Альбэрт Гор

Нобэлеўскую прэмію міру за 2007 год атрымаў былы віцэ‑прэзыдэнт ЗША Альбэрт Гор і Міжнародная група ААН па пытаньнях кліматычных зьменаў.. Сваё рашэньне Нарвэскі нобэлеўскі камітэт матываваў наступным чынам: «За намаганьні пашырэньня ведаў пра штучныя зьмены клімату й прыняцьце крокаў, неабходных для супрацьдзяньня такім зьменам».

Альбэрт Гор нарадзіўся ў 1948 годзе ў Вашынгтоне. З 1993 па 2001 гады працаваў у адміністрацыі Біла Клінтана як віцэ-прэзыдэнт. З 2006 году зьяўляецца прэзыдэнтам амэрыканскага тэлеканалу Current. Зьяўляецца дарадчыкам‑мэнэджэрам кампаніі Google. У 2007 годзе Альбэрт Гор атрымаў Оскар за найлепшы дакумэнтальны фільм. У ягонай стужцы «Нязручная праўда» распавядаецца пра небясьпеку, якую нясе нашай плянэце глябальнае пацяпленьне.

Міжнародная група ААН аб’ядноўвае каля трох тысячаў навукоўцаў: акіянолягаў, кліматолягаў, эканамістаў, дасьледчыкаў ледавікоў і інш.

Кандыдатамі на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі ў галіне міру былі й два беларусы: былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і віцэ‑прэзыдэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH), беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Станіслава Шушкевіча на атрыманьне Нобэлеўскай узнагароды вылучыў экс‑прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса. Лідэр руху «Салідарнасьць» адзначыў дзеяньні Станіслава Шушкевіча па 5 пунктах: за ініцыятыву сустрэчы ў сьнежні 1991 году кіраўнікоў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, якія падпісалі Белавескія пагадненьні, што фактычна замацавалі развал СССР; за актыўны ўнёсак у мірны раскол расейскай каляніяльнай імпэрыі, якая існавала ў выглядзе Савецкага Саюзу; за ўклад у бесканфліктнае пераўтварэньне СССР у незалежныя рэспублікі; за адданасьць прынцыпам міру, дэмакратыі, правоў чалавека й прапаганду гэтых прынцыпаў. Кандыдатуру былога кіраўніка Беларусі падтрымалі шэраг грамадзкіх дзеячаў і палітыкаў з розных краінаў сьвету.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі, паводле ягоных словаў, быў у так званым шорт‑сьпісе найбольш верагодных кандыдатаў. Дарэчы, віцэ‑прэзыдэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека ўжо другі год запар вылучаўся на кандыдатам на атрыманьне прэстыжнай прэміі. Алесь Бяляцкі.

Пачынаючы ад 1901 году, калі была ўстаноўленая Нобэлеўская прэмія ў галіне міру, да гэтага часу яе ўладальнікамі сталі 94 асобы й 19 арганізацыяў. Сёлета кандыдатамі на атрыманьне Нобэлеўскай узнагароды былі 135 асобаў і 46 арганізацыяў.

Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0