Дзяржаўнае аб'яднанне навуковых і прыкладных даследаванняў Аўстраліі выбачылася перад сямігадовай дзяўчынкай за тое, што не змагло зрабіць ёй дракона, які б дыхаў агнём (беларусы кажуць у такіх выпадках «цмок»).
Сафі Лестэр з Брысбэна марыла, каб ёй падарылі жывога дракона на Каляды. Бацькі сказалі, што гэта немагчыма, і тады дзяўчынка звярнулася з гэтай просьбай да навукоўцаў.
У лісце ў адказ навукоўцы растлумачылі дзіцяці, што не могуць стварыць рэальнага дракона, бо ў гэтай галіне не праводзіліся даследаванні.
Замест гэтага яны выслалі дзіцяці тытанавую мадэль казачнага яшчара, зробленую ў лабараторыі.