«Увядзенне надзвычайнага становішча будзе апошнім крокам Януковіча», — заявіў на круглым стале палітычных і грамадскіх дзеячоў Украіны былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма. Яго цытуе ў сваім твітары журналіст Мустафа Наем.

На пытанне журналістаў, у якім стане мы знаходзімся, Кучма адказаў: «У стане секір-башка». Гэтыя заявы ён зрабіў па завяршэнні круглага стала, арганізаванага Леанідам Краўчуком, у эфіры hromadske.tv.

На думку Кучмы, неабходна выкарыстоўваць тое, што ў абодвух бакоў склалася разуменне неабходнасці зрабіць пэўныя крокі, як, напрыклад, адмяніць скандальныя законы і вярнуцца да Канстытуцыі 2004 года.

Ён таксама закрануў прычын крызісу: «Закручвалі гайкі, закручвалі, і дазакручваліся».

На думку Кучмы, увядзенне надзвычайнага становішча з'яўляецца апошнім крокам для ўлады, што, відавочна, пацягне за сабой кровапраліццё. Кучма заявіў, што пасля гэтага пытанне цэласнасці краіны ўжо будзе пад пагрозай.

Улічваючы, што ў гісторыі Украіны НС яшчэ не ўжывалася, Кучма выказаў сумнеў, што Януковіч гатовы ўвайсці ў гісторыю такім чынам.

«Мы ж усе разумныя людзі і трэба неяк дамаўляцца», — падсумаваў Леанід Кучма на аптымістычнай ноце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0