Незалежнае тэлебачанне ў Расіі пад пагрозай знішчэння. Адзінаму ў краіне прыватнаму інфармацыйнаму тэлеканалу «Дождь» перакрываюць паветра — яго адключае найбуйнейшы аператар Расіі, паведамляецца на сайце тэлеканала.

Чарговы партнёр тэлеканала, з якім была заключана дамова, — «Трыкалор ТВ», найбуйнейшы аператар Дождя ў Расіі, дзякуючы якому эфір бачылі мільёны людзей, у аднабаковым парадку спыняе супрацоўніцтва з тэлеканалам. Тым самым «Дождь» пазбаўляецца асноўнай сваёй тэлевізійнай аўдыторыі.

Заўтра, 4 лютага, у 12:00 (паводле Мінска) у прамым эфіры Дождя пройдзе спецыяльная прэс-канферэнцыя генеральнага дырэктара тэлеканала Наталлі Сіндзеевай і інвестара тэлеканала Аляксандра Вінакурава.

«Мы вядзем барацьбу за сумленнае тэлебачанне, за права журналістаў выконваць свой прафесійны абавязак ўжо чацвёрты год, але ў апошнія дні мы сутыкнуліся з падрыхтоўкай праз іншыя СМІ грунту для знішчэння Дождя. Мы лічым, што пазбаўленьне нас доступу да нашай аўдыторыі з'яўляецца грубейшым парушэннем прынцыпаў свабоды слова так, як іх ўспрымае ўвесь цывілізаваны свет», — гаворыцца ў звароце журналістаў.

Пачынаючы з 29 студзеня, тэлеканал Дождь у Расіі адключылі ад эфіру наступныя аператары: Эр-Тэлекам (сетка Дом.ру), Акадо, НТВ-Плюс, Ростелеком (брэнды OnLime і Тваё ТВ), Білайн ТВ і Кантынент ТВ.

Вяшчанне тэлеканала даступна на сайце tvrain.ru, а таксама ў рэгіянальных аператараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?