Гаворка ідзе пра кнігу Валянціна Акудовіча «Код адсутнасці. Спроба зразумець Беларусь». Высновы Садоўскага надзвычай катэгарычныя. Ён разглядае «Код адсутнасці» як «феномен траўмаванай беларускай свядомасці, што імкнецца ўпісацца ў еўрапейскі кантэкст».

Наогул, погляды Акудовіча — балючая тэма для аўтара. У інтэлектуальным асяроддзі любяць жартаваць, што нават рэцэнзуючы фільм «Жыве Беларусь» Садоўскі не змог абысціся без крытыкі ў адрас апанента.

Чым можна патлумачыць такую прынцыповасць?

У сваёй кнізе Валянцін Акудовіч не прымае ідэю гістарычнай пераемнасці беларускай нацыі.

На яго думку, пасля падзелу Рэчы Паспалітай працэс этнагенэзу, які ішоў з ХІІІ стагоддзя, загінуў. Толькі ў Расійскай імперыі беларускі этнас выспеў як нацыя.

Пачынальнікаў беларускай нацыі (Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча) Акудовіч лічыць аўтсайдарамі, якія не мелі шанцаў для самарэалізацыі ў іншых супольнасцях. А таму зрабілі стаўку на беларускі «праект» і «прыдумалі» тую Беларусь, пра якую дагэтуль гаворыць і марыць «невялікая» купка нацыянальна арыентаваных асобаў.

Акудовіч лічыць, што паняцці «нацыянальнай» і «сацыяльнай» дзяржавы несумяшчальныя. Таму раіць адрачыся нацыянальных міфаў і нацыянальнага ўспрымання гісторыі.

Марцін Поляк, аўтар нямецкага пасляслоўя да кнігі, канстатуе: «Валянцін Акудовіч трасе і калоціць усё, што з’яўляецца для ягоных нацыянальна свядомых землякоў дарагім і святым…».

Пётра Садоўскі яшчэ больш катэгарычны. Ён прыводзіць паралелі з іншымі еўрапейскімі нацыямі (Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Швейцарыя), якія шукаюць свае карані ва ўласнай ранняй гісторыі (часам — нават у легендарных падзеях і асобах). Таму погляды Акудовіча Садоўскі лічыць шкоднымі для беларускай ідэі.

Супрацьстаянне Садоўскага і Акудовіча паказальнае.

Асоба першага стала вядомая грамадству ў час Адраджэння, калі дацэнт універсітэта Садоўскі быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, стаў членам Прэзідыума і старшынёй камісіі замежных спраў. Пазней стаў першым Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў ФРГ.

Садоўскі і яго аднадумцы дзейнічалі ў час ўсеагульных надзей і на практыцы імкнуліся пабудаваць нацыянальную беларускую дзяржаву.

Філосаф, эсэіст і літаратурны крытык Валянцін Акудовіч набыў вядомасць пазней, калі актыўнасць адраджэння зменшылася, а ў грамадстве стаў панаваць песімізм.

Акудовіч далёкі ад адраджэнскіх ідэалаў і ставіцца да іх скептычна.

Акрамя Акудовіча, Садоўскі рэзка крытыкуе ў артыкуле «мадэрных «постнацыянальных» мысляроў, (…), у якіх самапераўзыходжанне як характарыстыка духоўнага росту асобы, можа няўзнак перарасці ў самаўзвышэнне, спарадзіць плоскі публіцыстычны нарцысізм, які лёгка перацякае ў дэсакралізацыю агульнапрынятых людскіх каштоўнасцяў».

Каго ж акрамя Акудовіча мае на ўвазе аўтар? Філосафа Уладзіміра Мацкевіча, пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, культуролага Максіма Жбанкова і паэта Андрэя Хадановіча. Гаворка пра іх ідзе ў падраздзеле «Дэманы віртуальнай прасторы».

Але прычым тут названыя асобы, якія з’яўляюцца феноменамі рознага тыпу? Зразумела, Садоўскі можа ў карэктнай форме выказваць сваё стаўленне да любых творцаў і праблем, якія яны ўздымаюць. Але на агульным фоне яго шматлікія адступленні здаюцца непатрэбнымі, бо адцягваюць увагу ад галоўнага. Празмерная эмацыянальнасць толькі шкодзіць раскрыццю галоўнай думкі.

Варта адзначыць, што структура артыкула дастаткова рыхлая, у ім хапае сумбуру.

Аўтар паспявае сказаць і пра супрацьстаянне рэлігіі і нацыі, і пра яўрэяў, і пра рабочыя страйкі 1991 года. Адзінства паміж гэтымі тэмамі і агульнай праблематыкай, безумоўна, прысутнічае. Але сувязь пададзена непераканаўча і часам не адчуваецца. Магчыма, з тэкстам належным чынам не папрацаваў рэдактар.

Тэкст Садоўскага — пашыраны пераказ нямецкамоўнай рэцэнзіі аўтара. Таму ён адрасаваны як айчыннай, так ім замежнай аўдыторыі. Але

для замежнікаў тэкст хутчэй з’яўляецца праявай унутраных спрэчак беларускіх інтэлектуалаў. Для айчыннай аўдыторыі – гэта нагода вызначыць сваю пазіцыю па прынцыповых пытаннях.

На думку Садоўскага, атрымліваецца парадокс: «вось ужо з дзясятак гадоў «адраджэнец» Акудовіч даводзіць слухачам Беларускага калегіума, што ні яго («Мяне тут няма»), ні Беларусі вакол яго («Код адсутнасці») няма.

Прыходзяць выпускнікі калегіюма на гістфак БДУ, ва Універсітэт культуры, іншыя дзяржаўныя адукацыйныя ўстановы РБ, а там большасць выкладчыкаў, хоць і без асаблівага нацыянальнага патрыятызму, але ж расказваюць дэмаралізаваным выхаванцам Калегіума на лекцыях па гісторыі Беларусі, што было такое ВКЛ, што была такая газета «Наша Ніва», (…). Ці не абсурд?».

У дадзеным выпадку, мяркуе аўтар, насуперак пашыраным стэрэатыпам, дзяржаўныя інстытуты робяць для нацыянальнай ідэі больш, чым прыватныя.

У сваім артыкуле Садоўскі ставіць пытанні пра якасць альтэрнатыўнай адукацыі. Ці можа Акудовіч, які выказвае нігілістычныя ідэі, быць добрым настаўнікам для моладзі? Ці з’яўляецца гэтая сфера лепшай рэалізацыяй яго здольнасцям?

Калі казаць шырэй, аўтар лічыць погляды Акудовіча шкоднымі і тупіковымі для беларускай ідэі. А Вы?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?