Гляджу ў свой каляндар на 2014 год. Вялікія даты, слаўныя даты. Юбілеі падзей, якія мы ганарымся, і падзей, якіх хай бы лепш не было.

Сярод гэтых датаў ёсць і колькі «круглых», але не юбілейных.

Сацыял-дэмакрат, я не магу не адзначыць 130-годдзе Антона Луцкевіча, якое прыпадае на 29 студзеня.

Ведама, ведама, Антон Луцкевіч належыць не адной сацыял-дэмакратыі – усёй Беларусі. Аўтар першай беларускай граматыкі, які ахвотна саступіў пальму першынства Браніславу Тарашкевічу, адзін з перакладчыкаў і рэдактар першага поўнага выдання Новага Запавету і Псалмоў на беларускай мове, аўтар першай беларускай кнігі літаратурнай крытыкі, чые характарыстыкі Максіма Багдановіча («пясняр чыстай красы») і Янкі Купалы («прарок Адраджэння») ніхто ніколі не перакрэсліць, выдавец і рэдактар Уладзіміра Жылкі і Наталлі Арсенневай, уважлівы чытач Максіма Танка, пакутнік за Беларусь, ён быў чалавекам шматграннага таленту і вялікага духу.

Гісторыя так распарадзілася, што Антон Луцкевіч нарадзіўся якраз у тым годзе, калі беларускія нарадавольцы (Аляксандр Марчанка, Хаім Ратнер ды іншыя) выпусцілі ў свет другі нумар часопіса «Гоман», часопіса, у якім былі сфармуляваныя беларуская ідэя і пастулаты беларускага руху.

Як адзначым гэтую дату? Мы ж, да нашага сораму, і 175-гадовы юбілей другога нумара «Гоману» не адзначылі.

Іронія гісторыі ў тым, што, аднаўляючы ў 1902 годзе арганізаваны беларускі рух, фармулюючы ў першым набліжэнні яго мэты і задачы, маладыя беларускія сацыялісты Вацлаў Іваноўскі, Іван і Антон Луцкевічы нічога не ведалі пра сваіх папярэднікаў і практычна ўсё пачыналі з нуля.

Не ведалі пачынальнікі беларускага руху і Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага, якога асудзілі на страту амаль за 20 год да нараджэння Антона Луцкевіча. Імя гэтага рэвалюцыянера будзе вернута Беларусі толькі ў 1916 годзе.

Летась мы адзначылі 150-годдзе паўстання. Сёлета наш абавязак прыехаць і прыйсці на Лукішскі пляц у Вільні, каб ушанаваць памяць чалавека вялікага, нескаронага духу — Кастуся Каліноўскага.

Не ведаю, як будзе сёлета, а год 15 назад Мікола Статкевіч прастудзіўся ля вёскі Іванск, што ў Чашніцкім раёне. Там сябры Беларускага згуртавання вайскоўцаў ушаноўвалі памяць герояў бітвы на Уле. Як помніцца, Мікола казаў, што там устанавілі памятны знак, і бацюшка паводле ўсіх канонаў адслужыў належную службу. Сябры ж Згуртавання – на тое яны вайскоўцы – адстаялі службу да апошняга «амінь» і трохі прастылі.

Пра перадгісторыю, ход і значэнне бітвы на Уле чытайце ў расійскіх гісторыкаў. Тут жа скажу коратка. Пасля заваявання Полацка чарговымі мэтамі Івана Жахлівага былі Менск, Наваградак, Вільня. Войска пад камандаваннем вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рыжага спыніла маскавітаў. Масковія страціла і ўжо да канца Інфлянцкай (Полацкай) вайны не аднавіла стратэгічную ініцыятыву. У самой жа Масковіі Іван Жахлівы пачаў масавы тэрор, які ўвайшоў у гісторыю як апрычніна.

450-годдзе бітвы на Уле – гэта першая значная юбілейная дата ў сёлетнім беларускім календары.

Спадзяюся, яе знойдзецца каму адзначыць. І ўшанаваць памяць герояў і тых, каго маскоўскі князь пагнаў шукаць шчасця ў чужым полі.

Калі бітву на Уле можна назваць пралогам да вызвалення Полацка ад маскоўскіх заваёўнікаў, дык поле бітвы пад Новагародкам, дзе Давыд Гарадзенскі атрымаў 700 год таму перамогу над крыжакамі, мы можам па праву лічыць пачаткам дарогі на Грунвальд.

І юбілей – 500-годдзе! – Аршанскай бітвы не забудзьма. Горкаю была страта Смаленска, затое салодкаю стала перамога князя Канстанціна Астрожскага пад Оршай.

У гэтай гісторыі мяне аж расчульвае тое, што праваслаўны хрысціянін Канстанцін Астрожскі прасіў перамогі над таксама праваслаўнымі маскавітамі у царкве Святой Тройцы і перабудаваў у гонар перамогі Мікалаеўскую царкву ў Вільні. Якое патрыятычнае было ў нас Праваслаўе!

Дзіўныя рэчы бываюць у гісторыі. Васіль Іванавіч, бацька Жахлівага, захапіўшы ў 1514 годзе Смаленск, настолькі не давяраў смалянам, што выгнаў усіх месцічаў у карэнную Масковію і засяліў горад, як напісаў летапісец, «масквою». У 1611 годзе Смаленск зноў стаў складоваю часткаю Вялікага Княства Літоўскага. У 1632 годзе маскавіты пачалі Смаленскую вайну. І тыя самыя месцічы, нашчадкі «масквы», якія ў 1611 годзе баранілі горад ад літвы і ляхаў, на гэты раз выйшлі бараніць Смаленск ад маскавітаў. Што за цуд? Што за перамяненне? Гісторыкі тлумачаць гэты феномен проста: смаляне баранілі свабоду, магдэбургскае права, самакіраванне. Сёлета не юбілей, але круглая дата (380 год) завяршэння паспяховай абароны Смаленска.

Такая яна – крывавая, трагічная і драматычная – наша гісторыя.

І 100-годдзе прызначэння Янкі Купалы на пасаду рэдактара, а потым і рэдактара-выдаўца газеты «Наша Ніва» выглядае як нешта светла-радаснае.

Купала ўзяўся за працу з імпэтам. І кожны, хто гартаў аўтэнтычныя нумары «Нашай Нівы», скажа, што газета стала выглядаць вельмі добра ў параўнанні з папярэднімі гадамі. На жаль, выхад «Нашай Нівы» пад рэдакцыяй Янкі Купалы быў непрацяглы: улетку 1914-га пачалася Першая сусветная вайна, а ў 1915-м немцы падышлі да Вільні. Пачаўся новы перыяд у гісторыі Беларусі, пазначаны Актам 25 Сакавіка і абвяшчэннем кароткатэрміновай Сацыялістынчай Савецкай Рэспублікі Беларусі.

Не паспела скончыцца Першая сусветная, як разумныя людзі прадказалі непазбежнасць Другой сусветнай. Наш Антон Луцкевіч як у ваду глядзеў, калі пісаў, што адроджаная ў выніку Першай сусветнай вайны польская дзяржава будзе расціснутая Нямеччынай і Расіяй (якая, як вядома, потым узяла сабе псеўданім – «Савецкі Саюз»). Так яно і сталася.

75-годдзю пачатку Другой сусветнай вайны і «вызваленчага паходу» Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь (іншыя кажуць: на паўночна-ўсходнія крэсы Польшчы) будзе прысвечана адмысловая навуковая канферэнцыя.

Як ставіцца да пакту Рыбентропа–Молатава, да падзелу Польскай Рэспублікі, які адбыўся 75 гадоў таму? Я стаўлюся да гэтых падзей па-ленінску. Як вядома, Ленін пісаў, што іншы раз рэакцыйныя сілы, самі таго не хочучы, робяць прагрэсіўныя справы.

Дык вось, два рэакцыянеры, Гітлер і Сталін, кіруючыся імперскімі памкненнямі, зусім не беручы пад увагу беларускія і ўкраінскія інтарэсы, зрабілі несумненна прагрэсіўную справу – аб’ядналі Беларусь і Украіну. Што б ні казалі літоўскія нацыяналісты, Літва ад гэтага пакту таксама выйграла: 10 кастрычніка 1939 года Сталін аддаў ёй Вільню з прылеглымі землямі. А што Літва за гэта была акупавана савецкімі войскамі і страціла незалежнасць? Дык, панове дарагія, за ўсё трэба плаціць. Заплацілі ж мы жыццём Антона Луцкевіча, жыццём тысяч беларусаў за аб’яднанне большай часткі нашых этнічных земляў…

Несуменна, Польшча страціла. І шмат. Але я памятаю, бо чытаў у кнізе Войцеха Ярузэльскага, што сказаў мудры Уінстан Чэрчыль прадстаўнікам польскага эміграцыйнага ўраду падчас вайны: у 1920-м Польшча надта далёка зайшла на Усход. Польшчу ў 1919-м і ў 1920-м папярэджвалі, што яе імперыялістычныя замашкі да дабра не давядуць. Спатрэбіўся верасень 1939-га, каб палякі пераканаліся ў слушнасці такога папярэджання. Праўда, новы падыход Польшчы да яе ўсходніх суседзяў распрацуюць інтэлектуалы не ў самой Польшчы, а на эміграцыі (Ежы Гедройц ды іншыя). Распрацуюць, праявіўшы веліч духу, менавіта інтэлектуалы, інтэлігенты, а не палітычны клас.

 

Анатоль Сідарэвіч, 1 студзеня 2014

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?