Свой першы ў жыцці высакародны ўчынак я здздейсніў гадоў васьмі ад нараджэння, па дарозе ў школу, у трэці клас.

Набліжаўся прыём у піянеры, мяне проста распірала ад жадання здзейсніць высакародны ўчынак.

І вось пашанцавала: я ўбачыў сляпога. Імжэў халодны лістападаўскі дождж, сляпы напружана рухаўся па вузкім тратуары Нямігі, пастукваючы палачкай па баках. Я дагнаў яго: «Давайце я вас праводжу…» — «Дзякуй, хлопчык, не трэба…»

Я ўсё ж учапіўся ў вільготны рукаў ягонага чорнага, не па памеры вялікага, паліто…

З нецярплівасцю я дачакаўся пачатку ўрока і, ускочыўшы з парты, закрычаў: «Фрума Ізральеўна! Фрума Ізральеўна! Я дапамог сляпому!» — «Малайчына, — ухваліла Фрума Ізральеўна. І паморшчылася: — Толькі навошта так гучна пра тое крычаць?!»

Не, наўрад ці я здолею выразна патлумачыць, чаму ўвесь урок я прасядзеў з тварам, залітым чырванню, і чаму сёння ўзгадаў той эпізод. Але хто ведае, па якіх лабірынтах свядомасці блукае наша памяць, які след пакідаюць у ёй нават дробныя, на першы погляд, выпадкі і простыя словы…

Вось і чарнявы хлопчык з дзіцячага санаторыя з ласкавай назвай «Пралеска», што нібыта гуляў з сябрам у шашкі і нібыта не ведаў, які зрабіць ход… Ці ўспомніць ён калісь, як з’явіўся сам прэзідэнт і.. — раз… два… і ў дамкі?

Бяспройгрышны ход!

Бяспройгрышны ход — раз на год абдорваць хворых ды кінутых бацькамі дзяцей падарункамі.

Замілаваныя тэлегледачы, удзячныя дзеткі, угодлівыя міністры: «Правільна, Аляксандр Рыгоравіч, усё правільна кажаце…»

Насамрэч усё фальшыва наскрозь.

За дваццаць гадоў прэзідэнцкай улады — менавіта ў гэтым годзе нас чакае сумны юбілей — мы настолькі прызвычаіліся да фальшывасці абяцанняў, тлумачэнняў, выбачэнняў, увогуле палітыкі, што абыякавасць стала ці не адзінай рысай у адносінах да жыцця, нават уласнага. Пра грамадскае жыццё і казаць няма чаго. Замест яго — «Правільна кажаце, Аляксандр Рыгоравіч…» Які там «Стоп-падатак»?! «Панакуплялі «Мерсэдэсаў» па 100 тысяч даляраў, а 70 даляраў шкадуюць», — правільна кажаце, Аляксандр Рыгоравіч… І пра айчынную медыцыну правільна кажаце — «Конь не валяўся…»

З чаго ж яна пачалася, гэта фальшывая «правільнасць»?

Шмат што прыгадваецца, але найважнейшае сярод іншага — адказ на апошняе пытанне сумнавядомага рэферэндума-96: «Ці згодны Вы, што фінансаванне ўсіх галінаў улады павінна ажыццяўляцца галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэта?»

«Не, не згодны», — адказала пераважная большасць…

Мо вырашыла, што з бюджэту толькі дактары ды настаўнікі жыць будуць, а «галіны ўлады» знойдуць, з чаго пракарміцца. Яно так, знайшлі. Акрамя бюджэту. Але навошта нам тая галоснасць?

Вось і пытайцеся цяпер, скуль бяруцца грошы на прэзідэнцкія падарункі і падарункі ад прэзідэнцкіх дзяцей.

Зрэшты, можна здагадацца адкуль — з эканоміі на прыбіральніках Палаца незалежнасці. Вунь які, усім палацам палац! «А ведаеш, колькі там прыбіральнікаў? — з павучальным гонарам пытаецца прэзідэнт ці то ў міністра, ці то ў губернатара. — Усяго пяць!»

Колькі эканомяць на прыбіральніках прэзідэнцкія сыны, нават не ўяўляецца…

Не, я зусім не супраць, каб прэзідэнт абдорваў дзяцей падарункамі з уласных заробкаў. А калі не з уласных, дык дзеткі павінны ведаць, што падарункі ім дорыць не прэзідэнт, а беларускі народ.

Але ў любым выпадку — навошта пра тое крычаць?

За гэтым крыкам не чуваць саміх дзяцей з іх хваробамі і марамі — нямых статыстаў у тэлеспектаклі пад назвай «Прэзідэнт і дзеткі», я не ведаю, якія падарункі прывёз прэзідэнт у «Пралеску». Але добра ведаю, чаго насамрэч хочуць бедныя беларускія дзеці.

Дастаткова выцягнуць шуфлядку з пісьмовага стала і зноўку перачытаць стос лістоў, з якімі яны звярталіся калісь да Дзеда Мароза. Лісты, якія я захоўваю з часоў працы ў беларускім выданні газеты «Труд».

Гэта асобная гісторыя, мо калі-небудзь я раскажу пра яе падрабязна. Нагадаю толькі, што ніхто — ні бізнэсоўцы, ні «галіны ўлады», ні нават айцец Фёдар Поўны з ягоным Домам міласэрнасці не адгукнуліся на просьбу газеты задаволіць веру дзяцей у цуд. І які ж той цуд? Алоўкі, каб маляваць; гітара, каб граць; мабільнік для сястрычкі, бо тая прыкавана да ложка; руберойд для бацькі-інваліда, бо няма грошай пакрыць дах… З таго, што здолела тады падарыць сама рэдакцыя, я памятаю толькі нейкую прыладу для слыху, без якой немагчыма было зрабіць аперацыю глухой дзяўчынцы…

Якая ж прылада патрэбна, каб пачуць вясковага хлопчыка Колю сямі гадоў, што піша пра сястрычак Олю, Пелагею, Марыю, Ефрасінню, Апалінарыю, каня Ластаўку, казу Ладу, тату, каторы «п'е і з намі не жыве», і маму, каторая «ўмее рабіць усё» і «мы ўсе ёй дапамагаем»?!

«Дзядуля Мароз, — піша хлопчык Коля, — нам вельмі хочацца мець вялікі дом, каб і мы, і конь, і каза былі ўсе разам. І каб у нас былі яшчэ брацік і сястрычка…»

Зрэшты, такі дом ёсць. Той самы Палац Незалежнасці. Мо падарыць яго хлопчыку Колю з ягонымі сястрычкамі, мамай, казой Ладай і канём Ластаўкай? І заадно сэканоміць на прыбіральніках.

Бо смецце яны прыбяруць самі.

… А мая першая настаўніца па-геройску змагалася з фашыстамі, у яе было шмат баявых медалёў і ордэн. Але я даведаўся пра тое толькі праз шэсцьдзесят гадоў, калі выпадкова пазнаёміўся з яе сынам…

Ліст хлопчыка Колі да Дзеда Мароза

Ліст хлопчыка Колі да Дзеда Мароза

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?