Мінская міліцыя адшуквае пацярпелых ад дзеянняў махляра, які ашукваў пенсіянераў, што гандлявалі прадуктамі.

60-гадовы махляр аплачваў набытыя ў пенсіянераў прадукты расійскімі грашыма вартасцю 5.000 рублёў узору 1992 года, якія ўжо выйшлі з абарачэння. Пры гэтым аферыст патрабаваў з прадаўцоў здачу, тлумачачы, што пры абмене расійскіх рублёў на беларускія ў банку яны атрымаюць больш грошай, чым каштуюць іх тавары.

Пры знаёмстве са сваімі ахвярамі мужчына расказваў, што прыехаў у Мінск з будаўнічай брыгадай, у якой з'яўляецца адказным за харчаванне. Спасылаючыся на недахоп часу, даведваўся ў патэнцыйнага прадаўца хатні адрас і вечарам прыязджаў за вялікім аб'ёмам прадуктаў, разлічваючыся за іх расійскімі сапраўднымі, але нядзейснымі грашовымі знакамі. Каб прадавец пераканаўся ў сапраўднасці банкноты, зламыснік дэманстраваў купюру на святло.

Як атрымалася ўстанавіць, раней мужчына ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за махлярства. У супрацоўнікаў праваахоўных органаў ёсць падставы лічыць, што вядома не пра ўсе аферы затрыманага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?