Дацкія вучоныя прыйшлі да высновы, што жанчыны, якія ўмерана ўжываюць алкаголь у час цяжарнасці, нараджаюць больш прыстасаваных да жыцця дзяцей.

У ходзе даследаванняў, праведзеных псіхолагамі з Капенгагенскага ўніверсітэта з 1996 па 2002 гады, 100 тысяч цяжарных жанчын былі апытаны на прадмет іх стаўлення да алкаголю. Праз сем гадоў псіхолагі правялі псіхалагічныя тэсты з 37 тысячамі дзяцей апытаных раней жанчын.

Вынікі даследаванняў паказалі, што дзеці, маці якіх за час цяжарнасці дазвалялі сабе пару бакалаў віна ў тыдзень, лепш прыстасаваны да жыцця. Такія дзеці вызначаюцца больш сталымі паводзінамі, у іх лягчэй складваюцца адносіны з равеснікамі, чым у дзяцей, маці якіх поўнасцю ўстрымліваліся ад алкаголю.

Аднак вучоныя, якія праводзілі даследаванні, папярэдзілі, што не разглядалі выпадкі, калі цяжарныя жанчыны ўжывалі алкаголь у вялікай колькасці. Таксама псіхолагі падкрэслілі, што трэба ўлічваць такія ўскосныя фактары, як добрая адукацыя, моцнае здароўе і актыўны лад жыцця жанчын, якія ўмерана ўжывалі алкаголь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?