Сталічная міліцыя 31 снежня вярнула Дзмітрыю Прыгараву яго аўтамабіль BMW, канфіскаваны 20 снежня ў Мінску падчас акцыі «Стоп-падатак» супраць увядзення ў Беларусі пошліны на транспартны сродак. 

Нагадаем, падчас акцыі малады чалавек выехаў на праспект Незалежнасці з улёткай «Хопіць абдзіраць!» на сваім аўтамабілі, з якога гучала песня «Не быць скотам» у выкананні гурту «Ляпіс Трубяцкі». У раёне Палаца Рэспублікі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі адправілі яго на размешчаную побач аўтастаянку, дзе аштрафавалі на 65 тыс. рублёў за падачу гукавога сігналу.

Пасля таго як Прыгараў па патрабаванні міліцыянера адкрыў капот, апошні сказаў яму, што машына адпраўляецца на стаянку Цэнтральнага РУУС «нібыта за перавараны «стакан» з нумарным знакам кузава». У РУУС транспартны сродак агледзеў крыміналіст, які, паводле яго ж слоў, не меў права рабіць гэты агляд. Элемент, які нібыта выклікаў падазрэнні, быў сфатаграфаваны, пасля чаго машыну апячаталі, а аўтамабілісту давялося аддаць міліцыянерам ключ запальвання. Характэрна, што Прыгараву не далі копій пратакола аб затрыманні і агляду аўтамабіля. 

23 снежня ў Цэнтральным РУУС маладому чалавеку паведамілі, што аўтамабіль канфіскаваны на месяц.

«31 снежня мы разам з міліцыянерам з РУУС прыехалі ў 9.00 на стаянку, дзе быў мой аўтамабіль, — сказаў Прыгараў. — Мяне па іх правілах вывелі за тэрыторыю стаянкі, але здалёк я бачыў, як «стакан» аблілі кіслатой, счысцілі фарбу да металу, пасля чаго сфатаграфавалі».

Калі гэтая працэдура завяршылася, малады чалавек пацікавіўся ў міліцыянера, які падышоў да яго, што гэта была за экспертыза. Супрацоўнік праваахоўных органаў толькі адказаў, што вынікі гэтай экспертызы будуць гатовыя праз два тыдні, аднак не растлумачыў, якім чынам уладальніка BMW з імі азнаёмяць. Пасля гэтага мінчаніну вярнулі дакументы на аўтамабіль.

Паводле слоў Прыгарава, ён пакуль не ведае, ці будзе абскарджваць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія забралі яго транспартны сродак.

Са сваімі далейшымі дзеяннямі ён вызначыцца, калі атрымае адказ на адпаведную скаргу на імя начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, якую ён накіраваў 24 снежня.

Тым не менш тое, што здарылася, не паўплывала на яго рашучасць браць удзел у далейшых пратэстных акцыях, калі іх падтрымаюць іншыя аўтамабілісты. «Адзін у полі не воін, разумееце. Вельмі крыўдна, што другая і трэцяя акцыі праваліліся. Я думаў, што народ будзе з большай адказнасцю ставіцца да гэтага, але, відаць, такі ў нас менталітэт… Аднак любая імперыя разбураецца, гэта пытанне часу», — падсумаваў Прыгараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?