На сённяшняй нарадзе кіраўнік дзяржавы запатрабаваў максімальна абмежаваць будаўніцтва ў сталіцы жылля і прамысловай інфраструктуры.

«Па шчыльнасці засялення Мінск ужо ў два-тры разы перавышае шэраг еўрапейскіх сталіц, такіх як Берлін і Прага», — сказаў ён.

«Мы не можам такімі тэмпамі ў Мінску весці будаўніцтва, як гэта было дагэтуль. Мы ўжо перанасыцілі насельніцтвам горад і пачынаем атрымліваць ад гэтага пэўныя праблемы. Таму будаўніцтва ў Мінску жылля, ды і аб'ектаў прамысловай і іншай інфраструктуры, — як выключэнне».

Паводле яго слоў, у Мінску асабліва востра адчуваецца жыллёвая праблема. Колькасць насельніцтва ў горадзе штогод павялічваецца на 10—17 тысяч чалавек, і з улікам грамадзян, якія прыязджаюць кожны дзень на працу, насельніцтва сталіцы ўжо перавышае два мільёны чалавек.

Як вынік — залішні націск адчувае гарадская інфраструктура, з-за вялікай колькасці транспарту на вуліцах з'явіліся заторы, абвастрылася праблема падключэння да камунальных сетак новых прадпрыемстваў і жылых дамоў.

У той жа час ва ўсіх рэгіёнах краіны адзначаецца адток працоўных рэсурсаў з вёскі, адбываецца памяншэнне колькасці сярэдніх і малых гарадоў, скарачэнне іх эканамічнага патэнцыялу, дадаў Лукашэнка. «У Мінску будаваць практычна забараняецца за выключэннем таго, дзе гэта трэба», — распарадзіўся ён.

Лукашэнка таксама выказаў незадавальненне тым, як выконваецца дзяржпраграма па развіцці гарадоў-спадарожнікаў.

«Яшчэ ў 2008 годзе перад урадам была пастаўлена задача перспектыўнага стварэння і развіцця гарадоў — спадарожнікаў Мінска, а ў 2010-м была зацверджана адпаведная дзяржаўная праграма. Аднак яе выкананне цяпер знаходзіцца на недапушчальна нізкім узроўні. Большасць мерапрыемстваў або яшчэ толькі прапрацоўваецца, або наогул не рэалізаваныя», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, наспела неабходнасць распрацоўкі адзінага горадабудаўнічага плана развіцця Мінскай агламерацыі, які адлюструе ўсе існуючыя патрэбы. Акрамя таго, неабходна дакладна вызначыцца з месцамі размяшчэння новых раёнаў забудовы ў гарадах-спадарожніках, дадаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?