Анкета, якую раздалі мокрынскім шасцікласнікам. 

Анкета, якую раздалі мокрынскім шасцікласнікам. 

19 студзеня ў інтэрнэце з'явіўся фотаздымак анкеты «Патрыёт і грамадзянін» з пазнакай «6 кл.» Анкета ўтрымлівала 20 сцвярджэнняў, з якімі трэба было пагадзіцца, не пагадзіцца ці напісаць нейтральнае «не ведаю».

Многіх карыстальнікаў сеціва абурыў пункт №11, у якім разгледзелі расісцкі падтэкст: школьнікаў папрасілі ацаніць сцвярджэнне «несправядліва ставіць людзей з цёмным колерам скуры кіраўнікамі над белымі людзямі». Паўстае пытанне, ці ўвогуле змогуць шасцікласнікі правільна разабрацца ў сцвярджэнні з адмоўем.

Аднак і іншыя сцвярджэнні выглядаюць прынамсі дзіўна: «тыя, хто крытыкуе падзеі ў краіне, не могуць лічыцца сапраўднымі патрыётамі», «калі ўлічыць усе «за» і «супраць», дык захоўванне ў краіне замежных ядзерных адходаў прынясе больш фінансавай карысці за экалагічную шкоду», «судзейства ў дачыненні да «нашых» на міжнародных спаборніцтвах часта не справядліва», «сапраўднай рэлігіяй можа быць толькі адна — адзіная рэлігія», «апынуўшыся за мяжою, я пастараюся, каб мяне не ўспрымалі як беларуса» і г.д.

Сайт by24.org паведамляў, што анкету нібыта раздавалі ў адной з мінскіх школаў, а засняў яе шасцікласнік.

Насамрэч «выпадак з анкетай» адбыўся далёка ад сталіцы. Журналіст «НН» высветліў, што радзімай апытанкі «Патрыёт і грамадзянін» з'яўляецца вёска Мокрае Пружанскага раёна.

Намесніца дырэктара мокраўскай школы па навучальнай рабоце Рыта Мартынюк расказала «НН», што анкету падрыхтавала яе калега Таццяна Асіпчук, намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце. Сама Асіпчук у дадзены момант знаходзіцца на сесіі і не змагла адказаць на пытанні журналіста.

«Кіраўніцтва школы рыхтуецца да педсавету па выхаваўчай працы. З гэтай нагоды было вырашана правесці апытанне вучняў. Гэта ўласная ініцыятыва школы, а не загад вышэйшага органа адукацыі», — патлумачыла Мартынюк.

Першай справай анкету вырашылі раздаць шасцікласнікам. Яе можна было забраць дадому, таму апытанку пабачылі бацькі. Ад іх і сталі паступаць трывожныя званкі.

«Пасля паведамленняў бацькоў мы азнаёміліся з анкетай і ўбачылі, што некаторыя пытанні сапраўды вельмі супярэчлівыя і ўвогуле не маюць нічога агульнага з патрыятызмам, грамадзянскасцю ці беларускасцю. Таму дадзеную анкету мы анулявалі і не выдавалі яе нікому, акрамя шостага класа. Дадзеныя, атрыманыя ў выніку анкетавання, не будуць нідзе выкарыстаныя», — запэўніла Рыта Мартынюк.

Намесніца дырэктара падзякавала бацькам, якія цікавяцца жыццём дзяцей і аператыўна паведамілі школьнаму кіраўніцтву аб інцыдэнце. У канцы гутаркі Мартынюк выказала здагадку, што, хутчэй за ўсё, Таццяна Асіпчук проста ўзяла сцверджанні з інэрнэту, а не распрацоўвала анкету самастойна.

Здагадка супрацоўніцы аказалася праўдай. Сцвярджэнні для апытанкі ўзятыя з расійскай кнігі «Выхаванне талерантнасці ў шольнікаў: тэорыя, методыка, дыягностыка» аўтарства навуковага супрацоўніка Інстытута тэорыі адукацыі і педагогікі Расійскай акадэміі адукацыі П.В.Сцяпанава. У арыгінале тэст утрымлівае 45 сцвярджэнняў і 5 варыянтаў адказаў на іх.

Дадзены тэст актыўна абмяркоўвалі ў рунэце ў 2011-2013 гадах, калі, паводле расійскіх крыніц, анкетаванне па выяўленні ўзроўню талерантнасці масава праводзілася ў Расіі. Некаторыя бацькі расійскіх школьнікаў абураліся тым, што праз гэты тэст расійскія ўлады жадаюць выявіць нелаяльных да дзяржаўнай палітыкі навучэнцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?