У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 26 снежня старшыня праўлення ААТ «Банк БелЗЭБ» Павел Калаур і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша падпісалі ў друк першы том поўнага збору кніг Францыска Скарыны.

Гэта цырымонія азнаменавала пачатак агульнанацыянальнага праекта па падрыхтоўцы і выпуску першага факсімільнага выдання поўнага збору кніг беларускага і ўсходнееўрапейскага першадрукара. Праект прымеркаваны да 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам першай кнігі для ўсходніх славян, якое будзе адзначацца 6 жніўня 2017 года.

Ініцыятарамі і асноўнымі выканаўцамі праекта сталі ААТ «Банк БелЗЭБ», якое, будучы сацыяльна адказнай установай, зацікаўлена ў падтрымцы развіцця нацыянальнай культуры, і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, што з'яўляецца галоўнай навуковай установай у галіне захавання, вывучэння і папулярызацыі кніжнай спадчыны краіны.

Усе работы выконваюцца ў рамках рэалізацыі дзяржпраграмы «Культура Беларусі» на 2011-2015 гады. 

Рэалізацыя праекта разлічана на пяць гадоў (2013-2017 гады) зыходзячы з аб'ёму работ па атрыманні лічбавых копій арыгінальных выданняў Францыска Скарыны, падрыхтоўцы і друку факсімільных выданняў, навуковым суправаджэнні.

За гэты перыяд плануецца выпусціць факсімільнае выданне 25 кніг у 20 тамах, надрукаваных Скарынам у Празе і Вільні. Аснову складуць электронныя копіі захаваных кніг першадрукара, што знаходзяцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін. Факсімільнае выданне з максімальнай паўнатой занатуе кнігі Францыска Скарыны. У іх будуць захаваны структура, змест, асаблівасці шрыфтоў і гравюр арыгінальных выданняў, перададзены ўсе штрыхі, набытыя на працягу 500-гадовага існавання.

У год плануецца выпускаць ад 2 да 5-7 кніг накладам кожная 1 тыс. экзэмпляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?