Cтарадаўнія рэлігійныя ўяўленьні пра бясконцае змаганьне сьветлага й добрага пачаткаў, можна сказаць, знайшлb сваё экспэрымэнтальнае пацьверджаньне ў фізыцы. Піша Віталь Тарас.

Пакуль у Расеі ўсур’ёз рыхтуюцца ўводзіць «асновы праваслаўя» для малодшых клясаў, Рада Эўропы пастанавіла рэкамэндаваць усім навучальным установам цалкам адмовіцца ад выкладаньня тэорыі боскага паходжаньня сьвету (крэацыянізму) як ненавуковай. Насамрэч, праблема (калі лічыць гэта праблемай), палягае на тым, што карціна Сусьвету, атрыманая на падставе сучасных навуковых зьвестак, выглядае куды больш складанай, а галоўнае — куды больш цікавай.

«Дзірка» ў Сусьвеце

Які школьнік сёньня ня ведае тэрміну «Вялікі Выбух»! Яго ўвёў у навуковы ўжытак у 1946-м амэрыканскі фізык, тройчы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Георгій Гамаў (былы савецкі навуковец, які зьбег з СССР у 1933-м). Паводле ягонай тэорыі, якая абапіралася на тэорыю адноснасьці Айнштайна, Сусьвет узьнік 13 мільярдаў гадоў таму са звышшчыльнай субстанцыі са звышвысокай тэмпэратурай, і з таго часу ён бясконца пашыраецца і астывае. Гамаў прадказаў таксама адкрыцьцё так званага «рэліктавага выпраменьваньня» у космасе — адгалоскаў пачатку Вялікага Выбуху.

У 1978 годзе Нобэлеўскую прэмію за экспэрымэнтальнае пацьверджаньне тэорыі Гамава атрымалі Арно Пэнзіяс (немец, які зьбег у ЗША зь гітлераўскай Нямеччыны) і амэрыканец Робэрт Уілсан. Пазьней быў створаны спадарожнік WMAP (мікрахвалевы анізатропны тэстэр Уілкінсана), які назірае за тым самым рэліктавым выпраменьваньнем. Дык вось, нядаўна гэты спадарожнік выявіў гіганцкую «дзірку» ў сузор’і Эрыдана. У гэтай дзірцы памерам «усяго» ў дзесяць тысячаў мільярдаў кілямэтраў, няма анічога — нават рэліктавага мікрахвалевага выпраменьваньня. Абсалютны нуль.

Між тым, гэтае фантастычнае адкрыцьцё пацьвярджае тэорыю аб існаваньні так званай цёмнай матэрыі. (Паняцьце, якое першым прапанаваў Айнштайн.) На думку навукоўцаў, яна павінна была быць на першых этапах існаваньня Сусьвету. Паводле экспэрымэнтальных разьлікаў, адразу пасьля Вялікага Выбуху разам з матэрыяй узьнікла й антыматэрыя (сынонім «цёмнай матэрыі»), якая выконвала ролю магніту для першых зорак. Дзякуючы цёмнай матэрыі, можна сказаць, Сусьвет і разагрэўся.

Галоўны парадокс у тым, што для назіральніка, нават узброенага прыборамі, цёмная матэрыя практычна незаўважная — яна не выпраменьвае сьвятла ці радыяцыі, яна мае толькі сілу прыцягненьня. Дакладней — антыгравітацыі.

4%

Большасьць сучасных фізыкаў сыходзяцца на тым, што доля антырэчыва ў Сусьвеце складае каля 96 адсоткаў яго аб’ёму і масы. «Мы лічым, што разумеем Сусьвет, але на самай справе мы гаворым толькі пра чатыры яго адсоткі», — сказаў неяк ляўрэат Нобелеўскай прэміі па фізыцы 1980 году Джэймс Уотсан Кронін. Паводле ягоных словаў, 73 % Сусьвету складае цёмная энэргія — гіпатэтычная форма энэргіі, якая мае адмоўны ціск і якая раўнамерна запаўняе ўсю прастору. Яшчэ 23 % — цёмная матэрыя, нераспазнаны матэрыял, які мацуе Ўнівэрсум і паскарае яго пашырэньне. 4 % атамаў і малекулаў складаюць так званую нармальную матэрыю, альбо, кажучы словамі выкладчыкаў навуковага камунізму, «аб’ектыўную рэальнасьць, дадзеную нам у адчуваньнях…»

Цёмную матэрыю нельга выявіць ніякім чынам, нават з дапамогай прыбораў. Аднак яе прысутнасьць можна давесьці, бо пад яе ўзьдзеяньнем скрыўляецца выпраменьваньне далёкіх галяктык. Мы можам пераканацца ў існаваньні цёмнай энэргіі на прыкладзе іх разьбяганьня. Прычым, разьбяганьне, як выявілі астрафізыкі, парадаксальным чынам адбываецца з усё большым паскарэньнем, насуперак сілам гравітацыі.

Сёньня ёсьць дзьве асноўныя гіпотэзы, пабудаваныя на падставе тэорыі Вялікага Выбуху. Першая: Сусьвет, дасягнуўшы максымальнага памеру, «схлопваецца», пасьля чаго адбываецца новы выбух. То бок, Сусьвет як бы бясконца пульсуе. Другая: Сусьвет пашыраецца бясконца. Зразумела, сіламі сёньняшняй навукі немагчыма сканструяваць кампутарную мадэль Унівэрсуму. Для таго, каб ацаніць правільнасьць тае або іншай гіпотэзы, трэба было б пражыць, прынамсі, некалькі мільярдаў гадоў.

Але выглядае на тое, што старадаўнія рэлігійныя ўяўленьні пра бясконцае змаганьне сьветлага й добрага пачаткаў, можна сказаць, знайшлі сваё «экспэрымэнтальнае» пацьверджаньне. Праўда, усё залежыць ад становішча назіральніка — «цёмнае» й «сьветлае» могуць мяняцца на свае процілегласьці: з гледзішча прадстаўніка «нармальнай» матэрыі і з гледзішча прадстаўніка матэрыі «цёмнай» усё можа бачыцца інакш.

Ня сьнілася нашым мудрацам

Жарты жартамі, але прагрэс у галіне астрафізыкі за апошнія дзесяцігодзьдзі сапраўды ўражвае. Калі зусім нядаўна гэтую навуку параўноўвалі з палеанталёгіяй (бо бачны нам Сусьвет ёсьць, насамрэч, карцінай Вялікага Выбуху на момант некалькіх мільёнаў гадоў таму), дык сёньня астрафізыка апэруе экспэрымэнтальнымі зьвесткамі й кампутарнымі мадэлямі. Навукоўцы прадказваюць, што ў бліжэйшыя гады будуць экспэрымэнтальным шляхам выяўленыя «антычасьцінкі», якія кардынальна адрозьніваюцца па сваёй прыродзе ад вядомых нам барыёнаў (пратонаў, нэўтронаў, нэўтрына і г.д.)

Цікава, аднак, што ў той самы час у галіне дасьледаваньня чалавека — у прыватнасьці, вывучэньня законаў дзейнасьці яго цэнтральнай нэрвовай сыстэмы і псыхікі — навука прасунулася наперад (калі ўвогуле прасунулася) куды менш. Дастаткова сказаць, што ў галіне фізыялёгіі й мэдыцыны Нобэлеўскую прэмію за адкрыцьцё мэханізму ўмоўных рэфлексаў фізыёляг Іван Паўлаў атрымаў ажно ў 1904 годзе. А Роджэр Спэры за адкрыцьцё функцыянальных адрозьненьняў паўшар’яў галаўнога мозгу атрымаў Нобэля толькі праз 77 гадоў. Ні да, ні пасьля гэтага вялікіх адкрыцьцяў у галіне вышэйшай нэрвовай дзейнасьці адзначана не было — прынамсі, Нобэлеўскім камітэтам. Ці азначае гэта, што прынцыпы дзейнасьці галаўнога мозгу чалавека ўжо цалкам вывучаная і ніякіх адкрыцьцяў у гэтай галіне чакаць ня сьлед? Наўрад ці.

Але на сёньняшні дзень інтэлектуальны, творчы, а галоўнае, маральны бок дзейнасьці homo sapiens выглядаюць суцэльнай загадкай.

Якім навуковым спосабам можна патлумачыць, напрыклад, той факт, што фізык родам зь Беларусі Жарэс Алфёраў, нобэлеўскі ляўрэат 2000 году (за вывучэньне паўправаднікоў), адзін з падпісантаў знакамітага ліста дзесяцёх акадэмікаў РАН супраць абавязковага выкладаньня праваслаўя ў навучальных установах, пагадзіўся ўвайсьці ў сьпіс Кампартыі Расейскай Фэдэрацыі на сёлетніх выбарах у Думу? Акадэмік Алфёраў пазначаны ў фэдэральным выбарчым сьпісе другім нумарам, адразу ўсьлед за лідэрам КПРФ Зюганавым, які нядаўна выступіў у падтрымку…таго самага выкладаньня Закону Божага ў школах. Гэтую прапанову РПЦ Зюганаў назваў слушнай, бо, на яго думку, «праваслаўная культура ляжыць у аснове разьвіцьця» Расеі.

Магчыма, тлумачэньне падобных фэномэнаў трэба шукаць недзе ў глыбінях цёмнае матэрыі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?