Бацькі Міхаіла Жызнеўскага жывуць у Гомелі. Абодва пенсіянеры. Ніне Васільеўне не так даўно паставілі кардыёстымулятар. Яна не стрымлівае слез:

— Вярніце мне цела! Дайце пахаваць майго сына на роднай зямлі!

Апошні раз Міхал Жызнеўскі ступаў на родную зямлю ў 2005 годзе. Ніна Васільеўна кажа, што тады Міхаіла вывезлі з краіны, здарылася нейкая блытаная гісторыя:

— Яму было 17 гадоў. Яго знаёмы, Андрэй, быў павінен шмат грошай нейкім людзям. Не ведаю, што ён там Мішу наплёў, але яны выехалі з Беларусі. Я ездзіла на мытню, пыталася: «Ну няўжо вы не бачылі, што гэта непаўнагодняе дзіцё?» А мне адказвалі, быццам ён спаў у той момант і ніхто не звярнуў ўвагі, – працягвае маці.

Потым тыя людзі да яе прыязджалі, запэўнілі, што менавіта яе сын нічога не павінен, iм бы толькі кантакты Андрэя знайсці.

— Ды з імі маці таго знаёмага цалкам разлічылася — мой сын ні пры чым! — не можа ўтрымацца Ніна Васільеўна.

Шукаць свайго сына бацькі пачалі адразу, але замест сілавікоў дапамог інтэрнэт. Пасля расстання сям'я ўз'ядналася год таму — сустрэцца з сынам у Кіеў прыехалі бацькі. Вяртацца дадому ён не жадаў, тлумачачы гэта і тым, што яго шукаюць спецслужбы. Але, са слоў маці, шукалі яго толькі з-за яе заявы аб знікненні — гэта яму падцвердзілі і самі праваахоўнікі ў тэлефоннай размове.

Усё ж Міхал вырашыў пабыць на другой радзіме яшчэ крыху і вярнуцца дадому гэтай вясной.

— Ён казаў, што неўзабаве прыедзе ў Беларусь. Хутка павінны былі сустрэцца. У гэтым годзе, — кажа забітая горам Ніна Васільеўна.

Планы не здзейсніліся — падчас масавых акцый у Кіеве 25-гадовага сына забілі стрэлам у сэрца. Аб жудаснай навіне бацькам паведамілі супрацоўнікі ўкраінскага МУС.

— Бацька, пачуўшы аб страце сына, сышоў з дому — блукае недзе адзін, курыць, — кажа маці Міхаіла. — Украінцы хоць нумар тэлефона пакінулі, а нашы міліцыянеры тэлефанавалі са схаваных нумароў, прасілі прыехаць да іх — апазнаць па фотаздымках. Я ўжо не паехала, паехала дачка — адна яна засталася.

А сябры паехалі ў Кіеў апазнаваць цела.

Аб сваім стаўленні да ўдзелу сына ў рэвалюцыйных падзеях на поўдні кажа так:

— Не пра мяне ён думаў, а пра Украіну. Навошта я яго нараджала, пакутавала ўсе гэтыя гады? Гэта не выказаць! Мы думалі, што будзе нас каму на старасці дагледзець, але вось як выйшла.

Міхаіл Жызнеўскі стаў трэцяй ахвярай сутычак у Кіеве. Паводле звестак «Нашай Нівы», Жызнеўскі ўваходзіў у каманду Віталя Клічко, быў актывістам украінскай нацыяналістычнай арганізацыі УНА-УНСО. Меў мянушку «Локі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?