Дзяўчынка нудзілася. Дрэвы ў шэрані, неба сівое, а больш нічога не відаць. І сцены белыя, і столь. А галоўнае — ціха, бы вушы ватай набілі.

Снег падаў цяжкімі камякамі. «Як манка», — уздыхнула малая. Разынак у кашы ўжо не засталося. Лядоўня раз-пораз незадаволена булькала ў куце.

За сцяною пачуўся строкат машынкі. Знарок грукаючы, дзяўчынка падцягнула расхістаны зэдлік да акна. Рэбры батарэі апякалі каленкі. Уткнуўшыся кірпатым носам у шыбу, яна гля-дзела на двор. Нікога, ніводнага следу, толькі рабіна чырванее кроплямі ацалелых ягад.

— Ліса, хадзі сюды!

Жанчына разгладжвала адной ёй бачныя зморшчынкі на бязважкай тканіне. У няпэўным святле снежаньскага ранку шклярус на дзіцячай сукенцы пабліскваў бы іней.

— Ай! Мам, ты шпількі не выцягнула.

— Цярпі, казак, — усміхнулася дачцэ. — Нам з табой толькі манжэты засталіся. Ну, усё, падымай рукі!

Яна зноў схілілася над шытвом, насупіўшы бровы. Пацеркі разбягаліся ад іголкі. Перасмыкнуўшы, бы ад холаду, плячыма, паправіла свой грубы цёмны шаль і запаліла лямпу. Пад вачыма залёг блакіт.

Малая ўскараскалася на падваконне. Падыхала на шкло, вывела кучаравую «А». Паглядзела скрозь яе на занесеную дарожку, бы чакаючы кагосьці. Ад няма чаго рабіць ціхенька калупала фарбу на раме.

— Я ўсё бачу. На во, лепей бісер перабяры, перамяшаўся ўвесь.

«Раз, два, тры — сюды, гэтая — туды, вы дзве — да яе таксама», — бязгучна рухаліся вусны; дзіцячыя пальчыкі акуратна аддзялялі круглыя перламутравыя і празрыстыя чырвоныя пацеркі ад россыпу рознакаляровых шкляных.

У дзверы пазванілі — настойліва, працягла. Дзяўчынка схамянулася, зірнула на маму.

— Сядзі, я сама, — уздыхнула тая, адразаючы апошнюю нітку. Яшчэ званок.

— Іду, іду ўжо!.. Ой, праходзьце, калі ласка.

З вітальні пачуўся стук абцасаў і высокі жаночы голас. Малая расчаравана працягвала перабіраць пацеркі, не надта прыслухоўваючыся.

— Управіліся?.. А мая Лілечка так ужо хвалявалася… ну добра, нясіце.

— І хто прыдумаў ялінкі ажно за тыдзень праводзіць, толькі клопат бацькам, ну скажыце? — гучней дадала госця, пакуль маці хавала сукенку ў футарал. Дачка кінула на яе выразны позірк цёмных вачэй. Ёй цётка не падабалася. Калі тая прыйшла ўпершыню, то, агледзеўшы яе з галавы да ног, бы ляльку, задаволена кіўнула:

— Зусім як Лілечка, вам і манекен не спатрэбіцца.

І, схіліўшыся да дзяўчынкі, дастала з бліскучай скураной торбы прымяты мандарын, падала зацягнутай у чорную пальчатку рукой:

— Трымай, зайка.

— Мне нельга, у мяне алергія, — сур’ёзна патлумачыла «зайка».

Зачыніўшы дзверы, жанчына падышла да акна, правяла даланёю па лёгкіх дзіцячых валасах.

— Можаш больш не дзьмуцца, яна пайшла.

Малая спадылба глядзела на замецены двор, падпёршы шчокі. «І сукенка не мне, і ялінку дагэтуль не паставілі…»

— А яны прыедуць?

— Прыедуць. Толькі не сёння, а на нашае Раство. Я ж казала…

— Казала… — надзьмулася дзяўчынка. — Андрэйка, напэўна, без мяне на галаву вырас. А ў Веранікі косы адраслі… Бабці, напэўна, цяжка ўжо яе заплятаць, ручкі баляць, так, мам?

— Аліцыяй будуць цябе дражніць, — не звярнуўшы ўвагі на апошнія словы дачкі, няголасна адказала жанчына, узіраючыся ў штосьці за акном.

— Як заўжды.

— Як заўжды. Ой, глядзі, гіль!

— Дзе? — дзяўчынка ўстала на дыбачкі.

— Ды вунь, на галінцы.

— Бабуля кажа, што гіль — Божая птушачка. Праўда, мам?

— Праўда.

— А манку ён будзе?

Жанчына не адказала — у вітальні зноў пачуўся званок, але званілі не ў дзверы.

Яна зняла слухаўку і пачула ўстрывожаны голас братавай: «Слухай, вы б хоць на паўгадзінкі зайшлі, а?» — «Я Аліску прывяду». — «Ды мы самі зойдзем, малым усё адно ў хаце не сядзіцца. І ты б пайшла, усё між людзей лепей. Мама твая не хацела б…» — «Заходзьце. А я і сама… як-небудзь». — «Ну, добра. І, ведаеш… ёй усё адно трэба сказаць».

— Збірайся, Ліса, чула? І толькі паспрабуй цётцы ляпнуць, што Андрэйку з Веранікай ты любіш больш! — крыкнула дачцэ з вітальні, намагаючыся, каб голас гучаў роўна.

— Ну не, — засмяялася малая. — Я іх проста бачу радзей.

— І птушкам зярнят кінеш, як выйдзеш, добра? А гіль і сам не прападзе — рабіна ўся ў ягадах.

* * *

Дзяўчынка, ружовая ад марозу, бегла па ледзь прысыпанай пяском дарожцы да ганка заснежанага пяціпавярховіка.

— Асцярожней!

— Мама, мама, глядзі, што мне падарылі!

— Ой, цуд які! Ну што, спадабалася табе ялінка ў цёці?

— Спадабалася, — азірнулася тая на невысокую кабету, якая асцярожна крочыла па той жа коўзкай дарожцы.

— Але я па табе сумавала, — ціха дадала малая, схаваўшы тварык ў маміным футры і прашаптала на вуха: — Ты чаму не сказала, што наша бабуля цяпер — як птушка?

Жанчына маўчала, толькі мацней прыціснула дзіця. Братавая спынілася ля рабіны. Трохі вінавата пасміхаючыся, глядзела ўгору:

— Ты паслухай, як прыгожа. Я і не ведала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0