Акадэмік Радзім Гарэцкі напярэдадні Дня геолага зьвярнуўся да сваіх калегаў-геолягаў Вячаслава Сіўчыка і Паўла Севярынца, якія сустракалі прафэсійнае сьвята ў зьняволеньні.

Дарагія Слава і Павал, віншую Вас з нашым прафэсійным сьвятам – Днём геоляга! На жаль, так ужо выходзіць у нашым «стабільным» жыцьці, што віншаваньні я не магу перадаць Вам непасрэдна, бо амаль склалася традыцыя, па якой Вы ў гэтыя дні затрыманыя і сядзіце ў турме ці адбываеце «хімію».

Наша сьвята геолягаў прыпадае на вясну, калі мы пачынаем адчуваць, што хутка будзе вандраваньне (геалягічнае поле) і мы зможам адчуць радаснае спатканьне з прыродай, вырвацца зь цеснага душнага гораду на шырокі прастор, адчуць свабодны ўзьлёт і пазнаць новыя ісьціны пра будову і развіцьцё Зямлі, а гэта дасьць магчымасьць адкрыць і адшукаць розныя карысныя выкапні, так неабходныя для існаваньня і разьвіцьця чалавецтва. Як сапраўдныя вандроўнікі, мы ў гэтыя дні адчуваем, што «душу тамада даль заве».

Я думаю, што дзень геоляга заканамерна амаль супаў зь Вясной, са сьвятам 25 Сакавіка і з Днём гумару. Вясна – адзін з самых цудоўных часоў году, калі сьветлыя, радасныя прамяні сонейка пачынаюць так прыемна саграваць цела і душу пасьля зімніх халадоў, ажывае прырода, сэрца пачынае біцца больш моцна, пачуцьцё любові і дабра ахоплівае ўсё больш людзей, хочацца жыць далей і жыць лепей... Вясна адкрывае браму да лета, да цяпла, да жыцьця. Як нядаўна, у самыя халодныя дні марознай зімы гэтага году, калі настрой і адчуваньні былі таксама марознымі, наш славуты паэт Ніл Гілевіч сказаў мне: «Дажывем да Вясны...»

Нездарма вялікае сьвята беларусаў 25 Сакавіка прыпадае на Вясну і сымбалізуе Волю, Дзяржаўнасьць, Незалежнасьць, Дэмакратыю, Нацыянальнае адраджэньне Беларусі, калі кожнаму грамадзяніну нашай краіны хочацца сказаць усьлед за Янкам Купалам салодкія словы свабоды: «Жыве Беларусь!» Праўда, я зусім не разумею, чаму за гэтыя цудоўныя словы, цяпер у нас можна трапіць за краты, што і здараецца ўжо ня першы раз і з Вамі, маімі дарагімі. Лёгіка ўладаў згубілася: за блізкія па сутнасьці словы «За Беларусь!», якія таксама ўпершыню прапанавалі і карысталіся змагары за беларушчыну, можна атрымаць ня краты, а наадварот, падтрымку і ўзнагароду.

Сьмех і гумар – здаровыя пачуцьці добрых і аптымістычных людзей, да якіх, безумоўна, належыць большасьць геолягаў. Трэба з прыемнасьцю адзначыць, што гэтыя пачуцьці ўласьцівы беларускаму народу. Які б цяжкі, горкі, безвыходны стан ні быў бы ў беларуса, ён заўсёды знойдзе нешта гумарыстычнае і па-добраму пасьмяецца і з гэтага стану, і з суседа, і зь сябе. Наш славуты выхадзец зь Беларусі вялікі расейскі пісьменьнік Фёдар Дастаеўскі казаў: «Хараство выратуе сьвет», а другі выдатны беларус акадэмік Валянцін Капцюх лічыў, што «Сьвет выратуе навука».

Мы можам сказаць, што Беларусь выратуе ня толькі прыгажосьць і навука, але гумар і аптымізм. Трэба яшчэ дадаць, што Беларусь стане па-сапраўднаму вольнай, дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавай, дзякуючы нацыянальна сьвядомаму маладому пакаленьню, да яго належыце і Вы, таму мне асабліва прыемна ў гэтыя дні павіншаваць Вас і пажадаць здароўя, непахіснага духу, мужнасьці, веры ў адроджаную Беларусь, посьпехаў ва ўсіх вашых справах. Жыве Беларусь!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0