Некалі знакавая для беларускай культуры песня 1996 г. у выкананні Касі Камоцкай на геніяльныя словы Міхала Анемпадыстава.

Чаканне Калядаў

Мы чакалі Калядаў з маленства
І ніяк не маглі дачакацца
Тату трэба было на работу
Маці трэба было на працу

А Гагарын ляцеў на ракеце
Па-над нашым дваром ды садам
Мы глядзелі усьлед са зьдзіўленьнем
І міжволі чакалі Калядаў

Мы ўвосень падпальвалі лісьце
Мы ўзімку хварэлі на глянды
І прыклаўшы далоні да вуснаў
У цямрэчы чакалі Калядаў

Мы пісалі ў школе дыктоўкі
Нас вадзілі глядзець на парады
Прафсаюз выдаваў карамэлькі
Мы бралі і чакалі Калядаў

Нам даводзілі, хто мы і што мы
Нас вучылі выконваць загады
Нам казалі, ды мы ня чулі
Мы ўпотай чакалі Калядаў

Мы рабілі высновы хутка
Мы павольна сьпявалі баляды
Мы назлосьць валасы расьцілі
І ўпарта чакалі Калядаў

Што з таго, што ўсё гэта зьнікла
Быццам бурбалкі ад ліманаду
Засталіся сям'я ды дзеткі
Засталося чаканьне Калядаў

Засталіся сябры ды праца
А адзін, дык «вабшчэ» ў Канадзе
Мы на сьвяты дашлем паштоўку
Будзем разам чакаць Калядаў

Позна ў вечары посуд памыем
І пакінем, каб сохнуў на тацы
Мы чакаем Калядаў з маленства
І ня можам ніяк дачакацца.

Дарэчы, 10 студзеня ў малой сцэне КЗ «Мінск» адбудзецца сольны канцэрт Касі Камоцкай. Пачатак а 19-й.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?