У жылым фондзе Мінска ацяпленне плануецца ўключыць не раней за панядзелак, 15 кастрычніка, паведамілі ў Галоўным вытворчым упраўленні жыллёвай гаспадаркі Мінгарвыканкама.

Тут растлумачылі, што згодна з дзеючымі нарматывамі цяпло ў кватэры будзе пададзена ў выпадку, калі сярэдняя тэмпература знадворнага паветра на працягу 5 дзён не перавышае 8 градусаў цяпла. Такі тэмпературны рэжым трымаецца ўжо трэці дзень.

Устаноўлены тэрмін пяць дзён выбраны не адвольна, а непасрэдна звязаны з будаўнічымі нормамі Беларусі. Ёсць нават такі тэрмін — будаўнічая кліматалогія, які грунтуецца на даных аб сярэднямесячнай тэмпературы знадворнага паветра. У адпаведнасці з разлікамі цеплатэхнічных характарыстык будынкаў, калі сярэднясутачная тэмпература знадворнага паветра на працягу 5 дзён не перавышае 8 градусаў цяпла, то кліматычныя ўмовы ўнутры кватэр становяцца некамфортнымі для жыльцоў. Гэта і з’яўляецца падставай для пачатку ацяпляльнага перыяду.

Такім чынам, калі да панядзелка не пацяплее, то ёсць усе падставы для ўключэння з гэтага дня ацяплення, гавораць спецыялісты. У выпадку прыняцця рашэння аб падачы цяпла ў жылы фонд дамы будуць падключацца паэтапна — па 20 працэнтаў штодзень. Затым батарэі пацяплеюць у грамадскіх і адміністрацыйных будынках. У апошнюю чаргу — у прамысловых прадпрыемствах.

Нагадаем, што ў мінулым ацяпляльным сезоне штомесячная плата за адапакаёвую сярэднестатыстычную кватэру (разлічана па нарматыву) складала Br71876, двухпакаёвую — Br107440, трохпакаёвую — Br141564 і чатырохпакаёвую — Br182888. У гэтым сезоне аплата па жыроўках будзе залежаць ад тэмпературы паветра за акном і адпаведна ад колькасці спажытага цяпла, удакладнілі ў Галоўным вытворчым упраўленні жыллёвай гаспадаркі Мінгарвыканкама.

БелтА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0