Зноў дастаў са спратаў свае старыя, набытыя ў яшчэ савецкай Вільні школьныя сшыткі «ў клетачку» і «ў лінейку». Сшыткі з прозвішчам «Луцкевіч» на вокладцы.

Іх роўна дванаццаць. Шчаслівы лік. Як добра тады, у другой палове 1980-х, мне працавалася! Мог ледзь не ўвесь свой водпуск жыць у гасцініцы каля вакзала, хадзіць у бібліятэку Урублеўскіх і працаваць з матэрыяламі знакамітага 21-га фонду. Ці не кожны месяц мог паехаць у Вільню на пару дзён (білет у адзін бок каштаваў 3 рублі). Цяпер жа са смуткам мусіш паўтараць словы класіка: няма таго, што раньш было.

Гартаю старыя сшыткі. Іх трэба гартаць і ўважліва чытаць запісанае. Цяпер зноў ведаю, у якіх папках ляжаць фотаздымкі Язэпа Варонкі, Пётры Крачэўскага, Цыпрыяна Кандратовіча…

Хапаюся за галаву: я ж да гэтага часу не апублікаваў ліст (даклад?) Антона Луцкевіча імперскаму канцлеру Нямеччыны!..

Не апублікаваў біяграфічную даведку Язэпа Варонкі. Затое рэпублікаваў успаміны Антона Луцкевіча пра ягонага брата Івана і каментаваў іх. І не зазірнуў у адзін са сшыткаў. А там напісана, што ў папцы 967 ляжыць копія артыкула «Das totgesagte Weissrussland» («Асуджаная на смерць Беларусь»), які Іван Луцкевіч у кастрычніку 1904 года апублікаваў у венскім часопісе «Ruthenische Revue». Копію артыкула зрабіў Францішак Грышкевіч, тады яшчэ студэнт Карлава універсітэта. У той самай папцы ляжыць і ліст будучага дырэктара Віленскай беларускай гімназіі да ягонага настаўніка Антона Луцкевіча, пісаны 10 снежня 1928 года.

Бачыў чыюсьці графічную працу, на якой партрэт Антона і ягоныя радкі: «Белы кужаль – на ім палоска крыві. Гэта – сцяг паняволенае Беларусі».

Так я, не зазірнуўшы ў сшытак і паклаўшыся на памяць, «ператварыў» верш Луцкевіча, а мастак, як відаць, мне паверыў. І цяпер бачу, што я памыліўся: не палоска, а «струйка крыві» ў Луцкевічавым двухрадкоўі.

Не памятаю, ці публікаваў я Луцкевічаў пераклад з Авідзія Назона,

пераклад тых класічных радкоў, што пачынаюцца словамі «Aurea prima sata est actas, quae vindice nullo…»:

 

Першы быў век залаты, калі без ніякай прынукі
З добрае волі сваей шанавалі і вернасць, і праўду,
Страху прад карай не зналі, не чулі слоў грозных законаў,
Дый без апекі суддзі былі тады людзі бяспечны.

 

У гэтых радках, пісаных, як і двухрадкоўе, на Лукішках, я дазволіў сабе расставіць знакі прыпынку.

А вось зробленыя тамсама, на Лукішках, Луцкевічавы запісы, датычныя ягонай абароны ў судзе:

каго выклікаць у якасці сведак, якія пытанні задаць. Спіс доўгі. Спіс уражвае: прэзідэнт Лодзі Браніслаў Зяменцкі (былы сябар Беларускай Сацыялістычнай Грамады), міністры Леан Васілеўскі, Станіслаў Тугут, Тадэвуш Галуўка, Аўгуст Залескі, ваявода Уладзіслаў Рачкевіч, нашыя Вацлаў Іваноўскі, Ян Станкевіч, Аляксандр Уласаў, ксёндз Уладзіслаў Талочка, габрэйскі дзеяч Якуб Выгодскі, баптысцкія дзеячы Уладзімір Гутшэ і Лукаш Дзекуць-Малей…

З Уладзімірам Гутшэ і Лукашом Дзекуцем-Малееем Антон Луцкевіч супрацоўнічаў як перакладчык і рэдактар перакладаў кніг Новага Запавету і Псалмоў.

Вялікі мой артыкул пра гэта ў часопісе ARCHE быў удакументаваны ўсё з тых жа Луцкевічавых папак, а вось што ў папцы 816 ляжыць пераклад кнігі Псалмоў, – тое я не адзначыў. Почырк перакладчыка (перакладчыцы?) Псалмоў быў незнаёмы. Трэба будзе калі-небудзь зноў зазірнуць у тую папку. Калі гэта ўдасца? Аж роспач бярэ…

Ці публікаваў я тэлеграму Уладзіміра Жылкі?

Адбіта яна з Менска 9 сакавіка 1929 г. у 8 гадзін 23 хвіліны. У Вільні атрымана ў той самы дзень у 9 гадзін 20 хвілін. «Перажываю разам [з] Вамі гора. Жылка», – пісаў паэт свайму рэдактару, выдаўцу і старэйшаму таварышу. Гэта тэлеграма з прычыны трагічнай смерці Луцкевічавай жонкі.

Як гімназічны настаўнік, рэдактар, выдавец і крытык, Антон Луцкевіч сябраваў і з Наталляй Арсенневай. Лісты паэткі да крытыка я апублікаваў, але

яшчэ не апублікаваныя ўсе пераклады рыфмаваных вершаў да абедзвюх «Кніг джунгляў», зробленыя Наталляй Арсенневай.

(Кнігі Рэдзьярда Кіплінга – прозу і нерыфмаваныя вершы – Антон перакладаў таксама ў турме.)

Адмыслова здымаю з паліцы зборнік Гальяша Леўчыка «Доля і хлеб»: ці надрукаваныя лісты пісьменніка да Антона? Бачу, што сёе-тое давядзецца спраўдзіць, удакладніць.

Паэт Міхась Машара – яшчэ адзін Луцкевічаў адрасант.

Тут сюжэт для Леаніда Дранько-Майсюка, які пісаў пра вобраз Луцкевіча ў творах Піліпа Пестрака ды іншых пісьменнікаў. Вось як пачынаў Машара свой ліст да Луцкевіча 4 кастрычніка 1930 г.: «Вельмі Паважаны Дзядзька Луцкевіч! Я надта ў крытычных абставінах. Дазарэзу трэ 200 зл[отых]». Сума – вялікая. Звычайна з такой просьбай звяртаюцца ці да роднага, ці да вельмі блізкага чалавека. Мне цікава, што адказаў Луцкевіч свайму знаёмцу, бо, як пазначана на лісце, адказ быў напісаны 9 чысла таго ж месяца.

Следам за лістом М. Машары ідуць лісты педагога і асветніка Сяргея Паўловіча. Просіць тэрмінова напісаць артыкул да 400-годдзя Літоўскага Статута, бо Рамуальд Зямкевіч адмовіўся пісаць «за бракам часу», а потым просіць яшчэ адрэдагаваць артыкул Уладзіміра Самойлы аб самакіраванні…

А гэта і зусім забытае. Бланк аформлены на ідышы: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна.

Невядомы мне С. Нігер 23 жніўня 1913 года паведамляў Луцкевічу, што ягоны артыкул «Да нацыянальнага адраджэння беларусаў» атрыманы і што ганарар будзе выплачаны пасля перакладу артыкула на ідыш і яго набору. Унізе ж чыёйсці рукою было дапісана: «ред[акция] di judiše Velt». І тут я згадваю: у 9-м (вераснёўскім) нумары літаратурна-грамадскага штомесячнага часопіса «Ды ідышэ вэлт» («Габрэйскі свет») за 1913 год сапраўды друкаваўся артыкул Антона Навіны «Нацыянальнае адраджэнне беларусаў». Ксеракопію гэтага артыкула даслала мне з Брытаніі даследчыца Клэр Ле Фоль. А ў дзясятым нумары надрукаваны артыкул, пра які ідзе гаворка ў лісце С. Нігера. Маю ад Клэр ксеракопію і другога артыкула.

Габрэйскай тэматыцы ў творчасці, дзейнасці і сямейным жыцці Луцкевіча можна было б прысвяціць асобнае даследаванне,

але вось мне трапляюцца запісы Луцкевіча адносна асабовага складу яго будучага кабінета. Здаецца, яшчэ ніхто не асвятляў гэтае пытанне.

Напрыклад, спачатку на пасаду міністра асветы БНР разглядалася кандыдатура акадэміка Яўхіма Карскага, а для доктара Вацлава Іваноўскага, які стане-такі міністрам асветы, прадугледжвалася напачатку пасада міністра сельскай гаспадаркі. Потым гэтую пасаду прапануюць прафесійнаму аграрыю – Аркадзю Смолічу.

Зоська Верас ганарылася, што ў яе захоўваецца больш за 20 лістоў Аркадзя Смоліча. Ёсць лісты гэтага выдатнага дзеяча і ў Луцкевічавых папках. І лісты Аляксандра Уласава, Браніслава Тарашкевіча, Яна Станкевіча ды многіх іншых беларускіх дзеячаў, але біяграфія кожнага чалавека пачынаецца з бацькоў, з сям’і.

Мы ўжо ведаем што-колечы пра маці і бацьку Антона, пра яго жонку і сыноў, а тым часам у 21-м фондзе ляжаць лісты ягоных сясцёр Станіславы і Эміліі.

Лягчэй працаваць з лістамі малодшай сястры, бо лісты Станіславы напісаныя жахлівым почыркам. З лістоў Эміліі мы шмат чаго можам даведацца і пра яе дачок Яніну (Каханоўскую) ды Марыю (Чапялёву), і пра сына Эдварда (памёр у Амерыцы), і пра жыццё ў міжваенным Менску…

А яшчэ ж не даследаваны гімназічныя гады Антона Луцкевіча, нічога няма пра яго вучобу ў Пецярбургскім ды Юр’еўскім універсітэтах…

У мяне ўжо некалькі чалавек пыталіся: калі будзе біяграфія Антона Луцкевіча? Я сёння ўжо ведаю адказ: няхутка; пэўна, пасля маёй смерці. Уладам Рэспублікі Беларусь гэтая біяграфія непатрэбная. Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамаду) турбуюць іншыя пытанні і праблемы, а не нейкая там біяграфія. Так званае незалежнае грамадства таксама не мае ў ёй патрэбы. А я ўжо страціў надзею, што некалі ў мяне з’явіцца такая магчымасць – засесці, як колісь, на некалькі тыдняў у Вільні і працаваць у бібліятэцы.

5 студзеня 2014 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0