Камісія на чале са старшынёй Камітэта дзяржкантролю Аляксандрам Якабсонам прааналізуе працу арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Асаблівая ўвага будзе нададзена фарміраванню тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

«Для таго каб раз і назаўжды, як у будаўніцтве, камусьці даць па руках, па галаве, а камусьці і галаву павярнуць у другі бок, была пастаўлена задача: старшыня КДК узначаліць камісію, як па будаўніцтве, і страсяне ўсю ЖКГ», — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама падкрэсліў, што некалькі разоў даручаў ураду падаць рэальныя затраты на паслугі ЖКГ, але гэта пакуль не зроблена. «ЖКГ для мяне ў плане тарыфаў — гэта загадкавая краіна», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка падкрэсліў, што тарыфы на ЖКК ў Беларусі рэгулююцца дзяржавай і іх рост увязаны з ростам даходаў грамадзян. Вакол тэмы павышэння тарыфаў на паслугі ЖКГ занадта шмат непрафесійнай балбатні і палітыкі, лічыць Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сёння сям'я з трох чалавек, дзе двое працуюць, за 2-пакаёвую кватэру плаціць 3% даходаў сям'і, у Расіі — 12%, а сям'я з трох чалавек, дзе працуюць два бюджэтнікі, плаціць за такую кватэру 4% даходаў сям'і, два пенсіянеры — крыху больш за 5%. «Назавіце яшчэ адну такую развітую, цывілізаваную краіну ў свеце, дзе б плацілі гэтулькі. У Еўропе ў тры разы больш.

Мы пакрываем паслугі ЖКГ — пры ўсім павышэнні — на 23%, 77% паслуг ЖКГ пакрываюцца за кошт бюджэту. Назавіце яшчэ такую краіну, дзе гэта ёсць», — сказаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?