У Беларусі рыхтуецца законапраект, які прадугледжвае адмену манаполіі «Белтэлекама» на аказанне некаторых відаў паслуг сувязі.

У Беларусі рыхтуецца законапраект, які прадугледжвае адмену манаполіі «Белтэлекама» на аказанне некаторых відаў паслуг сувязі. Аб гэтым паведаміў намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці пры прэзідэнце Беларусі Валерый Дарашкевіч.

Паводле яго слоў, план падрыхтоўкі законапраектаў прадугледжвае распрацоўку праекта закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон аб электрасувязі, прыняты ў 2005 годзе. Гэта звязана з неабходнасцю прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з патрабаваннямі Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Валерый Дарашкевіч адзначыў, што плануецца зняць манаполію нацыянальнага аператара электрасувязі ў выпадках, калі яна стрымлівае развіццё рынку паслуг сувязі. «Аднак сказаць, што манаполія будзе ўстаранёна поўнасцю, нельга», — падкрэсліў намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасці.

Калі ў бягучым годзе закон будзе падрыхтаваны і ўнесены ў Палату прадстаўнікоў, то да канца наступнага года змяненні могуць быць унесены. «Цяпер цяжка вызначыць, у якім выглядзе будзе праект, паколькі ён пастаянна развіваецца і дапрацоўваецца», — заўважыў намеснік дырэктара.

«Цяпер самымі ключавымі момантамі, па якіх будуць весціся работы ў гэтым напрамку, з’яўляюцца адмена манаполіі на ажыццяўленне міжнародных званкоў і ўзаемадзеянне паміж аператарамі сотавай сувязі», — праінфармаваў Валерый Дарашкевіч. Дзеючы закон «Аб электрасувязі» дазваляе аператарам злучацца паміж сабой толькі праз «Белтэлекам». «Як бы нацыянальнага аператара ні задавальняла існуючае становішча, ён вымушаны лічыцца з сучаснымі ўмовамі. Мы паступова прыходзім ад кіравання да рэгулявання, — растлумачыў ён. — Цяпер мы працуем над стварэннем правіл, якія павінны задаволіць найбольшую колькасць ігракоў тэлекамунікацыйнага рынку».

Законапраект таксама будзе вызначаць асноўныя напрамкі развіцця электрасувязі на аснове айчыннага і замежнага вопыту, рэфармавання сістэмы электрасувязі з улікам уступлення Беларусі ў СГА. Прадугледжваецца, што змяненні будуць накіраваны на ўрэгуляванне арганізацыйна‑тэхнічнага ўзаемадзеяння аператараў электрасувязі, змяненне парадку разлікаў тарыфаў на паслугі далучэння на аснове празрыстасці, вызначэнне парадку вырашэння спрэчак паміж аператарамі, забеспячэнне інтарэсаў фізічных асоб і, нарэшце, збалансаванае развіццё рынку паслуг ва ўмовах канкурэнцыі шляхам увядзення універсальнага абслугоўвання і аказання універсальных паслуг.

Акрамя гэтага, прадугледжваецца ўвядзенне добраахвотнай сертыфікацыі паслуг сувязі, што аказваюцца аператарамі. Выключэнне складуць аператары, якія займаюць дамінуючае становішча на рынку, а таксама якія аказваюць універсальныя паслугі, — для іх неабходна ўвесці абавязковую сертыфікацыю.

Як адзначыў старшыня асацыяцыі інфармацыйных і камунікацыйных прадпрыемстваў «Белінфакам» Андрэй Нарэйка, калі знікне манаполія на паслугі сувязі, на рынак прыйдуць аператары, якія прадаставяць высокатэхналагічныя і сучасныя сэрвісы.

«На рынак выйдуць міжнародныя аператары, будуць зніжаны тарыфы на міжнародныя званкі і доступ у Інтэрнэт, а таксама павялічыцца скорасць доступу ў сетку. Гэта адбудзецца не заўтра, але факт распрацоўкі такога дакумента сведчыць аб значным прагрэсе ў гэтай сферы», — сказаў ён.

На думку старшыні асацыяцыі, закон 2005 года атрымаўся не вельмі прагрэсіўным. Цяпер адбываюцца змяненні, звязаныя і з уступленнем Беларусі ў СГА, і з развіццём сучасных тэхналогій. «Міністэрства сувязі і інфарматызацыі непакоіць, як дзейнічаць у перыяд, калі трэба мяняць прывычныя ўмовы. Неабходна распрацаваць нарматыўную базу па рабоце ў гэты перыяд», — адзначыў ён.

«Белінфакам» прапанаваў правесці ў лістападзе сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі канферэнцыю па пытаннях рэструктурызацыі рынку паслуг сувязі. «Мы плануем абмеркаваць сітуацыю, што склалася ў Расіі, Украіне і Літве, калі яны адмовіліся ад манаполіі нацыянальных аператараў электрасувязі. Хочам вызначыць, якія нарматыўныя акты трэба распрацаваць, як аператарам выходзіць на конкурс, што абмежаваць, а што не, і ў якой паслядоўнасці ўсё гэта выконваць», — канстатаваў Андрэй Нарэйка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?