AFP

У Ізраілі 11 студзеня памёр былы прэм'ер-міністр Арыэль Шарон, які некалькі гадоў знаходзіўся ў коме. Пра гэта паведамляе lenta.ru са спасылкай на Reuters.

Стан 85-гадовага былога палітыка значна пагоршыўся ў пачатку студзеня 2014 года. Спачатку ў яго выявілі нырачную недастатковасць. Пазней дактары зафіксавалі адмову іншых жыццёва важных органаў.

У пачатку месяца з Шаронам таксама правялі тэсты, якія выявілі павышаную актыўнасць яго мозгу. У прыватнасці, былы прэм'ер рэагаваў на запіс голасу сваякоў і на дотык.

Шарон трапіў у кому ў 2006 годзе пасля інсульту.

Яго дзед нарадзіўся і вырас у Брэсце. Бацька таксама быў з Брэста. Маці нарадзілася пад Чавусамі на Магілёўшчыне. У Палесціну бацькі эмігравалі ў 1922 г.

Шарон з плеяды ізраільскіх палітыкаў, якія пачыналі сваю кар'еру салдатамі і афіцэрамі неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці краіны ў 1948 годзе.

Ён стаяў ля вытокаў спецназу ізраільскай арміі, камандаваў дэсантнікамі ў перыяд Суэцкага крызісу 1956 і танкістамі падчас Шасцідзённай вайны 1967 года.

Славу выбітнага ваеннага стратэга Шарону прынёс удзел у Вайне Суднага дня 1973 года. Тады яго бранятанкавай дывізіі ўдалося фарсіраваць Суэцкі канал і захапіць плацдарм на афрыканскім беразе, што ў канчатковым выніку прывяло да капітуляцыі егіпцян.

У якасці палітыка Шарон быў адным з актыўных прыхільнікаў будаўніцтва габрэйскіх паселішчаў на палесцінскіх землях.

Стаўшы прэм'ер-міністрам, ён у 2005 годзе выступіў з ініцыятывай аднабаковага размежавання з палесцінцамі.

У выніку былі ліквідаваныя ізраільскія паселішчы ў сектары Газа. У верасні 2005 года гэтую тэрыторыю пакінулі апошнія падраздзяленні ЦАХАЛ, дадае lenta.ru.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?