Доктар і дэпутат ад Брэста Васіль Дмытрыюк (сядзіць другі злева) сярод актывістаў берасцейскай суполкі таварыства «Прасвета». 1926 год. Стаіць другі злева суддзя Віктар Салавей, сядзіць другі справа адвакат Уладзімір Крыніцкі. Ва ўкраінскім, як і беларускім руху ўдзельнічала ў тым ліку і інтэлігенцыя. З кнігі: Дмитриюк Василь. Дорогами війни і миру.
Доктар Васіль Дмытрыюк – дэпутат польскага Сойма ад Брэсцкай акругі. З кнігі: Дмитриюк Василь. Дорогами війни і миру.
Студэнт медыцыны Васіль Дмытрыюк (справа, з таварышам). 1910 год. З кнігі: Дмитриюк Василь. Дорогами війни і миру.
Тыповая хата ў Кастамалотах пабудовы сярэдзіны ХХ ст. Фота Паўліны Скурко.
Царкве святога Мікіты ў Кастамалотах 400 гадоў. Яна была збудавана ўжо пры Уніі. Дмытрыюк хлапчанём лазіў на яе званіцу, якая здавалася малому хмарачосам, вяршыняй вялікага свету. Фота Паўліны Скурко.
Аўтар рэцэнзіі з жыхарамі Кастамалотаў.
Вынікі выбараў па Брэсцкай акрузе (1922 год). Перамог аб’яднаны спіс нацменшасцяў, па якім мандаты атрымалі два ўкраінцы і жыд.
Дэпутаты польскага Сойма ад Брэсцкай акругі (1922 год).
Удзельнікі настаўніцкіх курсаў у Брэсце, восень 1918 года. Самыя нацыянальна свядомыя для параднага фота апранулі нацыянальныя строі. З кнігі: Дмитриюк Василь. Дорогами війни і миру.
Царква Серафіма Сароўскага пры манастырчыку ў Кастамалотах. Праваслаўныя перанеслі яе з Дабрыводаў, каб адрадзіць праваслаўнае жыццё ў вёсцы, якую яны ад 1930-х аспрэчваюць з уніятамі. У адрозненне ад Беларусі і Галіччыны, уніяты тут атаесамляюць сябе з польскасцю, а праваслаўныя, наадварот, — апора няпольскасці.
Старэйшыя жыхары Кастамалот вярнуліся на берагі Буга пасля высылкі ў часе Аперацыі «Вісла». Яны яшчэ памятаюць сям’ю «апазіцыянераў» Дмытрыюкоў. Фота Паўліны Скурко.
Буг – незацугляны, шырокі і зялёны — паўплываў на светаўспрыманне людзей, што выраслі на ягоных берагах. Фота Паўліны Скурко.
Сям’я Дмытрыюкоў з сябрамі (1959 год, ЗША). Доктар Васіль Дмытрыюк сядзіць крайні справа. З кнігі: Дмитриюк Василь. Дорогами війни і миру.
Буг — стыхійна-дзікі, як і тысячу гадоў таму. Ён стаў такім, бо па ім правялі мяжу, што спыніла ўсякую гаспадарчую дзейнасць на ягоных берагах 60 гадоў назад. Фота Паўліны Скурко.
Аднойчы мне пашанцавала: выдатны гісторык Алег Латышонак трохі паказаў мне Падляшша. Мы праязджалі каля вёскі Грыневічы каля Бельска, скуль паходзіць шляхецкі род Грынявіцкіх (які даў, сярод іншых, Ігната Грынявіцкага) і дзе нарадзіўся, у тым ліку, Ігнат Даніловіч.
Такая канцэнтрацыя «найлепшых людзей» у адным малым селішчы!
Латышонак патлумачыў гэта генамі. Грыневічы ў свой час узніклі, відаць, як баярскае пасяленне.
Вялікія князі садзілі баяраў з вайсковымі мэтамі каля гарадоў Падляшша, у тым ліку і каля Бельска.
Ёсць такія «моцныя генамі» ці «моцныя духам» паселішчы, то праўда. Вазьміце Ракаў, Ішкалдзь ці Гервяты.
Не канечне баярскія.
Гісторыя іх выбітнасці кожны раз розная. Да ліку такіх належаць і вёска Кастамалоты.
Гэта на паўднёвым Падляшшы, прыкладна 15 км на поўдзень ад старадаўняга Берасця, на левым, цяпер польскім беразе ракі. У ХІХ і ХХ стагоддзях Кастамалоты былі месцам зацятых канфліктаў між праваслаўнымі і ўніятамі, і нават цяпер той канфлікт яшчэ не зжыты. І яна ж нарадзіла нямала неардынарных асобаў.
Менавіта там нарадзіўся і доктар Васіль Дмытрыюк, які быў дэпутатам польскага Сойма ад Брэсцкай акругі ў 1922—1927 і кніга ўспамінаў якога (Дмитриюк Василь. Дорогами війни і миру) не так даўно выйшла з друку.
Доктар Дмытрыюк быў сынам небагатага селяніна.
Кастамалоты — вельмі старая вёска. Першая згадка пра яе ў гістарычных крыніцах адносіцца да 1412 года, калі Вітаўт падарыў яе берасцейскім аўгустынцам. У маляўнічым месцы — над далінай Буга, на старадаўняй дарозе, што вяла ад Берасця да Коданя і, далей, да Уладавы й Любліна. Берасце—Люблін — гэта важны гандлёвы шлях, частка дарогі Кракаў-Вільня.
На захад ад Кастамалот па стане на пачатак ХХ стагоддзя пачыналіся ўжо землі са змяшаным праваслаўна-каталіцкім насельніцтвам. Праўда, каталікі то былі збольшага нядаўнія – былыя ўніяты, якія выбралі каталіцызм перад праваслаўем, калі ў 1874—1905 расійская ўлада паставіла «тутэйшых» уніятаў Падляшша і Холмшчыны без магчымасці застацца ўніятамі.
За ХХ стагоддзе яны сталі чыстымі палякамі па мове і духу, хоць яшчэ 100 гадоў таму там амаль ніхто не гаварыў па-польску.
Дмытрыюк быў з сям’і, што засталася ў «рускасці», у праваслаўі. Ён належаў да таго першага пакалення сялянскіх дзяцей, якія атрымалі магчымасць адукацыі і кар’еры, дзякуючы рэформам Аляксандра ІІ, з аднаго боку, і заваёвам Рэвалюцыі 1905 года, якая шырэй адкрыла талентам з сялянскага саслоўя дарогу да вышэйшай асветы.
Ён вывучыўся спачатку ў семінарыі, а пасля ва ўніверсітэце ў Варшаве на факультэце медыцыны. У часе вучобы ён далучыўся да ўкраінскіх студэнцкіх гурткоў, стаў падпісчыкам нацыянальных выданняў. Першым штуршком стаў невялікі фальклорны тэкст па-ўкраінску ў семінарыйным курсе рускай літаратуры. Тая самая песня была яму знаёмая з сям’і.
Свой выбар ідэнтычнасці Дмытрыюк зрабіў, бо пабачыў, што мова «Кабзара» Шаўчэнкі супадае з той, якой гавораць у Кастамалотах.
Тое самае, паралельна, зрабілі ягоныя браты, што вучыліся ў іншых гарадах.
Калі пачалася Першая сусветная, Дмытрыюка мабілізавалі як доктара.
Накіраванне на фронт у Галіччыну ён сустрэў з радасцю. Расійскія войскі наступалі, і ён разам з Брусілаўскай арміяй трапіў на тыя землі, дзе, як уяўлялася яму з газет, усе людзі свядомыя ўкраінцы, усе шануюць тыя самыя ідэалы, што і ён.
Які быў шок, калі «праходзячы вуліцамі Львова, я разглядаўся на ўсе бакі, шукаючы прыкметаў украінскага жыцця, але нідзе яго не знаходзіў», піша Дмытрыюк ва ўспамінах.
Можа ў вёсках? У першай жа вёсцы за Львовам ён пачынае асцярожна распытваць хлопчыка пра ўкраінскую мову, школу. Уваходзіць тата малога, і на чыстай украінскай мове ў крык: «Што вы майго хлопца баламуціце? Ніякай Украіны тут няма, гэта выдумалі немцы, мы ўсе тут рускія», — цытуе Дмытрыюк.
Але зусім з іншай свядомасцю ён сутыкаецца ў іншых вёсках — тых, дзе дзейнічала тое, што ў цяперашняй тэрміналогіі называецца няўрадавая арганізацыя – украінская «Прасвета», дзе былі ўкраінскія бібліятэчкі, школкі, дзе святары лічылі сябе ўкраінцамі. І вось там ужо на сцяне вісеў Шаўчэнка…
Сто гадоў таму Заходняя Украіна была зусім не такой, якая яна ёсць цяпер — бастыён нацыянальнай свядомасці і праеўрапейскіх настрояў. Гэта дзейнасць асветнікаў і палітыкаў — ад Франка праз Бандэру да «Акіяна Эльзы» — зрабіла яе такой, якая яна ёсць цяпер.
І тая дзейнасць пачалася ўсяго 150 гадоў назад. 100 гадоў таму, пры Дмытрыюку, тыя высілкі далі першыя вынікі, але патрэбны былі яшчэ 50 гадоў, каб тыя вынікі сталі нормай, і яшчэ 50, каб тыя ідэалы былі ўспрынятыя на агульнаўкраінскім, дзяржаўным узроўні. І ў гэтым вялікая навука для сённяшніх беларусаў.
Нацыя – гэта не дадзенасць, а тое, што (пры наяўнасці перадумоваў) ствараецца ўпартай працай такіх людзей, якім быў і сам Дмытрыюк.
Іншы цікавы эпізод успамінаў – выбары 1922 года.
Пасля перадзелу межаў і вялікіх узрушэнняў адбыліся першыя свабодныя выбары. Людзі – у большасцю быў працоўны клас, сяляне — былі гатовыя галасаваць «за сваіх». Але не было ні талковай палітычнай машыны, ні палітыкаў. Розуму, самаарганізацыі, аднак, хапіла, каб скласці адзіны спіс «нацменшасцяў» – г.зн. у тагачасных умовах Усходняй Польшчы, украінцаў, беларусаў, жыдоў і расейцаў… У дэпутаты пайшлі проста інтэлігенты, і з ашаламляльным поспехам перамаглі.
Пра выбары 1920-х гадоў і ўкраінскія выбарчыя спісы на Берасцейшчыне добра пісаў беларускі гісторык, рэдактар «Arche» Аляксандр Пашкевіч. Раю ўсім, хто цікавіцца гісторыяй. Тыя — рэдкія ў гісторыі Беларусі свабодныя выбары — паказалі прывабнасць нацыянальных палітычных сілаў ва ўмовах свабоды.
Пасля было спаўзанне Польшчы ў аўтарытарызм, дзяржаўны нацыяналізм ставіў задачу асіміляцыі беларусаў і ўкраінцаў. Доктара Дмытрыюка зганялі з працы проста за тое, што ён быў свядомым украінцам, нават калі ён амаль спыніў грамадскую дзейнасць.
Гэта так падобна да таго, што перажываюць беларусы ў аўтарытарнай РБ цяпер.
У 1939 годзе Дмытрыюка як патэнцыйна нелаяльнага элемента палякі арыштавалі, пагналі на ўсход, хацелі расстраляць, але ён застаўся жывы. Дачку ягонага брата з пачаткам вайны палякі таксама інтэрнавалі, бо яна была ў гурце актывістаў, якія супраціўляліся пераводу праваслаўнай царквы ў Кастамалотах ў спрыяльную паланізацыі ўніяцкую, а значыць таксама патэнцыйна нелаяльная.
Як жа такія людзі «любілі» палякаў пасля двух дзесяцігоддзяў цкавання.
Пасля прыйшлі немцы, пасля на Бугу зрабілася мяжа, пасля яны зноў знікла з нападам нацыстаў на СССР і вярнулася зноў разам з саветамі. Доктара Дмытрыюка на месяц пасадзіць у турму яшчэ і гестапа – калі немцы ліквідавалі ўкраінскае падполле на Берасцейшчыне.
У 1944 годзе праваслаўная царква ў Кастамалотах згарыць, імаверна, у выніку падпалу палякамі, а ўніяцкая захаваецца. Частка мясцовага насельніцтва палічыць за лепшае пераехаць у СССР. Другую частку палякі дэпартуюць у часе «Аперацыі «Вісла», але пасля падзення сталіністаў большасць вернецца на мацярыншчыну. А вось тыя, хто пераехаў у СССР ці ЗША, ужо не вернуцца. Два пакаленні – і людзі прырастаюць на новых сялібах, нават калі захоўваюць вялікую вернасць нацыянальным ідэалам.
Доктар Дмытрыюк пасля Другой сусветнай будзе працаваць і жыць у ЗША. Гэтая супердзяржава прытуліла выгнанцаў з паняволенай Еўропы, якім там пагражала смерць з захаду і ўсходу.
Большасці актывістаў украінскай грамады Брэста і Падляшша хапіла ўдачы і розуму выехаць перад прыходам савецкага войска, інакш бы яны загінулі ад рук саветаў, якія найперш вынішчалі свядомую інтэлігенцыю захопленых народаў.
Успаміны Дмытрыюка выдаў ягоны сын Уладзімір, што жыве ў ЗША.
Па Бугу мяжа прайшла ўсур’ёз і надоўга. На правым беразе Бугу людзі цяпер лічаць сябе беларусамі, на левым — палякамі.
…
Дазволю сабе не пагадзіцца з Алегам Латышонкам. Інтэлектуальныя плады з’яўляюцца найчасцей не там, дзе ёсць гены, а там, дзе ёсць маральна, інтэлектуальна выбітны чалавек.
Той, які дае прыклад, прыгожы прыклад, закладае традыцыю, сее дух.
Сям’я Дмытрыюкоў — выдатнае пра тое сведчанне. Усе да аднаго браты і сястра Дмытрыюка таксама атрымалі выдатную адукацыю – духоўную, медыцынскую, філалагічную — і ажаніліся ці выйшлі замуж у такія ж адукаваныя сем’і. Гэта было яўна вынікам пазітыўнае веры іхных разумных, хоць і нібыта цёмных бацькоў-сялян у навуку.
А яно, у сваю чаргу, было плёнам дзейнасці разумных настаўнікаў і святароў сяла Кастамалоты.
Нацыянальнае і грамадзянскае «самавызначэнне» братоў і сясцёр Дмытрыюкоў адбылося адначасова з навучаннем – дзякуючы таму, што дзеялі нацыянальныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі.
Яны ідэнтыфікавалі сябе ўкраінцамі, бо Берасцейшчына, і Кастамалоты ў тым ліку, гаварылі па-ўкраінску. Калі б не было мовы, не было б і свядомасці.
Калі я прыехаў у Кастамалоты ў 2008-м, там яшчэ памяталі сям’ю Дмытрыюкоў, але ўжо трохі легендарна.
Украінскіх інстытуцый у Кастамалотах не засталося, а вусная памяць схільная ператвараць усё ў міфы. Расказвалі, што ў хаце Дмытрыюкоў віталіся не «Добры дзень», а «Слава Украіне»…
А страсці ў Кастамалотах не аціхаюць дагэтуль. Праваслаўныя збудавалі там манастырчык, перавезлі старую царкву з вёскі Дабраводы, каб нават сімвалічна не аддаць вёску уніі, у якой ужо святаром паляк і пануе польскасць. Але гэта ўжо мірныя страсці.
Кніга ёсць у Рэдакцыі. Калі каму з даследчыкаў ці краязнаўцаў трэба, калі ласка, звяртайцеся на [email protected].
* * *
Васіль Дмытрыюк – дэпутат польскага Сойма ад Брэсцкай акругі (1922-1927). Па прафесіі доктар, родам з вёскі Кастамалоты. Актывіст украінскага нацыянальнага руху.
Кастамалоты – вёска прыкладна за 15 км на поўдзень ад старадаўняга Берасця, на дарозе Брэст-Уладава-Люблін.
Украінскі рух на Берасцейшчыне быў моцны да 1950-х гадоў ХХ стагоддзя. У 1918—1919 Берасцейшчына ўваходзіла ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі. На свабодных выбарах 1920-х рэгіён галасаваў за ўкраінскія палітычныя партыі, сярод іх «Сельроб». У час Другой сусветнай вайны і пасля яе тут дзейнічала некалькі тысяч украінскіх партызан. Практычна ўсіх актывістаў украінскага нацыянальнага руху знішчылі нацысты і саветы.













