Дзяўчынка выйшла з дому, спусцілася з заснежанага пагорка, падышла да ракі.

Левы берага быў вышэйшы за правы… Пэўна, раней — у далёкія часы — рака была большая, і той пагорак, па якім ішла дзяўчынка, быў дном ракі. А дом, у якім жыла дзяўчынка, месціўся ў былым рэчышчы ракі.

Свяціла сонейка. Снег на пагорку блішчэў, зіхацеў, але дзяўчынку вабіў зялёны лёд і тое, што пад ільдом.

Праз зялёны лёд, які здаваўся празрыстым, яна спрабавала разгледзець жыццё ў вадзе — рыб і водарасці, але нічога не бачыла, толькі адчувала плынь пад лёдам.

Лёд без снегу, і тонкі, бо недалёка з трубы выцякала гарачая вада. Адкуль яна цякла — ніхто не ведаў. Санстанцыя рабіла спробы высветліць — па ўсіх заводах і фабрыках гораду прайшлі супрацоўнікі станцыі і непрыкметна закінулі фарбавальнікі розных колераў — чырвоныя, зялёныя, сінія, жоўтыя і нават чорныя.

Па колеры вады, якая пойдзе з трубы, хацелі даведацца — хто злівае гэта ў раку. Але вада з трубы палілася рознакаляровая —

то жоўтая, то сіняя, то малінавая, то фіялетавая. Значыць, усе карысталіся трубой.

Дзяўчынка ведала пра санстанцыю, бо там працавала яе бабуля. Дзяўчынка хадзіла разам з бабуляй па школах і дзіцячых садках, дзе бабуля адмысловым апаратам рабіла «замер святла». Аднойчы правяраць святло прышлі ў Дом дзіцяці, і там дзяўчынка ўбачыла пакінутых дзяцей, пра якіх ёй патлумачылі: «Калі яны падгадуюцца, адвязуць у дзіцячы дом».

Ведала дзяўчынка і пра слоік з матылямі, які знайшлі ноччу на чыгуначным вакзале. І ніхто не ведаў, што рабіць з тым слоікам і з матылямі.

Гаварылі, што, магчыма, дыверсія, што слоік мог быць прывезены на цягніку Берлін-Масква, што матылі са слоіка прынеслі з сабой нябачаную дагэтуль пошасць.

Слоік спачатку збіраліся весці ў Маскву, а пасля перадумалі, бо, можа, менавіта гэта частка хітрага плана дыверсантаў: каб у руках супрацоўнікаў санстанцыі слоік з белымі матылямі трапіў у Маскву, дзе шмат людзей. Размовы пра пошасных матылёў у слоіку ішлі доўга, а чым скончылася справа — таямніца. Можа, нават дзяржаўная таямніца. Яшчэ яна ведала пра мышэй, якія залазаяць у пустыя піўныя бутэлькі на бровары…. І яшчэ шмат такога ўсяго ведала.

А падзяліцца сваімі ведамі не было з кім. Дзяўчынка марыла пра сяброўку.

Ва ўсіх кнігах, што ёй чыталі, ва ўсіх дзяўчынак былі сяброўкі. А на іх вуліцы, якая спускалася да ракі і называлася «вуліца Касманаўтаў», дзеці не жылі.

У доме ўжо ўпрыгожылі ялінку розныя — самыя розныя цацкі: на ніжніх галінках цяжкія нямецкія шышкі — важкія, зялёна-ружовыя, а на верхніх галінках шары, якія свеццяцца, калі ў пакоі выключыць святло. І яшчэ — празрыстыя шары, яны падобныя на мыльныя і здаюцца вельмі крохкімі — страшна ў рукі ўзяць, але на самай справе яны з тоўстага шкла, толькі шкло гэтае празрыстае. І яшчэ — жабкі, Дзяды Марозы, касманаўты, парашутысты…

На Новы год да дзяўчынкі ў госці прыехалі тата і мама. І дзяўчынка была вельмі радая…

Дзяўчынка паспрабвала прылегчы на лёд, наблізіла твар да зялёнай паверхні. Штосьці быццам пачала бачыць і тут пачула голас — яе клікаў тата.

Дзяўчынка хутка падхапілася — было важна, каб ніхто не заўважыў яе на лёдзе.

Падбегла да таты. Ён стаяў ля брамкі, што выходзіла на бераг і трымаў у руках памаранчавы цацачны шрубалёт. Гэта цацка такая — калі шморгнеш за матузок, шурбалёт зрываецца і ляціць — амаль, як сапраўдны. І дастаткова далёка ляціць.

Дзяўчынка запусціла шурбалёт і ён паляцеў… паляцеў… і сеў на лёд.

Дзяўчынка пабегла да ракі, але тата спыніў:

— Не трэба, я сам. Табе нельга на лёд.

Ён асцярожна спусціўся на лёд і ўзяў памаранчавую цацку. Дзяўчынка стаяла, чакала тату.

— Чаму мне нельга на лёд? — спытала, калі тата вярнуўся.

— Бо можна праваліцца. А гэта самае страшнае. Ты ведаеш, што бывае з тымі, хто праваліцца пад лёд?

— Не… Што…

— Чалавека пад лёд зацягвае, ён б’ецца знізу галавой, але лёд не прабіваецца, яго цягне далей і чалавек задыхаецца.

Яны пайшлі ў дом. Дзяўчынка з’ела пару мандарынаў пад ялінкай, пагулялася з коцікам і зноў пайшла на бераг. Сонца ўсё яшчэ свяіцла, снег блішчэў, лёд вабіў. Але нешта змянілася. На беразе з’явіўся чалавек.

Каля трубы, з якой выцякала гарачая вада, стаяла незнаёмая дзяўчынка ў зялёнай вязанай шапачцы і з белымі валасамі да плеч. Стаяла і глядзела на каляровую ваду.

Над гарачай вадой уздымалася пара. Дзяўчынка падышла да незнаёмай і стала побач. Доўга яны стаялі моўчкі і глядзелі ў каляровую брыдкую ваду. Пасля дзяўчынка спыталася:

— Як тваё імя?

— Юля.

Яна сказала, што яе бацькі здымаюць маленькую хатку ў суседзяў.

Дзяўчынка зразумела — гэта яе сяброўка. І праўда. Яны будуць сябравалі цэлы год. Летам у бацькоў Юлі будзе «ружовае» вяселле, і дзяўчынцы патлумачаць, што трэба прыходзіць ва ўсім ружовым.

Бабуля скажа, што гэта глупства — і само «ружовае»вяселле, і тое, што трэба прыходзіць у ружовым… Але дзяўчынка прыйдзе ў ружовым. І ўсе будуць у ружовым. Яны будуць сядзець на даху гаража і есці ружова-зялёныя яблыкі…

А пасля бацькі Юлі атрымаюць кватэру. А яшчэ праз пару гадоў бабуля будзе замяраць святло ў той школе ў далёкім раёне, дзе будзе вучыцца Юля, і настаўніца скажа, што Юля — рэдкі чалавек, што для кожнага ў яе знойдзецца добрае слова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0