Дорыс Лесінг захаплялася камунізмам, фэмінізмам, пасьля суфізмам, была пэрсона нон грата ў краінах апартэіду, але перадусім яна заўжды заставалася пісьменьніцай і ня можа жыць безь пісаньня. Падрабязная творчая біяграфія пісьменьніцы.

Брытанская пісьменьніца Дорыс Лесінг, ляўрэатка Нобэлеўскае прэміі гэтага году, лічыцца аўтаркай-фэміністкай. Другая вялікая тэма яе творчасьці, апроч жаночай, — гэта жыцьцё Паўднёвай Афрыкі, дзе прайшло маленства пісьменьніцы, гэта расізм і сацыяльная няроўнасьць. Але Лесінг піша яшчэ і навуковую фантастыку.

Паведамленьне пра ўручэньне нобэлеўскай узнагароды знайшло пісьменьніцу ў супэрмаркеце. У свае 87 гадоў яна яшчэ сама езьдзіць на закупы. З крамы дахаты яна паехала на таксоўцы, пад дзьвярыма — яна жыве пад Лёнданам — яе ўжо чакалі фотарэпарцёры. «30 гадоў цягнулася, — сказала яна. — Я атрымала ўсе ўзнагароды ў Эўропе да адной — усе гэтыя чортавы ўзнагароды. Я вельмі радая. Нобэль — як каралеўскі вянец, як покер у картах».

А што вы думаеце пра гэта?
Зьмясьціце свой камэнтар
да гэтага артыкулу.
Хай людзі вас пачуюць!

Лесінг — 11-я жанчына-пісьменьніца, якая атрымлівае Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Лесынг найстаршая з усіх уганараваных. “Яна сто працэнтаў заслугоўвае», — падсумаваў Умбэрта Эка.

Яе самыя вядомыя кнігі — «Лета перад зьмярканьнем» (1973), «Успамін выжываньня» (1975), «Пятае дзіця» (1988) i «Падарожжа Бэна» (2000). 10 сьнежня яна атрымае ў Стакгольме ўзнагароду Швэдзкай акадэміі (1,54 млн даляраў) з рук караля Карла Густава XVI.

Лесінг у асноўным піша творы на псыхалягічна-пабытовыя тэмы.

Яна нарадзілася ў Пэрсіі, цяперашнім Іране — яе бацька працаваў у горадзе Керманшах (цяпер гэта горад памерам з Гомель), у тамтэйшым аддзяленьні Imperial Bank, а маці была мэдсястрой. Аднак усё сваё сьвядомае дзяцінства і маладосьць пісьменьніца прабыла ў Паўднёвай Радэзіі, бо ейная суворая матка ў 1925 годзе, насуперак волі мужа, пастанавіла пераехаць жыць на кукурузную плянтацыю.

Творчасьць Лесінг падзяляецца на тры этапы: цікавасьць да камунізму (1944—1956), калі яна пісала радыкальныя тэксты на сацыяльныя тэмы (яна вернецца да гэтых тэмаў у «The Good Terrorist» («Добрая тэрарыстка»), 1985, кнізе пра 14-гадовую рэвалюцыянэрку); псыхалягічныя матывы з фэміністычнаю афарбоўкаю (1956—1969), і ўрэшце захапленьне суфізмам (містычна-аскетычнай плыньню ісламскага вучэньня), што галоўным чынам адлюстравалася ў цыкле пяці ейных фантастычных раманаў «Canopus in Argus. Archives» (1979-83). Лесінг вельмі высока цэніць гэтыя апошнія творы, крытыкі з аўтаркай не пагаджаюцца. Суфізмам Лесінг зацікавіў аўганска-індыйска-шатляндзкі пісьменьнік Ідрыс Шах (Idries Shah).

Хаця Лесінг была не з каталіцкай сям’і, у маленстве яна хадзіла ў школу пры манастыры, і ёй урэзалася ў памяць, як манашкі страшылі яе пеклам. З 13-ці гадоў яна занялася самаадукацыяй. Ад ня вельмі шчасьлівага дзяцінства уцякала ў чытаньне — зь Лёндану прыходзілі пасылкі з кнігамі: Дыкенс, Скот, Стывэнсан і Кіплінг. У 15 гадоў яна пакінула сям’ю, пайшла ў наймы пакаёўкай. Гаспадар даваў ёй чытаць кнігі на тэмы палітыкі і сацыялёгіі, а гаспадароў швагер наведваў яе ў ложку. Тады яна пачала пісаць, дасылала тэксты ў газэты. У 1937 г. яна пераехала ў Солсбэры, сталіцу Паўднёвай Радэзіі, працавала тамака тэлефаністкаю. У 19 гадоў яна пабралася шлюбам з Фрэнкам Вісдамам. Ад яго яна народзіць дваіх дзяцей.

Празь некалькі гадоў у пракамуністычным Left Book Club-е яна пазнаёміцца з Готфрыдам Лесінгам (у будучыні — паслом Нямеччыны ў Угандзе), сваім другім мужам, якому нарадзіла сына. Дорыс Лесынг канчаткова расчаравалася ў камунізьме толькі ў 1956 годзе, калі была задушаная вугорская рэвалюцыя.

Яна дэбютавала раманам «The Grass Is Singing» («Трава сьпявае») (1949), экранізаваным у 1981 годзе. Гэта гісторыя белай афрыканкі, якая пабралася зь фэрмэрам, не кахаючы яго. Пасьля таго як іхнае супольнае жыцьцё (як эмацыйнае, так і фінансавае) вычэрпвае сябе, жанчына сыходзіцца з сваім чорным служкам. Пасьля выхаду кнігі ў Лёндане Лесінг адразу ж пераехала з сынам у Эўропу.

Свае ўражаньні ад жыцьця ў Афрыцы яна апісала ў напаўаўтабіяграфічнай сэрыі «Children of Violence» («Дзеці гвалту») (1952-65), якая складаецца зь пяці раманаў. Пішучы пра афрыканскае сутыкненьне культураў, пра сацыяльную несправядлівасьць і расізм, а таксама пра канфлікт паміж прыватнымі памкненьнямі чалавека й ягонаю грамадзкай сьвядомасьцю, выклікала незадавальненьне ўладаў Паўднёваафрыканскай Рэспублікі i Паўднёвае Радэзіі, у якіх расізм быў дзяржаўнай ідэалёгіяй. У 1956 г. гэтыя краіны абвесьцілі Лесінг пэрсонай нон грата. У ПАР Лесінг трапіла толькі ў 1995 г., каб сустрэцца з дачкою і ўнукамі. Вядома, у той час яе ўжо славілі за тое, за што раней пракліналі.

Цэтлік фэміністычнай пісьменьніцы прыклеіўся да яе пасьля выхаду «The Golden Notebook» («Залаты нататнік») (1962), хаця сама Лесінг ня любіць калі яе называюць фэміністкай. У гэтым руху яе адштурхоўвае палітызацыя. Тая кніга была наратыўным экспэрымэнтам. Яе гераіня, пісьменьніца Ганна Вульф, якая сама выхоўвае дачку, запісвае зататкі з уласнага жыцьця ў чатырох нататніках: у чорным — аб свіам афрыканскім досьведзе, у чырвоным — пра палітыку, у жоўтым — прыдумкі на тэмы самой сябе, а блакітны — успаміны. Пяты — той самы залаты, вынесены ў загаловак, — павінен стаць экзыстэнцыйным сынтэзам.

«Пятае дзіця» — не настолькі фундамэнтальная праца. Гэта вытрыманая ў стылістыцы фантастыкі жахаў гісторыя сям’і, ідылічнае шчасьце якой руйнуе нараджэньне пярэваратня Бэна. «Падарожжа Бэна» было яе працягам, у якім безаглядная любоў маці да Бэна прывяла да распаду сям’і. Бэн падрастае, доля закідвае яго на поўдзень Францыі, у Бразылію, нарэшце ў Анды, дзе ён адкрывае сваё паходжаньне.

Гераіня «Гадоў перад зьмярканьнем» — кабета ў гадах (дарослыя дзеці, муж — вядомы нэўроляг), жыцьцё якой мяняецца пасьля выезду ў якасьці перакладчыка на міжнародную канфэрэнцыю, а гераіня «Успамінаў выжываньня» (у 1981 г. у фільме па матывах твору яе іграла Джулі Крысьці), гледзячы з вокнаў сваёй кватэры на горад, апанаваны вулічнымі гангамі, пераносіцца (ня толькі ў сваім уяўленьні) у далёкае мінулае.

Калі ў 80-я гады папулярнасьць Лесінг аслабла, тая — хочучы праверыць, якое значэньне мае прозьвішча пісьменьніцы — напісала раман пад псэўданімам Джэйн Сомэрс. Выдавец Лесінг кнігу выдаваць адмовіўся, але іншае выдавецтва яе апублікавала, ды яна займела посьпех толькі калі Лесінг прызналася ў сваім аўтарстве.

БЯЗ ВАС — НІЯК
Сайт nn.by робіцца на Вашы грошы. Ахвяраваньне можна перавесьці ў любым аддзяленьні банку, на любой пошце. На банкаўскай квітанцыі ў графе «Від плацяжа» трэба пазначыць: «Ахвяраваньне за Інтэрнэт». У графе: «Атрымальнік плацяжа» трэба пісаць: ПВУП «Суродзічы», УНП 190786828. У графе «Найменаваньне банку» трэба пісаць: «МГД ААТ «Белінвестбанк», вул.Калектарная, 11, Мінск, код 764». У графе «Рахунак атрымальніка» — 3012206280014. Пры перасылцы грошай па пошце тое самае трэба пісаць у рубрыках «Каму» і «Куды».
Раздрукаваць банкаўскую квітанцыю (pdf-файл 38Кб, A4).

У Лесінг ёсьць таксама кніга пра яе ўлюбёных катоў.

Сама Лесінг любіць прозу XIX стагодзьдзя за яе, яна выражаецца, «дух асуджэньня паводзінаў". Калі ў 1996 годзе выйшаў яе раман «Love Again» («Ізноў каханьне») (пра закаханую 65-гадовую жанчыну), яна тры з паловаю месяцы правяла ў сусьветным турнэ, рэклямуючы гэтую кнігу. Вынікам была глыбокая фрустрацыя: «Я казала выдаўцам, што лепей бы я сядзела ўдома і пісала наступны твар, але мяне не паслухаліся». Яшчэ праз год яна напісала лібрэта да опэры кампазытара Філіпа Гласа «The Marriages Between Zones Three, Four and Five» («Шлюбы паміж зонамі тры, чатыры, пяць»), прэм’ера якой адбылася ў Гайдэльбэргу. Пасьля выхаду ў 1999 г. кнігі «Мара і Дам" (футурызм пра дваіх дзяцей, што жывуць у новы ледавіковы пэрыяд) яна прызналася: «Я надта люблю пісаць. Як сканчаю кнігу, мне смутна робіцца. Пісаньне вызваляе мой розум».

Яна адмовілася прыняць тытул Дамы Брытанскай Імпэрыі, бо, на яе думку, Брытанскай Імпэрыі не існуе. Атрымала мноства прэміяў, напрыклад у 2001 годзе Прэмію Прынца Астурыйскага. Яна жыве ў прадмесьці Лёндану Гемпстэд і мае сваю старонку ў інтэрнэт-зоне MySpace. Апошнім часам яна трохі недачувае, дактары тлумачаць гэта наступствамі дзеяньня антымалярыйных таблетак, якія яна прымала яшчэ маленькай. Яе брат аглух ў 20 гадоў.

Яе апошні раман «The Cleft» («Вілка») (2007) апавядае пра старога рымскага сэнатара, які стараецца апісаць пачаткі чалавецтва — прадаўную супольнасьць жанчынаў, якія абыходзяцца без мужчынаў. Нават у мацярынстве — нараджаюць толькі дзяўчатак, але раптам на сьвет прыходзіць хлопчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?