Калі фэрмэр з Тэхасу спытае вас пра самых вядомых беларусаў, то сьмела адказвайце — Ўэйн Грэцкі, Валянціна Церашкова і Андрэй Грамыка.

Ці шмат вы ведаеце славутых баўгараў? Баюся, без дапамогі Гугла многа не назавяце. А вось калі я ўпершыню быў у Баўгарыі, то са словаў мясцовага экскурсавода складалася трывалае ўражаньне, нібыта ўсё істотнае і важнае ў сьвеце вынайшлі баўгары. Праўда, баўгары, якія жывуць у ЗША і Заходняй Эўропе.

Гэта нармальная зьява для шмат якіх усходнеэўрапейскіх народаў са складанай гісторыяй станаўленьня ўласнай дзяржаўнасьці і вялікай міграцыяй — ганарыцца і лічыць «сваімі» ня толькі грамадзянаў сваёй маладой дзяржавы, але і ўсіх, хто мае хоць нейкае дачыненьне да гэтай нацыі. Здаецца,

толькі беларусы ўвесь час зь нейкім самаедзкім захапленьнем вядуць вечную дыскусію, каго называць «сваім». Іншыя народы тым часам прысабечваюць гістарычных асобаў без аніякіх сумненьняў.

Мне даспадобы «радыкальны» габрэйскі варыянт, калі «сваімі» лічацца ўсе габрэі па крыві, незалежна ад грамадзянства. Нават і сёньня, праз 65 гадоў пасьля ўтварэньня дзяржавы Ізраіль, калі трэба назваць самых славутых габрэяў, мы перш за ўсё ўзгадаем грамадзянаў ЗША, Расеі, іншых краінаў — але не самога Ізраілю.

Беларусы, як і габрэі, стагоддзямі ня мелі сваёй дзяржаўнасьці і таму аддавалі свае таленты тым дзяржаўным утварэньням, у якія ўваходзіла беларуская зямля.

Таму беларусам, нават больш чым іншым народам, варта пашыраць паняцьце «нашы» і на выхадцаў зь беларускай зямлі, і на этнічных беларусаў, што даўно жывуць за яе межамі.

Таму калі ваш новы знаёмы замежнік пасьля стандартнага пытаньня «А дзе гэта — Беларусь?» задае наступнае — «А хто самыя вядомыя беларусы?», то не спрабуйце патлумачыць яму, хто такія Скарына, Каліноўскі, Купала і Караткевіч.

У гісторыі і культуры кожнага народу ёсьць знакавыя постаці, свае нацыянальныя геніі, значнасьць якіх могуць ацаніць, аднак, толькі суайчыньнікі.

Цынічна кажучы, ёсьць геніі «для ўнутранага карыстаньня», а ёсьць геніі «на экспарт».

Мне даспадобы «радыкальны» габрэйскі варыянт, калі «сваімі» лічацца ўсе габрэі па крыві, незалежна ад грамадзянства

Паляшук Цярэнці Грэцкі на пачатку 20-га стагодзьдзя прыехаў у Амэрыку і стаў дзедам самага вялікага хакеіста ў гісторыі — Ўэйна Грэцкі.

Калі той прыяжджаў у Менск у 2010 годзе, то нават сустрэўся зь беларускімі сваякамі. «Я зь дзяцінства чуў беларускую мову», — сказаў, бадай, самы вядомы ў гісторыі грамадзянін Канады.

Бацька першай у сьвеце касманаўткі быў родам зь Бялыніцкага раёну Магілёўскай вобласьці, маці — з Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці.

«Бацькі выехалі ў Цэнтральную Расею на пачатку ХХ стагодзьдзя, бо не маглі пракарміцца. Усе мае бабулі размаўлялі па-беларуску, сьпявалі беларускія песьні. Зь мяне самой у Яраслаўлі пасьмейваліся, калі замест «открой дверь» казала «адчыні дзьверы», — ня так даўно распавядала сама Церашкова, прыехаўшы ў Менск.

Андрэй Грамыка, чалавек, які 28 гадоў узначальваў Міністэрства замежных спраў СССР, нарадзіўся ў вёсцы Старыя Грамыкі Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці.

«Містэр Не», адзін з самых славутых дыпляматаў 20-га стагодзьдзя, ва ўсіх савецкіх афіцыйных даведніках (прынамсі да пачатку 80-х) быў пазначаны як беларус.

Скажыце,

ці ёсьць хоць адна прычына, каб не называць гэтых людзей беларусамі? Ці ёсьць хоць адна нацыя ў сьвеце, якая б не лічыла такіх сусьветна вядомых асобаў «сваімі»?

Любы армянін сярод самых вядомых армян назаве амэрыканскую сьпявачку Шэр і францускага сьпевака Шарля Азнавура, палякі не забудуць амэрыканца Бжазінскага, украінцы — Чака Паланіка і Эндзі Ўорхала (славакі, праўда, таксама на яго прэтэндуюць).

Даўно пара, каб сярод самых славутых «нашых» у гісторыі разам з Шагалам, Дамейкам і Касьцюшкам кожны беларус узгадаў таксама Грэцкі, Церашкову і Грамыку.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?