Вацлаў Гавэл

Праскае таварыства міжнароднага супрацоўніцтва ўганаравала Аляксандра Мілінкевіча прэміяй «За грамадзянскія заслугі» імя Гано Эленбоген. Сваю прэмію Мілінкевіч перадаў Паўлу Севярынцу.

У адрозьненьне ад пасяджэньняў, на якіх абмяркоўваліся правы чалавека, крытэрыі свабоды ў яе распаўсюдзе ў розных культурах,— гэтая была ўрачыстая. Ціха граў аркестар, я заўважыла, што некаторыя ўдзельнікі форуму пасьпелі памяняць дзелавы строй на вячэрні. Там ужо падавалі шампанскае.

Прыехаў Вацлаў Гавэл, і калі заснавальнік прэміі Марк Эленбоген папрасіў ужо, зразумела, стомленага за дзень Гавэла сказаць колькі словаў аб Мілінкевічу, былы чэскі прэзыдэнт, заснавальнік Форуму 2000 адказаў коратка:

«Я ня ведаю, хто стане наступным прэзыдэнтам Чэхіі, але беларускім — Мілінкевіч».

Пасьля Марк Эленбоген расказаў прысутным этапы біяграфіі Мілінкевіча і Паўла Севярынца. Пра апошняга шмат гаварыў і Мілінкевіч. Зрэшты, на шчыце пра ляўрэатаў былі два імені.

У сваім выступе Мілінкевіч сказаў, што гэта прэмія ўсёй беларускай дэмакратыі, за якую так мужна змагаецца Севярынец. І ўсім людзям, якія адчуваюць сябе эўрапейцамі ў сапраўды эўрапейскай краіне. Ну і прыгадаў слынных людзей Беларусі. У прыватнасьці, Дастаеўскага, Шастаковіча, Адама Міцкевіча, а я заўважыла, як заўсьміхаўся на трыбуне Адам Міхнік. Пасьля ў інтэрвію Свабодзе Міхнік вельмі высока ацаніў асобу Мілінкевіча, сказаўшы, што гэта сапраўды эўрапейскі палітык.

Уручаная прэмія была заснаваная ў 2000 годзе Маркам Эленбогенам у гонар маці, Гано, якая вырасла ў пасьляваеннай Нямеччыне і ўсё жыцьцё аддала справе яднаньня людзей. Дарэчы, у 2003 годзе ляўрэатам стаў Вацлаў Гавэл і ён перадаў сваю прэмію рэдактару «Нашай Нівы» Андрэю Дыньку. Такая традыцыя — перадаваць іншым. Таксама сярод ляўрэатаў прэміі былі Мадлен Олбрайт, Мілаш Форман, Лорд Робэртсан.

Нагадаю, што 8 кастрычніка Мілінкевіч сустрэўся з былой Дзяржсакратар ЗША Олбрайт, а яна ў сваім асноўным выступе сказала, што ЗША будуць падтрымліваць лідэраў, якія могуць гарантаваць дэмакратыю ў Беларусі. І сярод іх назвала Мілінкевіча.

Учора ў інтэрвію чэскай тэлевізіі Мадлен Олбрайт сказала, што на наступных выбарах будзе падтрымліваць Хілары Клінтан.

Вольга Караткевіч, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0