18 студзеня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбылася прэзентацыя абраду «Цягнуць Каляду на дуба», які завяршаў калядныя гулянні ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.
Мясцовыя жыхары адрадзілі яго ў 1998 годзе, з таго часу абрад кожны год праводзіцца ў вёсцы 21 студзеня.
«У вёсцы Новіны Калядой служыць першы зажыначны сноп, — патлумачыла Анастасія Комлік, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. — У іншых вёсках гэта магло быць драўлянае кола, барана ці яшчэ што-небудзь. Супрацоўнікі кафедры рэжысуры Беларускага дзяржуніверсітэта культуры, сябры студэнцкага этнаграфічнага таварыства пачалі цікавіцца гэтым абрадам, праводзіць экспедыцыі на Бярэзіншчыну. І высветлілася, што на галоўнае дрэва — звычайна гэта быў дуб, але здаралася, і іншае дрэва — цягнулі Каляду, каб на ўсю вёску распаўсюдзіўся дабрабыт, каб быў добры ўраджай. Гэты дуб збіраў усю энергетыку і потым абараняў жыхароў ад нячысцікаў, даваў ім моц, шчасце, здароўе.
У 2011 годзе абрад «Цягнуць Каляду на дуба» ўнесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Зараз рыхтуюцца дакументы на ўнясенне яго ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА».