Журналіст Вадзім Александровіч выйшаў з Управы БНФ (былая Варвашэні 8) і зразумеў, што за ім сочаць. Супрацоўнікі спэцслужбаў «вялі» яго, ня вельмі хаваючыся.

«Тады я разьвярнуўся, і пайшоў ім насустрач з усьмешкай, каб пагаварыць. Аднак яны гаварыць не хацелі, а патрабавалі паказаць зьмесьціва сумкі і заплечнік.»

ХАЙ ЛЮДЗІ ЎБАЧАЦЬ ВАШЫМІ ВАЧЫМА: зьмясьціце на nn.by Вашы фоты і паведамленьні: [email protected], 29-707-73-29, 29-613-32-32, 17-284-73-29.

Калі міліцыянты ўбачылі ў пакеце газэты «Народная Воля», яны пачалі выхопліваць усё, што там было. Такім чынам яны забралі і некалькі асобнікаў часопісу «Хрысьціянская думка» за розныя гады, нібыта каб спыніць «незаконны распаўсюд». Журналіст «Нашай Нівы», які выпадкова праходзіў побач, паспрабаваў зрабіць фотаздымкі, аднак людзі ў цывільным ледзь не адабралі камэру. Яны не згаджаліся ні аддаць газэты і кнігі, ні аформіць пратакол канфіскацыі. Міліцыянты сказалі, што «дзейнічаюць на падставе загаду забіраць друкаваную прадукцыю». На пытаньне, пры чым тут рэлігійная літаратура, адказалі, што «вельмі хочуць пачытаць». Падчас размовы высьветлілася, што суворую службу нясуць вельмі адукаваныя людзі, якія маюць па дзьве вышэйшыя адукацыі і вельмі цікавяцца хрысьціянствам.

«Я не хацеў аддаваць ім «Хрысьціянскую думку», бо ў іх вачах бачыў хутчэй д’ябла, чым Бога, — кажа Вадзім Александровіч, — аднак яны далі слова, што прачытаюць часопісы. Я вырашыў аддаць, бо так будзе па‑хрысьціянску. Спадзяюся, гэта пойдзе ім на карысьць.»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?