Блогерка Наталля Васілевіч (Burbalka) звярнула ўвагу на фантастычна імклівую кар'еру асабістага сакратара мітрапаліта Паўла, 21-гадовага Дзімітрыя Варламава.
Сакратар прыехаў у Мінск услед за Паўлам.
Іерэй Дзімітрый Варламаў нарадзіўся 5 ліпеня 1992, і да свайго ад'езду ў Мінск з'яўляўся студэнтам 5 курса Разанскай праваслаўнай духоўнай семінарыі.
Вось кароткая храналогія атрымання ім узнагарод.
Пасвячэнне на дыякана: 27 кастрычніка 2013 (пасведчанне №934)
Пасвячэнне на прасвітара: 24 лістапада 2013 (пасведчанне №1017)
Прызначаны клірыкам Кафедральнага сабора Нараджэння Хрыстова: 25 лістапада 2013 (указ №1018).
Узнагароджаны набедранікам: 1 снежня 2013.
Узнагароджаны камілаўкай [высокі, цыліндрычны галаўны ўбор — НН]: 22 снежня 2013.
Прызначаны клірыкам Епархіяльнага падворка ў гонар святога праведнага Іаана Кранштацкага: 22 снежня 2013 (указ №1064).
4 студзеня 2014 падчас першага набажэнства мітрапаліта Паўла і падчас прыбыцця ў рэзідэнцыю — у іерэя Дзімітрыя Варламава ужо быў узнагародны нагрудны крыж.
Каб ацаніць хуткасць, параўнаем яе з нарматыўнай, указанай у Палажэнні аб узнагародах РПЦ:
2.3.2. Набедранік. Узнагароджанне адбываецца не раней чым праз тры гады пасля хіратоніі ўзнагароджваемага.
У іерэя Дзімітрыя прайшоў 1 тыдзень.
2.3.3. Камілаўка. Узнагароджанне адбываецца не раней чым праз тры гады пасля ўзнагароджання набедранікам.
У іерэя Дзімітрыя прайшло 20 дзён.
2.3.4. Нагрудны крыж. Узнагароджанне адбываецца не раней чым праз тры гады пасля ўзнагароджання камілаўкай.
У іерэя Дзімітрыя прайшло не больш за 13 дзён.
Агулам замест 9 гадоў маем 40 дзён.
Для наступнай ўзнагароды - сану протаіерэя - давядзецца ўсё ж пачакаць, бо для яе патрабуецца ўказ патрыярха, а таксама не менш за пяць гадоў пасля ўзнагароджання нагрудным крыжам. Хоць існуе агаворка, што «у выключных выпадках ўзнагарода можа быць дадзеная і да заканчэння гэтага тэрміну».
Дзімітрый ездзіць на сціплым «Нісане», але любіць фатаграфавацца з больш дарагімі машынамі.
* * *
Іерэй Дзімітрый Варламаў знаходзіцца ў шлюбе з Вольгай Варламавай (Рыжовай), 1994 года нараджэння.