Уразіў фрагмент гутаркі Вольгі Гарапучык з Аляксандрам Варламавым, дзе мадэльер распавядае пра сваё расчараванне паводзінамі людзей, з якімі меў да арышту нармальныя (пэўна ж, з кім-нікім і сяброўскія) стасункі і якія ў сітуацыі апалы ды асуджэння не знайшлі ў сабе волі і жадання ні заступіцца, ні хаця б маральна чалавека падтрымаць.

Высокапастаўленыя чыноўнікі, міністры, навукоўцы — усіх, як выцякае з інтэрв'ю, быццам карова ўвадначас з акружэння падазраванага языком злізала.

Не з чужых словаў знаёмая гісторыя. Адно што персанажы розныя. У маім выпадку — не такім, канечне, брутальным, як у Варламава, а ўсяго толькі (!) звязаным з непрацягненнем кантракта на выкладчыцкую працу ва ўніверсітэце, — гэта таксама не цеслі з даяркамі былі: рэктар і прарэктар, людзі з вучонымі ступенямі, адзін з якіх, даўно ўжо пенсіянер, дарэчы, па сённяшні дзень ў даважак да асноўнае працы праўладным грамадскім аб’яднаннем рэгіёна кіруе. Калегі па кафедры, дактары ды кандыдаты навук, з якімі калі і не пуд солі разам давялося за 20 год з’есці, дык пару кіло — дакладна. Увогуле, неблагія людзі, не якія-небудзь там кандовыя фантамасы ці сабакевічы, прыязныя, таварыскія, на першы погляд, асобы, класічных твораў літаратуры ды мастацтва аматары-прыхільнікі. Інтэлігенцыя, словам.

Кампліментамі любага калегу напярэдадні звальнення засыпалі, абурэннем заходзіліся, а да справы дайшло — быццам вады ў рот, восьмы дзясятак некаторыя размяняўшы, набралі. А тым часам не так ужо каб ад немінучае нэндзы і голаду праз маўчанне тое ратаваліся: і гірсу, калі і елі яе, дык не апошнюю, і жмыхам яблычным наўрад харчаваліся. Дый што пра запаветы Божыя чуць да тае пары не чулі — ніяк не скажаш. Статус інтэлігентаў разам з дыпломам аб вышэйшай адукацыі набылі, а ўрокі інтэлігентнасці пры гэтым вывучыць, гэтаксама як і досведам інтэлігентаў-папярэднікаў узбагаціцца, відаць, не парупіліся.

Пісьменніку і навукоўцу У.Арсенневу, аўтару знакамітага твора «Дэрсу Узала», падчас навукова-даследчых экспедыцый па таёжным краі не да дэманстравання інтэлігенцкасці было: і спаць у вопратцы нярэдка выпадала, і харчавацца не за сталом, абрусам чысцюткім накрытым, даводзілася. Але калі надарыўся выпадак, што трэба было ўнаначкі пайсці да суайчынніка, які тубыльцаў крыўдзіў, — катэгарычна чалавек адмовіўся. І аднае ночы на дывідэнды ад хаўрусаванння з д’яблам не пажадаў ахвяраваць, бо быў інтэлігентам.

Дакараць кагосьці ў часы, калі паўсюль што ні дзея, то свінства і момант рызыкі як вынік узвядзення таго свінства ў ранг афіцыйнае ідэалогіі рогамі паўстае, — тое самае, што, як казала Како Шанэль, займацца космасам замест таго, каб забяспечыць усіх больш-менш прыстойнымі прыбіральнямі. Не ў дакаранках справа. А ў дэфармацыі свядомасці — захворванні, што і не заўважыш, як з фазы лёгкага функцыянальнага адхілення ад нормы ў стан арганічнага пяройдзе. Што ўжо, як сведчыць прыклад таго ж Варламава, ды і шматлікія іншыя прыклады, і адбываецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?