16 снежня ў мінскай галерэі «Ў» адбыўся апошні ў мінулым годзе занятак бясплатных моўных курсаў «Мова ці кава».
Арганізатар курсаў журналістка Кацярына Кібальчыч паведаміла, што з новага года не будзе займацца арганізацый мінскіх курсаў — гэты абавязак цалкам узяў на сябе Глеб Лабадзенка. Той запэўніў, што з любімымі многімі курсамі нічога не здарыцца і яны будуць праходзіць паводле таго самага графіка, што і раней.
Адзінае, што мусіла змяніцца — гэта назва, паколькі правы на брэнд «Мова ці кава» пакінула за сабой Кацярына Кібальчыч.
Пачатак новага года прымусіў аматарам курсаў выбіраць, куды ісці. Бо 13 студзеня а 19-й адбудуцца адразу два заняткі.
«Mova ci kava» пройдзе ў прасторы ЦЭХ (праспект Незалежнасці, 58, корпус 6 - уваход праз вуліцу П.Броўкі).
Заняткі будуць весці Васіль Дранько-Майсюк, Алесь Залеўскі і Уладзь Лянкевіч.
Новы праект «Мова нанова» збярэцца ў той жа час у Галерэі Ў (праспект Незалежнасці, 37а).
Вядучымі застануцца Алеся Літвіноўская і Глеб Лабадзенка. Абодва праекта збіраюцца і надалей збірацца па панядзелках а 19-й.
Пакуль перавага знаходзіцца на баку праекта «Мова нанова». Дабірацца да галерэі «Ў» куды прасцей, дый слухачы прывыклі да ранейшых вядучых. У далейшым сітуацыя можа змяніцца ў залежнасці ад асобаў вядучых і праграмы.
Характэрны каментар з Фэйсбуку: «Калі б «Мова ці кава» і «не Мова ці кава» былі ў розныя дні, то наведала б і «ЦЭХ», але ж Алесі і Глебу здрадзіць не магу…».
Фармат праекта «Мова нанова» добра вядомы. Што тычыцца новай версіі «Мовы ці кавы», дык Кацярына Кібальчыч плануе зрабіць акцэнт на гасцей і дыскусію.
«Мне цікава стварыць пляцоўку, дзе можна дыскутаваць на актуальныя, трэндавыя тэмы.
— піша Кібальчыч у Фэйсбуку. — І, напрыклад, на першы занятак (яго тэма «Абшчэпіт» — «НН») мы збіраем рэстаратараў, супрацоўнікаў гэтай сферы, каб дыскусія атрымалася больш рознабаковай».





