Рух на месцы аварыі грузавога цягніка ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці цалкам адноўлены. Паводле інфармацыі МНС, рамонтныя работы завяршыліся 26 студзеня ў першай палове дня.
Аварыя адбылася 25 студзеня ў 8.14 на 370-м кіламетры перагона Наваельня—Нёман (кірунак Ліда—Баранавічы) у шасці кіламетрах ад гарадскога пасёлка Наваельня. Паводле дадзеных МНС, тры вагоны грузавога цягніка перакуліліся, 27 — сышлі з рэек, пацярпелых не было. У складзе грузавога цягніка знаходзілася 59 парожніх вагонаў з-пад калійных угнаенняў, якія належаць ААТ «Беларуськалій». Састаў рухаўся з Літвы ў Салігорск.
Фота БелТА.
У выніку здарэння адбылася затрымка руху пасажырскіх цягнікоў. Быў наладжаны рух аўтобусаў.
Следства разглядае дзве версіі — няякасны стан чыгуначнага палатна або памылкі машыністаў. Прычыны чыгуначнай аварыі расследуюцца.