Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што асновай беларускай ідэі з'яўляюцца патрыятызм і гатоўнасць берагчы сваю спадчыну.
Такое меркаванне ён выказаў на цырымоніі ўручэння прэмій прэзідэнта.
«Настаў час выдзеліць тое, што стане аб'ядноўваючай усіх грамадзян беларускай ідэяй, у якую павераць усе — ад акадэміка да селяніна», - сказаў Лукашэнка.
На думку Лукашэнкі, пачуцці патрыятызму і гатоўнасці берагчы сваю спадчыну неабходна фарміраваць праз цікавасць да гісторыі і культуры народа.
«Наша гісторыя ніколі не была прыгожай казкай. Беларусь — скрыжаванне еўрапейскіх і азіяцкіх дарог, па якім не раз праносіліся войны і інтэрвенцыі. Але колькі ні спрабавалі — ніхто не змог заняволіць гэты мужны народ. Дзякуючы веры і духоўнай сіле продкаў Беларусь адраджалася з руін нібы Фенікс з попелу», — адзначыў Лукашэнка.
Ён лічыць, што асновай выхавання грамадзяніна павінна быць апора на гераічную спадчыну. Моцным стымулам для патрыятычнага ўздыму павінна стаць святкаванне 70-й гадавіны вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі.
«Але наша гісторыя не вычэрпваецца толькі падзеямі тых ваенных гадоў. У ёй былі Полацкае і Тураўскае княствы, дзе прараслі ўсходы нашай дзяржаўнасці і культуры; працы і думкі першаасветнікаў Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, светачаў Адраджэння Францыска Скарыны і Міколы Гусоўскага, роданачальнікаў беларускай культуры новага часу Янкі Купалы і Якуба Коласа; тэхналагічны, культурны прарыў, здзейснены ў гады савецкай улады, і наша з вамі напружаная праца па стварэнні суверэннай беларускай дзяржавы», - сказаў ён.
«Мы не павінны адмаўляцца ад пазітыўных элементаў гэтай спадчыны, каб яна ўмацоўвала духоўную платформу дзяржавы», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што нярэдка даводзіцца чуць, што ў нашы дні на змену прывычнай маралі прыходзіць «разумны эгаізм», паколькі ў аснове поспеху ляжыць фінансавы інтарэс. «Але любы матэрыяльны дабрабыт прадугледжвае трывалы духоўны падмурак. Следам за заклікамі да адмовы ад культурнай самабытнасці ў імя глабалізацыі сёння ўсё часцей раздаюцца заклікі вярнуцца да правераных часам норм і ідэалаў», - сказаў кіраўнік дзяржавы.
«З аднаго боку, у «старой» Еўропе лідзіруюць прыхільнікі так званай неаліберальнай маралі. З другога - на Усходзе, у прыватнасці ў Кітаі, прагрэс грунтуецца на абавязковай пераемнасці мінулага і сучаснага. У Расіі набірае сілу імкненне рухацца наперад, абапіраючыся перш за ўсё на свой вопыт і традыцыі», — адзначыў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што лёс беларускага народа, нібы маятнік, заўсёды вагаўся паміж двума геапалітычнымі полюсамі — Усходам і Захадам, у беларускай культуры выразна відаць сляды ўплыву і рускай, і заходнееўрапейскіх, і азіяцкіх культур.
«Але пры гэтым мы заўсёды захоўвалі сваю ідэнтычнасць, дзе больш, дзе менш, але ў свеце нас ведаюць як беларусаў, і гэта дарагога каштуе», - сказаў Лукашэнка.