Нацыянальная акадэмія навук Беларусі адмовілася перадаваць Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Максіма Багдановіча ў Мінску аўтографы паэта, баючыся за захаванасць фондаў у сувязі з будучай рэарганізацыяй гэтай музейнай установы.

Пра гэта на ўмовах ананімнасці паведаміла супрацоўніца музея Багдановіча, якая 10 студзеня выступіла на літаратурна-музычнай імпрэзе ў сталічнай «Арт Сядзібе» ў межах кампаніі па абароне музея.

Музей Багдановіча, як і Літаратурны музей Петруся Броўкі, да 1 красавіка будзе пераўтвораны ў філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры паводле адпаведнага загаду міністэрства ад 4 студзеня гэтага года.

«Акадэмія навук, даведаўшыся пра тое, што мы будзем невядома кім, філіялам ці якімсьці аддзелам, адмовілася ад гэтага кроку, пабаялася за тое, што будзе з нашым фондам», — сказала супрацоўніца музея.

Паводле яе словаў, рэарганізацыя музея, можа, і не адаб`ецца адмоўна на асобе Багдановіча, ён «застанецца самым любімым паэтам беларускага народа», але з-за гэтых зменаў «пацярпяць тыя людзі, якія неабыякавыя да музея, якія працуюць там не дзеля заробку ці «галачкі», а прыйшлі свядома працаваць на ніве беларускай культуры».

«З трыццаці навуковых супрацоўнікаў могуць застацца толькі чатыры ці пяць чалавек. З гэтага вынікае, што над тым жа самым мерапрыемствам, якое рабіў увесь навуковы калектыў, зараз будуць працаваць адзінкі», — адзначыла супрацоўніца музея.

Апроч таго, сказала яна, філіял не распараджаецца сродкамі, якія паступаюць на рахунак музея, а значыць, ёсць верагоднасць, што багата мерапрыемстваў перастануць фінансавацца і «ўзровень папулярызацыі творчасці Максіма Багдановіча, яго асобы будзе зменшаны».

Асабліва музейныя супрацоўнікі занепакоеныя тым, што можа знікнуць традыцыйны фестываль «Ракуцёўскае лета», а таксама спыніцца практыка правядзення міжнародных канферэнцый, прысвечаных Максіму Багдановічу, якія ладзяцца пад эгідай музея.

«Магчыма, такога не будзе, але здаецца, што ўсё ідзе менавіта да гэтага. Паніжэнне статусу музея адаб`ецца на паніжэнні Багдановіча ў грамадстве як нацыянальнай асобы», — заявіла суразмоўца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?