Вадохрышча, як гэта часта, бывае, будзе суправаджацца вялікімі халадамі. Арктычны антыцыклон будзе насоўвацца на краіну пачынаючы з чацвярга.
Як прагназуюць сіноптыкі, у Мінску першым вельмі марозным днём стане пятніца. Уначы тэмпература апусціцца да мінус 14. А ад нядзелі да пятніцы наступнага тыдня тэмпературы будуць стабільна апускацца да мінус 15—20 градусаў. Прычым за кошт рэзкага, пранізлівага ветру адчуванне ў аўторак, сераду будзе як на мінус 31. Пацяпленне прагназуецца толькі ад суботы 25 студзеня.
Найхаладней будзе на Магілёўшчыне. Рэкордныя мінусы чакаюцца на яе ўсходзе: Амсціслаў, Крычаў, Касцюковічы. Там тэмпературы ў панядзелак і аўторак могуць апусціцца да мінус 26 (адчуванне на мінус 33). У самім Магілёве будзе да мінус 24. Надзвычайны мароз пратрымаецца сем дзён: ад гэтай пятніцы да наступнай. Прычым у Падняпроўі ўсе гэтыя дні тэмпературы будуць экстрэмальнымі. Пацяпленне прагназуецца ад суботы 25 студзеня.
У Гродне ў пятніцу і суботу будзе да мінус 9. Вялікія маразы пачнуцца ад нядзелі. Тэмпературы будуць апускацца да мінус 19. Пацяпленне прагназуецца толькі ад суботы 25 студзеня.
У Брэсце будзе найцяплей. Але і там ад панядзелка да пятніцы тэмпературы будуць апускацца да мінус 10—15. У адрозненне ад поўначы Беларусі, на Пабужжы і ў Заходнім Палессі будзе вельмі снежна. Адчувацца мароз будзе таксама мацней за рэальныя тэмпературы: на мінус 20. Пацяпленне таксама прагназуецца ад суботы 25 студзеня.
У Віцебску слупок тэрмометра ад пятніцы да пятніцы будзе апускацца да мінус 15—20. Пік маразоў чакаецца ў сераду-пятніцу наступнага тыдня. Пацяпленне прагназуецца толькі ад суботы 25 студзеня.
У Гомелі калючы мароз таксама пратрымаецца сем дзён: ад гэтай пятніцы да наступнай. Найніжэйшая тэмпература там прагназуецца ўранку панядзелка: да мінус 21 градусаў, але з адчуваннем на ўсе мінус 30. Агулам тэмпературы могуць апускацца ніжэй за мінус 20 там аж пяць дзён, ад нядзелі да чацвярга. Пацяпленне прагназуецца ад суботы 25 студзеня.