Сёння ўвечары пройдзе фінал адбору на «Еўрабачанне». Чым цікавы сённяшні фінал? Па-першае, упершыню за некалькі гадоў у ім НЕ ўдзельнічае Алена Ланская (але не хвалюйцеся, яна праспявае як запрошаны госць), аднак за права выступіць у Даніі пазмагаецца Аляксандр Саладуха. «Наша Ніва» прапануе вам загадзя паслухаць песні фіналу і зрабіць стаўкі на пераможцу.

Наталля Тамела – Not What I’ve Been Looking For

Наталля Тамела калісьці была салісткай аркестра Фінберга, пасля запісала адзін альбом і з гарызонтаў знікла. Раптоўна яе імя з’явілася ў спісе прэтэндэнтаў на Нацыянальную музычную прэмію ў намінацыі «Найлепшы поп-артыст», што трохі ўсіх здзівіла.

Яе песня «Не тое, што я шукала» – гэта лёгкі джаз, ці як яго яшчэ называюць «гангстарскі свінг»

— самае папулярнае джазавае адгалінаванне сярод рэстаранных музыкаў. Дарэчы, палова прэтэндэнтаў на дзіцячае Еўрабачанне працавалі ў такой манеры.

Nuteki – Fly Away

Nuteki пазіцыянуюць сябе як рок-гурт, песня ў іх цалкам укладаецца ў радыйны фармат, такіх гуртоў тысячы, што ніяк нельга лічыць мінусам. Адно, што не зразумела,навошта гэтым хлопцам «Еўрабачанне»? І да таго ж,

хацелася б бачыць ад нашай краіны нешта з большай доляй нацыянальнага каларыту. А не «як у Брытаніі».

Арцём Міхаленка – Рапсодыя №1

А вось адзін з самых незвычайных удзельнікаў адбору. Па-першае, удзел у конкурсе з песняй, назва якой утрымлівае слова «рапсодыя»,– гэта ўжо незвычайна. Па-другое,

голас у спадара Міхаленкі нагадвае калі не пра оперу, то пра савецкую эстраду кшталту Хіля і Кабзона.

Песня аказалася рускамоўнай баладай пра каханне, у стылі «Вечнага кахання» Гарварэнца-Азнавура, аднак з электронным дадаткам. Шанцаў няшмат.

Мацвей Купер і DUX – Strippers

А вось

песня пра стрыптызёраў, дакладней, пра тое, куды яны падзенуцца, калі састарэюць.

У створанай уласнымі рукамі характарыстыцы песні спадар Купер падкрэслівае, што маладосць не вечная, затое «вечная музыка, яскравая, якая заслугоўвае перамогі на «Еўрабачанні»». На фоне астатніх удзельнікаў — дакладна яскравая.

Тэа – Cheesecake

Песня пра чызкейк, які разам са смузі, пэнкейкамі і іншымі мафінамі — любімая ежа любога хіпстара. Толькі песня не пра яго, а пра каханне, як спявала адна ўдзельніца «Еўрабачання» 90-х. З мінулага года стала заўважна, што беларускія музыкі ў большай ступені засвоілі каноны папулярнай еўрапейскай музыкі, але ці тое дапаможа?

Менавіта такія песні на конкурсе застаюцца ў паўфінале.

Дарыя – Starlight

А вось такія песні трапляюць у фінал і нават у ім перамагаюць. Чаму? Трэба пытацца ў аматараў «Еўрабачання», якія галасуюць. Песня зроблена ў стылістыцы апошніх пераможцаў конкурса.

Мелодыя можа засесці ў галаве, і англійская мова ў Дарыі вельмі някепская.

Алена Сіняўская – Via Lattea

Дарэчы, салістка Тэатра оперы і балета. Сітуацыя, калі оперныя прафесіяналы ідуць у эстраду, спрэчная па сутнасці, аднак нумар атрымаўся цікавы. Праўда, можна было б абысціся без электронікі.

Песня прыгожая, але для «Еўрабачання» надта ўжо нефарматная.

Аліна Мошчанка – Angel Crying

Без чаго не бывае «Еўрабачання»? Без балад пад фартэпіяна!

Яны ёсць у нас. Аліна Мошчанка запісала тыповую песню ў стылі «як на Еўрабачанні» — «Плач анёла», некаторыя меладычныя пасажы нагадваюць пра Лінду Ронстат, ад чаго робіцца вельмі прыемна, аднак ці не лепш спяваць такія песні без усялякіх конкурсаў?

Жанэт – You Will be Here

А вось яшчэ адна клавішная балада, аднак па якасці саступае папярэдняй: калі ў Мошчанкі мелодыя мела прыгожую «хвалевую» канструкцыю, то

Жанэт запісала тыповы для нашай эстрады нумар,

што праўда, на англійскай мове. Ставіць на яе мы б не раілі.

Настасся Малашкевіч – Runaway

Колькі сусветных хітоў было запісана з гэтай назвай! Але тут іншая справа — яшчэ адна клавішная балада, якія выставіліся напрыканцы адбору як на парад.

Голас у спадарыні Малашкевіч цікавы – глыбокі, нізкі,

аднак гэта той выпадак, калі выкананне лепшае за песню. Чакаем на радыё.

Switter Boys feat Kate&Volga Karol – Вечная любовь

Дарэчы, у расейскай версіі Kate&Volga гучыць як Катя-Волга. Чаму песня называецца «Вечнае каханне» і пры гэтым запісана па-англійску, ды пры чым тут Моніка Белучы, якую «любіць кожны хлопец» і якая рыфмуецца з Gucci. Ад рэдакцыі падказваем, што ёсць яшчэ класічная рыфма – hoochie-coochie. Але ладна, бо песня незвычайная – тройчы мяняе мелодыку, і настрой, і стыль.

Нешта падказвае, што нашае журы іх у Данію не пусціць.

Napoli – Stay with me

Вось яшчэ адна песня пра каханне з клавішамі і мужчынскім/жаночым вакалам. Вось цікава, калі кампазітары пішуць песні пад «Еўрабачанне», на што яны арыентуюцца? Часам такое адчуванне, што на заходніх удзельнікаў паўфіналаў. Аднак ці гэта плённы падыход?

Макс Лорэнс&Дзідзюля - Now you're gone

А вось

меркаваныя фаварыты — дуэт гітарыста ДзіДзюлі і Макса Лорэнса, тэкст песні ім напісаў былы ўдзельнік Deep Purple Джо Лін Тэрнер (страшна папулярны ў расейскіх клубах). Цікава, абвінаваціць ДзіДзюлю ў дрэнным гусце язык не павернецца, Тэрнер таксама ў музыцы не першы дзень, аднак песня атрымалася досыць звычайная. «Аптымальныя расклады, а чагосьці не стае», — як спяваў Лявон Вольскі.

Tasha Odi - «Empty Universe»

Перадапошні ўдзельнік — Tasha Odi з песняй пра пусты сусвет. Гэта таксама тыповая фарматная песня для праслухоўвання па радыё, цягам «Еўрабачання» мы пачуем, як мінімум, такіх тры. Ізноў тое ж пытанне: чаму, чаму нельга зрабіць што-небудзь хоць мінімальна адрознае ад фармату «еду на поп-конкурс»?

Песні 15-га ўдзельніка, Аляксандра Саладухі, у інтэрнэце пакуль няма, паколькі

ўдзел галоўнага поп-музыкі краіны ў фінале адбору стаў сюрпрызам для ўсіх, то і хай ягоная песня з шматабяцальнай назвай «Мая жанчына» застанецца сюрпрызам.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?