Прэса ахвотна падхапіла каменьчык, кінуты ўчора Лукашэнкам у пэрсанальны гарод расейскага прэзыдэнта: маўляў, фармуецца культ асобы Пуціна і ўсё такое. Меней зьвярнулі ўвагі на ацэнку расейскай выбарчай сыстэмы. Між тым фраза пра "дзікую" сыстэму парлямэнцкіх выбараў паводле партыйных сьпісаў мае практычную праекцыю на беларускія рэаліі.

Мне і раней даводзілася зазначаць, што беларускі афіцыйны кіраўнік, мяркуючы па ўсім, насьцярожана ставіцца да ідэі стварэньня прапрэзыдэнцкай партыі і пераходу да мадэлі кіраванай дэмакратыі на расейскі ці казахстанскі ўзор. Падобна на тое, што такі сцэнар даўно прапануецца прыўладнымі паліттэхнолягамі і мае сваіх прыхільнікаў у атачэньні. Аднак Лукашэнка добра памятае загніваньне КПСС. Не выпадкова ўчора прагучала: "Я вельмі перажываю, каб Расея не скацілася ў савецкія часы, калі ўсе ўскоквалі, крычалі "Слава КПСС!" і "Ура!".

Замяніце "Расея" на "Беларусь" — і зразумееце ход думкі.

Звыш таго, ідэалёгія ягонай асабістай улады трымаецца на дэкляраваньні сакральнай наўпроставай сувязі харызматычнага Бацькі з народам. Прамежкавыя зьвёны разбураюць гэтую схему. І потым, любая гульня такога кшталту вымагае дэлегаваньня, хай сабе і сымбалічнага, часткі паўнамоцтваў. Няма чаго!

На ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка наўпрост выказаўся за мажарытарную сыстэму выбараў у парлямэнт: "Я лічу, што ў кожнай акрузе мусіць быць канкрэтны дэпутат, адказны перад сваімі выбарцамі. А сьпісы такой магчымасьці не даюць".

Рэзюмэ: наступныя парлямэнцкія выбары найхутчэй што пройдуць бяз тых экспэрымэнтаў (зьмешаная сыстэма і г.д.), што сталі актыўна прагназавацца ў зьвязку зь нядаўнім фарсаваным стварэньнем структураў "Белай Русі". Напэўна будзе запушчаны стары выпрабаваны мэханізм. Так што плян апазыцыі ладзіць кампанію на грунце агульнанацыянальнага сьпісу паводле прынцыпу "адзін дэмакратычны кандыдат на акругу" можа аказацца адэкватным. Тэарэтычна. Бо на практыцы шэраг структур ды асобаў маюць намер гуляць самі па сабе.

Іншая рэч, што пры адкатанай сыстэме мажарытарных выбараў уладам прасьцей прысьпешыць кампанію — перанесьці на сакавік.

Зрэшты, яе вынік для апазыцыі будзе вызначацца ня тэрмінамі і ня складам вылучэнцаў, а найперш тым, ці вырашаць улады хоць сымбалічна, дзеля блізіру, пазначыць у парлямэнце нейкі плюралізм. Выглядае на тое, што надта не разгоняцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?