Петыцыя супрацоўнікаў хуткай дапамогі горада Мінска, якія патрабавалі паляпшэння ўмоў працы і павышэння заробку, выдаленая з партала change.org.

Петыцыю, якую некалькі дзён таму стварыў карыстальнік Аляксей Іпатаў, паспела сабраць больш за 5 100 подпісаў. Аднак удзень 7 студзеня Іпатаў паведаміў, што збор подпісаў пад анлайн-петыцыяй вымушана спынены. Цяпер жа старонка, на якой раней месцілася петыцыя, увогуле адсутнічае.

Стваральнікі петыцыі ніяк не патлумачылі, з чым было звязана замарожванне і выдаленне петыцыі. Раніцай 8 студзеня журналіст «Нашай Нівы» звязаўся з Віталём Агеенкам, фельчарам 4-й падстанцыі хуткай медыцынскай дапамогі Мінска, які з'яўляецца адным з арганізатараў збору подпісаў пад зваротам да ўрада. Агеенка паабяцаў выступіць з афіцыйным тлумачэннем прычын прыпынення петыцыі, аднак дагэтуль не выйшаў на сувязь.

У анлайн-петыцыі супрацоўнікі «хуткай» патрабавалі тое ж, што і ў сваім пісьмовым звароце: прыняцця закона «Аб хуткай медыцынскай дапамозе», уключэння ў заканадаўства палажэнняў аб забеспячэнні бяспекі медыкаў; аб страхаванні ад няшчасных выпадкаў на працы на сумы, якія дазваляюць правесці паўнавартаснае лячэнне, рэабілітацыю, якія пакрыюць шкоду сваякам у выпадку смерці работніка хуткай меддапамогі; аб сацыяльных гарантыях (жыллё, льготнае пенсійнае забеспячэнне, рэжым працы і адпачынку); аб забароне працы па адным медыцынскаму работніку ў брыгадзе; аб вызначэнні паказанняў для выкліку хуткай дапамогі; аб стварэнні ў рэгіёнах навучальных баз для ўдасканалення практычных навыкаў; пра ўзмацненне юрыдычнай адказнасці пры нападзе на работнікаў хуткай дапамогі «пры выкананні».

Паводле апошніх дадзеных, пісьмовы зварот падпісала каля 260 чалавек. Агеенка паведаміў «Нашай Ніве», што кампаніяй за паляпшэнне ўмоў працы хуткай дапамогі актыўна цікавяцца людзі ў рэгіёнах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?