагнала іх.

— Што здарылася?

— Янку згубілі, браціка…

— Стойце тут. Я прывяду вашага брата.

Бягом узляцела па эскалатары.

Хлопчык ужо не глядзеў на рэкламу. Ён азіраўся вакол і вочы яго патроху наліваліся слязьмі.

— Янка? Я завяду цябе да сястрычак. Адкуль прыехалі?

— З Вязынкі.

Як хутка высыхаюць у дзяцей слёзы!

Малодшая сястрычка абняла браціка, а старэйшая дала поўху. Што ж, выхоўвае брата… Да платформы падыходзіў цягнік…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?