Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 9 студзеня прызнаў каардынатара грамадзянскай кампаніі «Хопіць піць - трэба жыць» Дзмітрыя Карашкова вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства).

Суддзя Алена Цалкова пакарала актывіста штрафам у памеры 10 базавых велічынь (1,3 млн. рублёў).

Змякчальнай акалічнасцю пры вынясенні пастановы суддзя назвала наяўнасць у актывіста двух непаўналетніх дзяцей

і тое, што на працягу апошняга года ён не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.

11 лістапада Карашкоў выйшаў да аблвыканкама з расцяжкай памерам 1 на 6 метраў з надпісам « Спыніце продаж алкаголю каля школ!».

Яго даставілі ў аддзяленне міліцыі, дзе склалі адміністрацыйны пратакол.

У судзе актывіст віны сваёй не прызнаў, патлумачыўшы, што яшчэ ў лютым 2013 года звяртаўся ў гарвыканкам па дазвол на правядзенне антыалкагольнага пікету, як таго патрабуе заканадаўства і рашэнне мясцовых уладаў « Аб масавых мерапрыемствах».

Дазволу на правядзенне мерапрыемства ён не атрымаў, таму ў дадзеным выпадку палічыў, што звяртацца ў гарвыканкам бессэнсоўна. А права на правядзенне мірных сходаў гарантавана грамадзянам Канстытуцыяй.

«Я буду абскарджваць рашэнне суда і працягваць сваю дзейнасць. Праблема алкагалізацыі стаіць востра, улады не могуць заплюшчваць не яе вочы. Разам з тым яны не дапускаюць актыўнасці грамадзян, выказвання пратэсту, таму рашэнне суда было для мяне чаканым», - сказаў Карашкоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?