За мінулы год КДК распачаў 310 крымінальных справаў паводле вынікаў праверак банкаў ды іх кліентаў. 164 зь іх — за выманьваньне крэдытаў. Пра гэта Нацбанк паінфармаваў камэрцыйныя банкі краіны адмысловым лістом.
КДК выявіў каля 32,5 млрд руб. незаконна атрыманых крэдытаў. Таксама ў 2005 г. камэрцыйныя банкі правяраў і Нацбанк. Ён зладзіў 14 праверак — у Белаграпрамбанку, Белзьнешэканамбанку, «Прыёрбанку», Белінвэстбанку, а таксама ў банках-рэзыдэнтах свабодных эканамічных зон.
Парушэньні знойдзеныя таксама ў крэдытнай сфэры, пры апэрацыях з каштоўнымі паперамі, пры ўліку актываў, пры адлюстраваньні памеру ўласнага капіталу банкаў.
Шмат банкаў з правераных не стварылі службы маніторынгу рызыкаў.
Толькі па выніках комплекснай праверкі Белаграпрамбанку было распачата 45 крымінальных справаў. Праблемы — у «Джэм-банку», «Міжгандальбанку», «Белінвэстбанку».
Цяпер у Беларусі функцыянуе 30 камэрцыйных банкаў. На долю шасьці буйнейшых банкаў — Беларусбанку, Белінвэстбанку, Белпрамбудбанку, Белагрампрамбанку, Белзьнешэканамбанку і Прыёрбанку (адзінага недзяржаўнага ў гэтым сьпісе) прыпадае каля 90% валавых актываў усёй банкаўскай сыстэмы. У Беларусі няма філіяў замежных банкаў, усе банкі, што дзейнічаюць у краіне, – рэзыдэнты Беларусі. У кожным банку ў назіральную раду ўваходзіць сябра ўраду, хоць гэта парушае прынцып таямніцы банкаўскіх апэрацыяў.
На бягучы год беларускім банкам даведзена заданьне павялічыць аб’ём крэдытаў у рублях для прадпрыемстваў прамысловасьці й сельскай гаспадаркі на 50% (да 2 трлн 700 млрд руб.), бо практыка прыцягненьня замежных інвэстыцыяў у Беларусі фактычна замарожаная.