Па-беларуску я размаўляю з дзяцінства, з вёскі. Бабуля з дзядулем карысталіся моваю з элементамі трасянкі, але размаўлялі сакавіта й прыгожа.

Гадоў у 13—14 я пачаў размаўляць па-беларуску асэнсавана, і мне спатрэбіўся некаторы час, каб давесці да ладу валоданне літаратурнаю моваю.

У перыяд 1994—2002 я не жыў у Беларусі і выпаў з кантэксту. Не назіраў увогуле сітуацыі, якая складвалася тут. Вярнуўшыся, я заўважыў зьмены. Дык вось, пра змены.

Яшчэ напачатку 90-х я пачаў заўважаць пэўную тэндэнцыю, якая мяне напружвала і палохала. Тэндэнцыя была вельмі простай — пазбавіцца ад усяго, што яднае нас з «маскалямі». Мне было недзе 13 гадоў, калі я прысутнічаў на нейкай імпрэзе ў Педагагічным інстытуце. Я мусіў кудысьці ехаць пасьля, але спазьніўся на цягнік. Цягнік быў апошнім, таму я вярнуўся да імпрэзы, з намерам заночыць у Менску. Я ўвайшоў у аўдыторыю і жартам вымавіў цытату з вядомага фільма: «Джентельмены, скажите, а поезд уже ушел?» Усе прысутныя тут жа абурыліся наяўнасьцю расейскае мовы ў памяшканьні. Я выбачыўся, але маркер у свядомасці застаўся.

Гэта была прадмова.

Выпаўшы з беларускамоўнага кантэксту на восем гадоў, я вярнуўся ў Беларусь. З беларускаю культураю я не парываў аніколі, але калі ты жывеш у іншай краіне, то пэўная дыстанцыя ўсведамляецца. І вось я вярнуўся. Што я знайшоў? Масу людзей, якія размаўляюць па-беларуску. На дзясяткі, а можа й на сотні разоў болей, чым было ў 1990—93-м. Здавалася б, варта радавацца. Так, часткова варта. Часткова – не. Сярод гэтых тысячаў цяпер шмат людзей, якія забіваюць нашую мову. Яны не хочуць гэтага, яны гэтага не ўсведамляюць, але яны гэта робяць.

Некалі напачатку 90-х у цяперашняй Акадэміі мастацтваў працаваў «Адкрыты ўніверсітэт». Кожны мог прыходзіць на лекцыі па культуры, мове й гісторыі. Я там сустрэўся з нейкім прафесарам, імя якога не памятаю. І ён сказаў: «Ведаеш, беларусы ў Беларусі кажуць «слоік», каб адрознівацца ад расейскага слова «банка», а беларусы на Беласточчыне кажуць «баначка», каб адрознівацца ад польскага «słoik».

Шмат для каго гэта гучыць дзіўна й нязвыкла, але беларуская мова што да лексічнага корпусу багацейшая за расейскую. Так склалася. Нам усё жыццё навязвалі думку, што нашая мова «калгасная», «вясковая» й непрыдатная да паўнавартаснага выкарыстання. Не, гэта не так. Нашаю моваю можна пісаць навуковыя працы, тэхнічную дакументацыю, мастацкую літаратуру. Можна размаўляць зь сябрамі й шаптаць пяшчотныя словы каханай/каханаму ў ложку. Усё з ёю можна рабіць. Гэта проста паўнавартасны інструмент камунікацыі.

Але, на жаль, існуе «феномен неафіта». «Неафіты» — гэта добрыя, цудоўныя людзі, якія толькі што «падышлі да прыпынку». Яны вырашылі перасесці ў іншы аўтобус. Яны цяпер зрабіліся беларускамоўнымі. Гэта цудоўна, але… Усё тут адбываецца згодна з рэлігійным алгарытмам. Адкідваецца ўсё мінулае, прымаецца ўсё новае, праклінаецца ўсё, што мае падабенства да мінулага жыцця.

Мы прызвычаіліся да думкі, што галоўны вораг нашае мовы — сучасная ўлада. Улада, сапраўды, з’яўляецца моцным і дужым ворагам, гэтага не аспрэчыш. Але мова развіваецца не ў дзяржаўным асяродку. Яна развіваецца там, дзе ёю карыстаюцца. На сучасны дзяржаўны лад няма аніякіх спадзяванняў што да развіцьця мовы. Пра гэтых пацукоў у гальштуках можна забыць. Іх не існуе. Іх няма. Пра іх трэба забыць. Мова належыць нам, а не акадэмікам, якія разглядаюць яе як дзіўны мікроб пад мікраскопам. Яны не будуць вучыць нас нашай мове, якой самі не валодаюць. Мова — нашая.

І вось з гэтага выразу пра тое, што «Мова — нашая», вынікае два магчымыя наступствы.

Станоўчае наступства. Мы развіваем мову. Яна жыве й расце бы жывы арганізм. Ёсць добрыя тэндэнцыі — узнікненне новых словаў. Напрыклад, моладзевага слэнгу. Я артадокс і рэтраград, але мяне цешыць, калі я сутыкаюся з цікавымі новымі слэнгавымі словамі. «Патэліць», «прышпільны» і г.д. Я не карыстаюся гэтым і наўрад ці калі буду карыстацца, але я рады, што слэнг існуе. Гэта азнака таго, што мова жывая.

Днямі Севярын Квяткоўскі напісаў пра выпадковае (праз абдрукоўку) ўзнікненне слова «соціць». Выдатна, гэта зрабіла мой дзень. Гэта проста цудоўна. Гэта станоўчы прыклад, вельмі станоўчы.

Адмоўнае наступства. Мы знішчаем мову. Вам, магчыма, будзе смешна, але галоўныя ворагі беларускае мовы — не чыноўнікі і не дзяржава. Галоўныя ворагі — ейныя носьбіты. І тут я паўтаруся пра «феномен неафіта». Неафіты пазбаўляюцца ў мове ўсяго, што ім не падабаецца. Усяго, што супольнае з суседнімі мовамі, найперш з расейскаю.

Беларуская мова багатая коштам сваёй варыятыўнасці, сінанімічнасці ды наяўнасці процьмы адпаведнікаў замежным словам. Па-расейску кажуць «открыть», а мы ўжываем «адчыніць дзьверы», «адкрыць новую зорку», «расплюшчыць вочы», «разгарнуць сшытак». І ўсё гэта адпаведнікі толькі аднаго расейскага слова «открыть».

Мы кажам «алей» і «масла», замест аднаго толькі расейскага «масло». Такіх прыкладаў можна сотні прыводзіць.

Зрэшты, навошта я гэта пішу? Каб вы, сябры мае, пазбавіліся комплексаў. Нам не трэба даводзіць, што мы лепшыя. Трэба проста забыцца на свае комплексы. Так, Расея — найбуйнейшая краіна ў свеце. Але не варта камплексаваць праз гэта. Памятаеце песьню: «Масква ў галаве». Ага, вам усім падаецца, што Кася Камоцкая гэта спявала пра несвядомае насельніцтва Беларусі. Ня толькі. Гэта галоўная праблема нацыянальна-арынтаваных людзей у нашай краіне. «Масква ў галаве». Пра яе трэба забыць. Яе няма. Яна не існуе. Ёсць Беларусь. Пра яе варта думаць, а не пра Маскву ці Варшаву. Іх няма.

А ў беларускай мове ёсць словы «цана», «дом», «дарога», «пуць», «работа», «курыць» і г.д.

А мы расейцам далі словы «тарелка», «вилка». Мы нават іх туды прывезлі. Яны раней пра такое не ведалі.

Шануйце мову. Не збядняйце яе. І кіньце цешыцца на форумах сваёй абазнанасцю. Неабгрунтаваны радыкалізм, які не мае пад сабою падмурку адукацыі, выклікае ў адных смех, а ў другіх млосць. Калі адчуваеце, што яшчэ не дасканала валодаеце моваю – падвучыцеся ў старэшых. Альбо ў маладзейшых, але больш абазнаных.

І калі першае слова што да вашага сподняга, якое вы пачулі, было «майткі», до гэта не адмяняе таго факту, што разам з сучасным паланізмам у беларускай мове ёсць слова «трусы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?