Савет Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС адклаў разгляд пытання аб прадастаўленні Беларусі шостага траншу фінансавага крэдыту (440 млн. долараў) у сувязі з невыкананнем дзесяці паказчыкаў дзейнай стабілізацыйнай праграмы.

Такое рашэнне было прынятае 27 снежня па выніках трынаццатага (завочнага) пасяджэння Савета фонду. Беларускаму боку рэкамендавана распрацаваць і рэалізаваць меры, неабходныя для выканання ўсіх паказчыкаў шостага траншу, узгадніўшы гэтыя меры і тэрміны іх выканання з Еўразійскім банкам развіцця (ЕАБР), які кіруе сродкамі АКФ, у межах новага ліста аб намерах. Пры гэтым савет АКФ працягнуў стабілізацыйную праграму да 1 ліпеня, а дату даступнасці фінансавага крэдыту да 31 снежня 2014 года. Пытанне аб выдзяленні Беларусі шостага траншу савет АКФ зноў разгледзіць у трэцім квартале 2014 года. 

«Рашэнне савета фонду пра адтэрміноўку шостага траншу фінансавага крэдыту АКФ не выпадковае, бо рашэннем савета ў чэрвені гэтага года быў узгоднены спіс з 14 паказчыкаў, выкананне якіх было неабходна для выдзялення шостага траншу. На 1 кастрычніка — кантрольную дату шостага траншу — з 14 паказчыкаў 10, у тым ліку пяць кантрольных, не дасягнутыя», — паведаміў намеснік старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця Сяргей Шаталаў. 

Ён растлумачыў, што да невыканання паказчыкаў прывяло спалучэнне як знешніх фактараў, «якія непадуладныя ўраду і Нацыянальнаму банку Беларусі», гэтак і ўнутраных, народжаных крокамі беларускіх уладаў. 

«Да ліку знешніх фактараў адносяцца тармажэнне эканамічнага росту ў Расіі, эфекты ад уступлення Расіі ў СГА, што знізіла мытную абарону рынкаў Мытнага саюза і аслабіла канкурэнтаздольнасць беларускіх экспарцёраў, а таксама падзеі на рынку калійных угнаенняў», — зазначыў Шаталаў. 

Аднак, падкрэсліў ён, «не меншую ролю ў зніжэнні міжнародных рэзерваў і пагаршэнні плацежнага балансу Беларусі адыграў працяг палітыкі крэдытнай экспансіі, тэмпы якой не знізіліся ў параўнанні з 2012 годам, роўна як і павышэнне заработнай платы тэмпамі, якія значна апярэджвалі рост прадукцыйнасці працы».

Таму лагічна, канстатаваў Шаталаў, што Савет АКФ прыняў рашэнне працягнуць крэдытную праграму, «каб даць уладам Беларусі магчымасць да сярэдзіны 2014 года дасягнуць згаданых кантрольных паказчыкаў». 

Кіраўніцтва Еўразійскага банка развіцця выказвае надзею, што рэалізацыя плана сумесных дзеянняў беларускага ўрада і Нацбанка дазволіць у наступным выканаць паказчыкі крэдытнай праграмы. 

«Прыняты 10 кастрычніка ўрадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь план сумесных дзеянняў з'яўляецца крокам у правільным кірунку. Мы бачым першыя пазітыўныя вынікі яго рэалізацыі: аслаб спекулятыўны націск на курс нацыянальнай валюты, затармазілася змяншэнне міжнародных рэзерваў. Калі гэтыя пазітыўныя вынікі будуць замацаваныя яшчэ больш рашучымі крокамі ўладаў РБ цягам першага паўгоддзя 2014 года, усе паказчыкі шостага траншу могуць быць дасягнутыя», — паведаміў БелаПАН Сяргей Шаталаў.

Пры гэтым ён зазначыў, што Еўразійскі банк развіцця працягне «актыўную працу з уладамі Беларусі па прывядзенні стабілізацыйнай праграмы, падтрыманай фінансавым крэдытам Антыкрызіснага фонду, да паспяховага завяршэння».

Нагадаем, пачатак дзейнай праграмы Беларусі з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС быў пакладзены два з паловай гады таму. 4 чэрвеня 2011 года савет АКФ ухваліў выдзяленне Беларусі фінансавага крэдыту ў аб'ёме 3 млрд. долараў ЗША, сродкі накіроўваліся на стабілізацыю плацежнага балансу і павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі. 

Меркавалася, што крэдыт будзе выдзяляцца шасцю траншамі цягам 2011—2013 гадоў у адпаведнасці з выкананнем этапаў крэдытнай праграмы беларускім урадам. Мінфін Беларусі чакаў, што шосты транш крэдыту паступіць у краіну ў лістападзе 2013 года. Пяты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС Беларусь, нагадаем, атрымала 30 красавіка гэтага года. 

У ацэнцы фонду аб выкананні ўмоў пятага траншу паведамлялася, што пазычальнік не выканаў некалькі індыкатыўных паказчыкаў. У прыватнасці, Беларуссю не былі выкананыя індыкатыўныя паказчыкі па велічыні паступленняў сродкаў ад прыватызацыі, па ўзроўні кампенсацыі насельніцтвам кошту паслуг ЖКГ і грамадскага транспарту. Апрача таго, мэтавы ўзровень па росце патрабаванняў банкаў да іншых сектараў эканомікі (індыкатыўны паказчык) па выніках 2012 года ўдвая перавысіў запланаваны ўзровень.

У 2013 годзе пасля перамоў з беларускімі ўладамі паказчык па росце крэдытавання эканомікі быў пераведзены ў разрад кантрольных і ўстаноўлены на ўзроўні 1,5% за месяц. На думку прадстаўнікоў фонду, абмежаванне тэмпаў крэдытавання спрыяе стабілізацыі плацежнага балансу і стрымліванню інфляцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?