Часам сярод навінаў, якія здаюцца такімі важнымі — які прызначаны новы міністар, які курс даляра, колькі каштавалі на аўкцыёне майткі Брытні Сьпірс, — цяжка высачыць паведамленьне аб падзеі, якая сапраўды зьменіць жыцьцё большасьці людзей. Даўнавата ўжо, год ці болей таму, прамільгнуў кароценькі аповед пра выпрабаваньне ў Японіі новага аўтамабіля з вадародным рухавіком. Самаход гэты праехаў 100 кілямэтраў зь сярэдняй хуткасьцю 150 км/г, скарыстаўшы як паліва вядро вады.

Вядома, гэта не такая ўжо сэнсацыя — праца над такімі рухавікамі вядзецца даўно. Але ўсё ўпіраецца ў тое, што яны яшчэ страшэнна дарагія, дый ня дужа бясьпечныя. Цалкам верагодныя зьвесткі й пра тое, што працы гэтыя штучна тармозяцца «нафтагазавым лобі», якое баіцца, і небеспадстаўна, страціць грунт пад нагамі.

А што вы думаеце пра гэта?
Зьмясьціце свой камэнтар
да гэтага артыкулу.
Хай людзі вас пачуюць!

Мы ня так часта задумваемся над тым, як тэхнічныя вынаходніцтвы зьмяняюць ня толькі навакольны сьвет, але й нас саміх. Разьвіцьцё тэкстыльнай прамысловасьці і даступнасьць «гарадзкога» адзеньня зьнішчыла народныя строі. Кнігадрукаваньне ды фіксаванае аўтарства адправіла ў музэй фальклёр. Гуказапіс зрабіў непатрэбным хатняе прыватнае музыкаваньне. Электронная пошта зьнішчыла традыцыйныя лісты, якія захоўваліся, перавязаныя шаўковай стужкай. Практычна зьнікла паняцьце «рукапіс». «Выйшла ў паэта з‑пад пяра» цяпер завецца «з‑пад клявіятуры». Працэс гэты незваротны, яго «не спыніць, не стрымаць».

Вугаль і пара — стагодзьдзе 19‑е, нафта, газ і электрычнасьць — 20‑е.

Аднак, сапраўдная зьмена эпох — гэта зьмена крыніц энэргіі. Вугаль і пара — стагодзьдзе 19‑е, нафта, газ і электрычнасьць — 20‑е. Новае стагодзьдзе фактычна яшчэ не пачалося менавіта таму, што мы яшчэ ўсё карыстаемся такім жа бэнзінам і газам, як і нашы бацькі й дзяды.

Сёньня зьявіліся вельмі важкія прычыны для паскарэньня пошукаў альтэрнатывы. Справа нават ня ў тым, што запасы прыроднага газу й нафты — вычарпальныя. Справа ў тым, хто імі валодае. А валодаюць імі краіны, якія ня могуць, або ня дужа хочуць упісвацца ў сучасную цывілізацыю зь яе дэмакратыяй, свабодай слова ды правамі чалавека. Гаворка, вядома, пра Расею ды краіны Блізкага Ўсходу. Усе ведаюць, што Расея, як любяць пісаць ейныя патрыёты, «устала з каленяў» за кошт продажу прыродных рэсурсаў. А сусьветны тэрарызм сілкуецца «нафтадалярамі» з арабскіх краін.

Патрэба — матка вынаходніцтваў. Нафта‑ і газаправоды замест жыцьцядайных артэрый зрабіліся ланцугамі, што прывязваюць увесь астатні сьвет да ўласьнікаў сьвідравін. А любыя ланцугі рана ці позна бываюць разарваныя. Тым больш, што для зьнішчэньня гэтай залежнасьці патрэбна ня грубая сіла, а інтэлект.

Тое, пра што мы, звыклыя людзі, можам здагадвацца, кіруючыя эліты ведаюць напэўна. Што застаецца рабіць гаспадару тавару, які сёньня прыносіць пэўны даход, а заўтра, у лепшым выпадку пасьлязаўтра, ня будзе мець попыту? Вядома ж, выціснуць як найбольшую выгаду цяпер, а значыць, павысіць кошты наколькі магчыма. Што й адбываецца цяпер з цэнамі на газ і нафту. І зусім не таму, што расейцы раптам сталі «не любіць беларусаў». Рынак не прызнае сэнтымэнтаў.

А ўсё ж слаўна, каб сымбалем надыходу 21‑га стагодзьдзя было вядро вады, а не кулямёт, як стагодзьдзя 20‑га.

І нам застаецца сьвідраваць новыя дзіркі на дзягах, бо кошты на ўсё растуць як на дражджах. І ў бліжэйшы час ня зьнізяцца — пакуль тыя вадародныя рухавікі будуць удасканаленыя, пакуль зьменіцца ўся інфраструктура… Нездарма ж існуе ці то японскі, ці то кітайскі праклён — «каб ты жыў у эпоху перамен».

А ўсё ж слаўна, каб сымбалем надыходу 21‑га стагодзьдзя было вядро вады, а не кулямёт, як стагодзьдзя 20‑га.

І ўсё ж шкода, што я ўжо ніколі не прачытаю пры сьвятле газоўкі ліст ад сваяка, які заканчваецца так — «пісаў індус з гары Эльбрус, жду атвета, як салавей лета».

Алег Аблажэй, СВАБОДА. Беларуская газэта

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0