З 16 па 19 кастрычніка ў Менску ў футбольным манежы пройдзе ХІІ‑ты Беларускі энэргетычны і экалягічны форум.

У рамках форуму будуць дзейнічаць тры спэцыялізаваныя выставы: «Энэргетыка. Экалёгія. Энэргазьберажэньне.»(EnergyExpo), выстава сьвятлотэхнічнай прадукцыі «Экспасьвятло» (ExpoLight) і «Водныя і паветраныя тэхналёгіі». Мэтай правядзеньня мерапрыемстваў з’яўляецца спрыяньне плянам рэалізацыі дзяржаўнай праграмы энэргазьберажэньня як фактару эканамічнай бясьпекі дзяржавы.

Як заявіў на прэс‑канфэрэнцыі 10 кастрычніка ў Менску намесьнік міністра энэргетыкі Леанід Шэнец, падчас форуму будзе разгледжаны эканамічны досьвед такіх дзяржаў, як Данія, Бэльгія і Швайцарыя. У гэтых краінаў таксама няма сваіх радовішчаў энэргарэсурсаў, але яны змаглі дабіцца высокіх вынікаў праз зьніжэньне энэргаёмкасьці вытворчасьці. За кошт зьніжэньня энэргазатратаў дзяржава зможа скампэнсаваць рост тарыфаў на электраэнэргію для прадпрыемстваў Беларусі. Будзе разгледжаны шэраг важных энэргетычных пытаньняў, у тым ліку перавод кацельняў у ЦЭЦ, што дазволіць апроч ацяпленьня атрымліваць электраэнэргію.

Паводле словаў намесьніка міністра прыродных рэсурсаў і абароны навакольля Аляксандра Апацкага, адна з задачаў эканомікі — пры росьце ВУП не павысіць рост шкодных выкідаў, а ў ідэале зьнізіць яго. «На дадзены момант стан прыроды Беларусі добры, бо стабільны, але нам патрэбна палепшыць яго». Гэтага можна дабіцца праз ужываньне альтэрнатыўных крыніц энэргіі, перапрацоўкі адкідаў на мэты біягазавай энэргетыкі, праз зьніжэньне скарыстаньня ўвазнога і мясцовага паліва. Ветраэнэргетыка, якая ўжо прысутнічае ў Беларусі, будзе разьвівацца і надалей, аднак сапраўдны прарыў можна будзе чакаць пры сытуацыі, калі затраты на энэрганосьбіты будуць перавышаць кошт усталяваньня ветракоў.

Часткай палітыкі энэргазьберажэньня з’яўляецца ўдзел Беларусі ў Кіёцкім пратаколе. Як заявіў Аляксандр Апацкі, на сёньня амаль сфармаваная нарматыўна‑прававая база па выкананьні пратаколу, але застаецца пытаньне ратыфікацыі. Рэч у тым, што Беларусь добраахвотна прапанавала Кіёцкі пратакол са сваімі папраўкамі, і гэтыя папраўкі пакуль абмяркоўваюцца краінамі‑ўдзельніцамі.

«Мы павінны быць гатовыя да моманту, калі адзінка выкіду парніковага газу будзе каштаваць значна даражэй.»

Грошы, якія атрымае Беларусь ад выкананьня пратаколу, пойдуць збольшага на мадэрнізацыю энэргетыкі, жыльлёва‑камунальнай гаспадаркі, прамысловасьці і сельскай гаспадаркі, што дасьць дадатковы энэргетычны і экалягічны эфэкт.

Яраслаў Сьцешык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0