Фрунзенскі раённы суд Мінску вынес рашэнне выселіць з кватэры пісьменніцу, былую настаўніцу Веру Буланду.

Яна — аўтарка дванаццаці кніг прозы і паэзіі, стваральніца самадзейнага тэатру, у свой час была ганараваная званнем Настаўнік году. Чаму дзяржава паквапілася на яе аднапакаёўку? І куды пенсіянэрка мусіць падзецца пасярод зімы? Вера Буланда — госць «Вольнай студыі».

— Спадарыня Вера, раскажыце трошкі пра сябе. Ведаю, што вы нарадзіліся ў Маскве, але ў школу хадзілі ў вёсцы Мсціж на Барысаўшчыне…

— Так, паводле нараджэння я — масквічка. Мой бацька і яго старэйшы брат жылі ў Маскве. А іх маці, мая бабуля Сцепаніда, крыўдавала на іх за гэта. І бацька згадзіўся пераехаць, каб дапамагаць па гаспадарцы, бо не было каму хадзіць з касой, за плугам. Вось мы і пераехалі, і я пайшла ў першы клас у Мсціжы Барысаўскага раёну (школа, дарэчы, была расейскамоўнай). Пасля яе заканчэння — пэдінстытут, там — тэатар «Жывое слова» пад кіраўніцтвам Андрэя Каляды, потым — Віцебшчына, настаўніцкая праца, замуства, двое сыноў. Выдала дванаццаць кніг, з 2006 году з'яўляюся сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

— Дык што здарылася? Чаму вас высяляюць з кватэры, у якой вы пражылі дванаццаць гадоў?

— У 2001 годзе я прыехала ў Мінск, выйшла замуж за Уладзімера Казакова, з якім мы пражылі чатыры гады. Муж часта хварэў, і ў 2006-м яго ня стала. У тым жа 2006 годзе я даведалася, што выйшаў указ аб высяленні людзей з сацыяльных кватэраў. А ў нас была сацыяльная — муж атрымаў па хваробе. Указ выйшаў у снежні 2005 году, але ў сілу ўступіў з 8 красавіка 2006-га, пасля сьмерці мужа, асноўнага наймальніка. Нягледзячы на гэта, я вырашыла будавацца і падала ў Фрунзенскі райвыканкам заяву на паляпшэнне жыллёвых умоў. Хоць юрыст у ЖРЭА мне сказаў: навошта гэта вам? Хутка вы пойдзеце на пэнсію, і вас ніхто не зачэпіць. Я не паслухалася і ўсё ж падала заяву. І мне прыйшоў адказ за подпісамі Жамойцінай і Жадзько: «Адмовіць у сувязі з забяспечанасцю агульнай плошчай жылога памяшкання больш за 15 мэтраў на аднаго чалавека». Што з гэтага вынікала? Мне забаранілі будавацца, значыць, я павінна астатняе жыццё правесці ў гэтай кватэры. І раптам у 2009 годзе мне прыходзіць ліст са ЖРЭА аб высяленні. Я пайшла ў райвыканкам і пытаюся: чаму ж мне тры гады таму не далі будавацца? — Хто адмовіў? — Жамойціна і Жадзько. Чыноўнікі толькі плячыма паціснулі.

— Дык чаму суд не ўлічыў гэткіх неправамоцных дзеянняў выканкамаўскіх чыноўнікаў? Як увогуле праходзіла судовае разбіральніцтва?

— Мне адзін з выканкамаўскіх чыноўнікаў прызнаўся па сакрэце, што Фрунзенскаму выканкаму дадзена ўказанне кроў з носу «знайсці» 20 кватэраў — вось яны і шукаюць… Калі мяне выклікалі ў суд 8 лістапада 2012 году, адвакат Таццяна Самосік ад майго імя падала неабходныя звесткі. Што мой муж памёр 22 сакавіка 2006 году — гэта значыць, да ўступлення ўказу ў сілу. Значыць, правы і абавязкі, звязаныя з карыстаньнем спрэчнай кватэрай, таксама ўзніклі да таго, як указ пачаў дзейнічаць. Відавочна, што ён ня можа прымяняцца пры падпісанні са мной дамовы аб найме сацыяльнага жыллёвага памяшкання. А менавіта таму дамова аб найме павінна мець бестэрміновы характар… Суд доўжыўся паўтары годы. Кожнага разу я і мой адвакат звярталіся да суддзяў з пытаннем: чаму вы так павялі справу? Нават пракурор Дзмітры Раманюк некалькі разоў звяртаўся да юрыста са ЖРЭА: «А калі б гэтага ўказу не было, вы высялялі б Веру Аляксандраўну?» — «Не.» — «Дык чаму ж вы яе высяляеце?» Пасля такіх пытанняў пракурора я па сваёй наіўнасьці верыла, што справа будзе выйграная. І раптам — такое рашэнне. 19 снежня суддзя Алена Асіпенка ў прысутнасці пракурора зачытала рашэнне пазбавіць мяне мінскай прапіскі, выселіць з кватэры і спагнаць з мяне 780 000 рублёў. Я ім кажу: «Вы ж ходзіце пад Богам, відаць, храм наведваеце, чаму ж вы ідзяце супраць закону, супраць чалавека?» Выходзіць, загадалі выканкаму знайсці 20 кватэр, выканкам націснуў на суд, а суд — як у той «Пінскай шляхце»…

— Вам прапанавана пасярод зімы выселіцца проста на вуліцу? Ці ў вас ёсьць яшчэ нейкая дадатковая жылплошча?

— Чыноўнікі шукалі тую жылплошчу і ў Мінску, і ў іншых гарадах. У мяне толькі старая хата ў вёсачцы ў чарнобыльскай зоне, адкуль мы дзяцей пастаянна вывозілі на аздараўленне, дзе закапаныя ўсе калодзежы. Калі там не працуе ваданапорная вежа, то вёска застаецца без вады. І мне, былой настаўніцы вышэйшай катэгорыі, пісьменьніцы, пенсіянерцы, трэба туды ехаць жыць. У зону, дзе хварэў мой сын, якога я лячыла ў Германіі, у зону, дзе не было ніводнага здаровага дзіцяці… У 2006 годзе я заняла сярод настаўнікаў Фрунзэнскага раёну першае месца. Тыя ж чыноўнікі, якія падпісвалі мне ганаровыя граматы, якія паціскалі мне руку, сёння мяне пазбаўляюць кватэры. Ім напляваць на маю годнасць, на тое, што я была лепшай настаўніцай Беларусі, пра мяне нават фільм зьнялі — «Сэрца аддаць дзецям»… І вось сёньня я апынулася ў такой сытуацыі…

— Што вы думаеце рабіць? Пакідаць кватэру, ці звяртацца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі — змагацца да апошняга?

— Я проста вымушаная змагацца да апошняга, бо ў той вёсцы жыць немагчыма. Асабліва ўзімку. А калі прыйдуць міліцыянты і проста выкінуць на вуліцу, то куды я падзенуся… У мяне сэрца разарвецца… Ніхто нават не ўяўляе, як мне апошнім часам жывецца… Я штодня прымаю лекі, на аптэку і суды аддаю апошнія грошы. Добра, што я — аптыміст, дык бяру сябе за валасы і выцягваю, але мяне ўжо не хапае… Сябры, вядома, падтрымліваюць. Літаральна ўчора мне тэлефанавала Алена Сымонаўна Васілевіч, наша старэйшая пісьменьніца, на чыіх кнігах вырасла некалькі пакаленняў, і я ў тым ліку. Калісьці яна кіравала часопісам «Работніца і сялянка». Дык прыгадала, што ў той час можна было абараніць перад несправядлівасьцю любую жанчыну ў Беларусі. І цяпер яна, сама нездаровая, маючы за 90, хвалюецца, ці абароніцца Вера Буланда.

— Вы ўваходзіце ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, актыўна займаецеся грамадскай дзейнасьцю, друкуецеся ў незалежных СМІ, у той жа «Народнай волі». Ці магло ўсё гэта паўплываць на рашэнне выканкаму і суду?

— Усё магчыма. Калі я ўступала ў Саюз пісьменнікаў, якраз улада адбірала Дом літаратара. І сёння ў тым забраным доме знаходзімся ня мы, яго гаспадары, ня наш Саюз пісьменнікаў, дзе такія выдатныя імёны. Наш саюз выгналі прэч, падзялілі на дзьве арганізацыі… Гэта вельмі крыўдна. У нашай краіне гэта зрабілася ледзь не заганнай традыцыяй — выкінуць з дому. Выкінулі з Дому літаратара Саюз пісьменнікаў, цяпер саміх пісьменнікаў выкідаюць з іхных дамоў. Гэта гучыць дзіка, але так ёсьць.

— У сваім самадзейным тэатры вы рыхтуеце пастаноўку пра Кастуся Каліноўскага — па п’есе Ўладзімера Караткевіча. Прабачце, не магу не спытацца: ці адбудзецца абяцаная прэм’ера ў сакавіку, улічваючы вашу праблему з жытлом?

— Вельмі хочацца, каб гэтая прэм’ера адбылася. Я цяпер жыву ня толькі п’есай пра Каліноўскага. Я ўжо восем гадоў адчуваю сябе гераіняй купалаўскай драмы «Раскіданае гняздо». Я сябе адчуваю гераіняй «Пінскай шляхты» Дуніна-Марцінкевіча, дзе гаворыцца: «Плаці за тое, што бачыў бойку, і за тое, што ня бачыў». Я таксама за ўсё плачу… На судах я некалькі разоў казала пракурору: падыміце вочы ад стала і скажыце, ці чыталі вы п’есу Астроўскага «Без віны вінаватыя»? Вось я перад вамі, невінаватая, растлумачце мне маю віну. І пракурор, і суддзя, і прадстаўнік ЖРЭА апускалі вочы ў стол… Мяне брат і сястра, якія жывуць у Маскве, даймалі: у вас у Беларусі такі справядлівы прэзыдэнт, звярніся да яго, ён разбярэцца… Я напісала скаргу на Фрунзенскі райвыканкам на імя прэзыдэнта. А з прэзыдэнцкай адміністрацыі яе пераслалі на разгляд у… Фрунзенскі райвыканкам. Атрымалася, што скаргу на сябе яны самі і разглядалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?