Дзмітрый Якаўлевіч Бугаёў, чыё 85-годдзе мы святкуем гэтымі днямі, – сведка некалькіх эпох.

Пасталеўшы ў сталіншчыне і вайне, ён перажыў надзеі «адлігі» і безнадзейнасць «застою», дэмакратычна-адраджэнскі час і апынуўся разам з усімі намі ў новым застойным перыядзе, які, трэба думаць, таксама не бясконцы.

Ва ўсе часы была ў яго магчымасць выбару, і тое, што сёлета мы гаворым пра Бугаёва з павагай і ўшаноўваем ягоную спадчыну, сведчыць пра слушнасць таго выбару,

які рабіўся цягам застойна-надзейнай «цераспалосіцы» і які, урэшце, дапамог апраўдацца і пасляваеннаму беларускаму літаратуразнаўству і крытыцы.

Якое б тысячагоддзе не стаяла за вакном, Дзмітрый Бугаёў рабіў стаўку на шчырую працу, даследаванне лепшага ў бягучым літпрацэсе і актуалізацыю спадчыны.

Сёння, як гэта ні абсурдна, даволі лёгка можна ўявіць, якой смеласцю было – займацца ў 1950-я і 1960-я гады творчасцю пісьменнікаў даваеннай пары, творчасцю былых палітзняволеных, па сутнасці.

Далёка не кожны літаратуразнаўца наважваўся на гэта: сталінскія кадры працягвалі працаваць і ў апараце кампартыі, і ў кіраўніцтве акадэмічнай навукай, ды і ў асяроддзі самога Саюза пісьменнікаў. Тым не менш,

для Дзмітрыя Якаўлевіча, чый бацька ў 1936-м не вярнуўся пасля чарговага арышту, падобны выбар быў натуральны.

Ён ведаў вартасць таго часу, і не меў наконт яго ніякіх ілюзій. Але ў адкрытую гаварыць праўду пра сталінскія зверствы ён не мог. Сёй-той сказаў бы сёння: дык навошта тады было ісці на кампрамісы, пісаць пра «асобныя недахопы», «пэўныя памылкі» і г.д.? Можна адказаць з усёй пэўнасцю: таму што іначай гаварыць пра рэпрэсаваных пісьменнікаў было нельга. Так, абстрактна-апісальны стыль, агульныя словы, і ў той жа час – зерне біяграфічных дадзеных, аналіз твораў, ачышчэнне іх ад вульгарна-сацыялагічных наносаў, і, у выніку, – выданне манаграфій і збораў твораў, пад афіцыйным акадэмічным грыфам, што імгненна, лепш за ўсякую даведку, рэабілітоўвала пісьменніка, уключала яго творчасць у фундаментальныя распрацоўкі, універсітэцкія праграмы і г.д. Так, пакрысе паўставала новая, непрыгладжаная пастановамі ЦК карціна літаратуры.

Дзмітрый Бугаёў быў адным з тых падзвіжнікаў, якія паступова, год за годам, праводзілі рэабілітацыю літаратуры 1920-х гадоў, уключалі яе шматгранную палітру ў афіцыйную акадэмічную гісторыю літаратуры.

Ягоныя манаграфіі пра Уладзіміра Дубоўку (1965) і Максіма Гарэцкага (1968) і сёння чытаюцца з цікавасцю.

Аналізуючы раннія апавяданні Лынькова (1963) і «Хто смяецца апошнім» Крапівы (1971), прозу Барыса Мікуліча і Васіля Каваля (1959-1960), творчасць Платона Галавача (1973), Бугаёў перш за ўсё падкрэсліваў той нязломны пісьменніцкі характар, маральную прынцыповасць, якія, можа, не заўсёды і не ўсім нашым літаратарам былі ўласцівыя, аднак для гісторыі (і гісторыі пісьменства ў тым ліку) надзвычай важныя.

Гэтая павага і ўвага да пісьменніка з магутным унутраным стрыжнем арганічна прывялі Дзмітрыя Бугаёва да аналізу творчасці Івана Мележа і Васіля Быкава, якім крытык прысвяціў не адну кнігу і не адзін дзясятак артыкулаў. Гаворачы пра гэта, нельга забываць, што

падобны выбар, асабліва ў дачыненні Быкава, быў у 1960-я гады для маладога дацэнта БДУ дужа небяспечным.

Яшчэ нельга забываць, што функцыя і важкасць крытыкі ў той час была зусім інакшай, як цяпер: крытык мог паспрыяць выхаду кнігі, мог і наадварот – выштурхнуць яе разам з аўтарам на маргінэс літаратурнага жыцця. Ад кніжнага ж ганарару многія пісьменнікі залежалі наўпрост, таму звязку гэтую пакінуць і абмінуць не маглі. Добрая ці дрэнная крытыка, атрыманая кнігай, уплывала не на продажы і прэміі, як у заходніх краінах, але на агульную ацэнку кіраўнікоў выдавецтваў і, перш за ўсё, кантрольных органаў – ЦК партыі. Дзмітрый Бугаёў некалькі дзесяцігоддзяў быў часткай гэтай сістэмы, і калі пагартаць ягоныя публікацыі 1960-х – 1980-х гадоў, можна ўбачыць, што

дапамагаў ён сапраўды таленавітым і вартым аўтарам: Генадзю Бураўкіну, Анатолю Вярцінскаму, Яўгеніі Янішчыц.

Ягонае добрае слова не раз было супрацьвагай чарговаму пагромніцкаму артыкулу, у якім бэсціўся Васіль Быкаў.

Перабудова і гады незалежнасці адкрылі зусім іншага Бугаёва: бескампраміснага крытыка таталітарнай сістэмы, камуністычнай утопіі, абаронцу нацыянальнага праекту Беларусі.

Адкінуўшы былыя забароны, па-новаму глянуў ён на прозу Васіля Быкава ў кнізе «Праўда і мужнасць таленту», па-новаму ацаніў беларускую і расійскую літаратуру пра калектывізацыю. Крытычны погляд Бугаёва часта быў скіраваны не на паэтыку твора, а на адлюстраванне літаратурай жыцця. І наколькі вастрэйшай была праўда, выказаная пісьменнікам; наколькі меў ён адвагі назваць рэчы сваімі імёнамі, настолькі быў ён Дзмітрыю Бугаёву цікавы. Жыццё як найвышэйшая каштоўнасць – для ўсіх, не толькі для літаратара – і крутыя павароты гісторыі вабілі яго. Таму нездарма

ў апошнія гады кнігі Дзмітрыя Бугаёва чытаеш як гістарычны дакумент, і нярэдка тую інфармацыю, якая ў іх змешчана, болей нідзе не знойдзеш – па той простай прычыне, што Бугаёў аказаўся адзіным сведкам і фіксатарам тых падзей і той фактуры.

«Цяпер увогуле лёгка крычаць, бо ўсё дазволена. І нічым не трэба рызыкаваць. А тады нам усім многае давалася з вялікімі пакутамі, кожная пераацэнка давалася з боем», – успамінаў у 1992 годзе Дзмітрый Бугаёў у адным з інтэрв’ю. Успомнім пра гэта і мы ў дні юбілею патрыярха нацыянальнай крытыкі, прафесара, доктара, лаўрэата… Чалавека, чыя праўда перамагла.

Ціхан Чарнякевіч, lit-bel.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0